«Мусяць паважаць суверэнітэт». Дэпутаты пагадзіліся на стварэнне ў Беларусі сумесных з Расеяй баявых цэнтраў


Палата прадстаўнікоў 28 чэрвеня ўхваліла ратыфікацыю пагаднення аб стварэнні беларуска-расейскіх вучэбна-баявых цэнтраў, паведамляе Telegram-канал палаты. У дакуменце прапісаны ўзаемны абавязак вайскоўцаў паважаць суверэнітэт краіны, у якой яны знаходзяцца.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін распавёў дэпутатам пра пагадненне аб сумесных з Расеяй вучэбна-баявых цэнтрах. Менск, Беларусь. 28 чэрвеня 2023 года.
Фота: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу / Telegram

Законапраект аб ратыфікацыі пагаднення ўхвалілі 96 галасамі за, супраць не выступіў ніхто, адзін дэпутат не галасаваў. Дакумент прадугледжвае стварэнне ў Беларусі і Расеі сумесных вучэбна-баявых цэнтраў.

Палата прадстаўнікоў ухваліла ратыфікацыю пагаднення з Расеяй аб вучэбна-баявых цэнтрах амаль аднагалосна. Менск, Беларусь. 28 чэрвеня 2023 года.
Фота: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу / Telegram

Міністр абароны Віктар Хрэнін, рэпрэзентуючы пагадненне Палаце прадстаўнікоў, паведаміў, што асноўныя задачы гэтых цэнтраў – сумесная баявая падрыхтоўка, дзяжурства вайсковых кантынгентаў бакоў, абмен досведам ды ўніфікацыя баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў.

Дзяржава, якая прымае вайскоўцаў суседняй краіны, будзе за свой кошт забяспечваць іх усім неабходным, дадаў Хрэнін.

Пра «павагу да суверэнітэту» асобна заявіў старшыня пастаяннай камісіі ў міжнародных справах Андрэй Савіных:

«Бакі дамовіліся, што асабовы склад вайсковага кантынгенту боку, што накіроўвае, абавязаны паважаць суверэнітэт і выконваць патрабаванні заканадаўства боку, што прымае, і ўстрымлівацца ад любых дзеянняў, несумяшчальных з палажэннямі гэтага пагаднення».

Пра стварэнне ў нашай краіне вучэбна-баявых цэнтраў у леташнім сакавіку дамовіліся Мінабароны дзвюх краінаў. Паведамлялася, што ў Беларусі будзе два такіх аб’екта.

Каментар
Андрэй Казакевіч: Пад выглядам вучэбна-баявых цэнтраў Расея стварае ў Беларусі вайсковыя базы
2023.02.02 07:02

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў