Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 29 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 29 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Сухапутныя войскі паказалі працу ўкраінскіх артылерыстаў.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ/Facebook

Паводле аператыўных звестак Генеральнага штабу ЗСУ, цягам апошніх содняў расейскія войскі не спынялі наступальных дзеянняў у зоне Усходняй аперацыі з мэтай устанаўлення поўнага кантролю над Данецкай і Луганскай вобласцямі, але гэтыя атакі былі адбітыя. Пры гэтым з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 30150 чалавек забітымі. Паведамляецца, што ў анексаваным Крыме спынілі прыём мірных жыхароў у шпіталях, каб вызваліць месцы для параненых расейскіх вайскоўцаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпэўнены, што яго краіна выйграе вайну з Расеяй, і заявіў, што будзе лічыць перамогай поўнае аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а «план мінімум» – вяртанне тэрыторый да 24 лютага. Пры гэтым Зяленскі заявіў, што для спынення гэтай вайны яму дастаткова сесці за перамовы з адным чалавекам – прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Аднак прэзідэнт Украіны лічыць, што перамовы будуць немагчымы, пакуль Украіна не верне тэрыторыю, якую яна трымала да 24 лютага, калі адбылося ўварванне.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі расказаў пра «план мінімум» для перамогі Украіны
2022.05.28 22:02

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц правялі тэлефонную размову з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, якая была прысвечаная вайне ва Украіне. Заходнія лідары зноў настойвалі на правядзенні перамоваў паміж Масквой і Кіевам пры шанаванні суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Акрамя гэтага яны зноў запатрабавалі спынення агню. Таксама яны заклікалі Пуціна вызваліць каля 2500 абаронцаў «Азоўсталі», захопленых расейскімі войскамі, і разблакаваць порт Адэсы.

Паводле polskieradio24, Украінскія вайскоўцы атрымалі ад Польшчы 18 сучасных самаходных гаўбіц «Krab». Таксама польскія адмыслоўцы падрыхтавалі сто ўкраінскіх артылерыстаў для працы з гэтай тэхнікай. У сваю чаргу Нямеччына і Нідэрланды заявілі, што таксама перададуць 12 штук, але ў Берліне тлумачаць, што экіпажы для эксплуатацыі іх «Panzerhaubitzen 2000» яшчэ праходзяць рыхтаванне, і дата экспарту тэхнікі ва Украіну пакуль невядомая.

Hавiны
Польшча перадала ўкраінскім вайскоўцам артылерыйскія сістэмы
2022.05.29 18:57

У Літве мясцовае тэлебачанне «Laisvės TV» сабрала неабходныя 5 мільёнаў еўра для пакупкі «Байрактара», які перададуць украінскім вайскоўцам. Ініцыятарам збору грошай быў журналіст Андрус Тапінас. Цяпер «Laisvės TV» абяцае пералічыць сабраныя грошы Міністэрству абароны, прадстаўнікі якога на наступным тыдні адправяцца ў Турцыю для перамоваў і падпісання пратаколу аб намерах.

Hавiны
Літоўскае тэлебачанне «Laisvės TV» сабрала € 5 млн на «Байрактар» для Украіны
2022.05.29 12:50

Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсоншчыны Кірыл Стрэмавусаў заявіў, што рэферэндуму пра далучэнне да РФ сёлета, імаверна, не будзе, але рашэнне аб ім можа быць прынятае «да наступнага году». Паводле Стрэмавусава, зараз прыярытэтная задача − «навесці парадак у Херсонскай вобласці».

Расейскія СМІ паведамляюць, што краіна плануе накіраваць у акупаваную частку Запарожскай вобласці выязныя брыгады свайго МУС для раздачы пашпартоў. Нагадаем, некалькі дзён таму Пуцін падпісаў указ пра спрошчанае наданне грамадзянства РФ жыхарам Херсонскай і Запарожскай вобласцяў.

Разам з тым у гарадскім парку акупаванага расейцамі Мелітопалю Запарожскай вобласці адбылася праўкраінская акцыя, на якой мясцовыя жыхары спявалі дзяржаўны гімн Украіны. Раней пра намер правесці ў горадзе мірную праўкраінскую акцыю 29 траўня заяўляў рух «Жовта стрічка». Праўда, дакладнае месца правядзення акцыі не ўказвалася, а былі пазначаныя толькі дата і час. Аднак людзі ўсё адно змаглі сабрацца.

Віцька Кавалак belsat.eu

Стужка навінаў