Генеральная пракуратура прапанавала прызнаць тэрарыстычнай арганізацыю «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» і забараніць яе дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, паведаміла афіцыйная прадстаўніца ведамства Анжаліка Курчак.
Адпаведную заяву генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны Суд.
Паведамляюць, што арганізацыя была створаная ў верасні 2020 года пад кіраўніцтвам грамадзяніна Нямеччыны 1986 года нараджэння, а мэтай яе дзейнасці Генпракуратура называе аб’яднанне радыкальна настроеных грамадзянаў для ўдзелу ў акцыях з гвалтоўнаю зменаю дзяржаўнай улады і тэрактах у Беларусі.
У тэлеграм-чатах і каналах падпісантаў нібыта навучалі правілам збору самаробных выбуховых прыладаў і тактыцы сілавога супрацьдзеяння сілавым структурам.
«Кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі гэтай структуры прыступілі да беспасярэдняга здзяйснення актаў тэрарызму для дэстабілізацыі грамадскага парадку, аказання гвалтоўнага ўздзеяння на органы ўлады», – сказала Анжаліка Курчак.
Таксама Курчак паведаміла, што па фактах здзяйснення сябрамі арганізацыі тэрактаў пачатыя і расследуюцца крымінальныя справы паводле артыкулаў 289 («Акт тэрарызму») і 359 («Акт тэрарызму ў дачыненні дзяржаўнага або грамадскага дзеяча») Крымінальнага кодэксу.
АД, belsat.eu