Польскі генерал: Добраахвотнікі могуць пайсці ў Беларусь, і гэта выкліча паўстанне


Генерал Вальдэмар Скшыпчак (Waldemar Skrzypczak), які раней камандаваў сухапутнымі войскамі Польшчы, каментуючы ў эфіры «Polsat News» рэйд расейскіх добраахвотнікаў у складзе ЗСУ ў Белгародскую вобласць РФ, заявіў, што такія акцыі могуць адбыцца і на тэрыторыі Беларусі.

Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемай палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі Андрэя Корсака. Кіеўская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Калі ўкраінскі контрнаступ будзе паспяховым, то тыя ўзброеныя беларусы, якія складаюць частку вайсковага патэнцыялу ўкраінскага войска, не складуць зброі. Яны адправяцца ў Беларусь. Я спадзяюся, што гэта выкліча паўстанне ў Беларусі, гэтага Лукашэнка баіцца», – сказаў генерал.

Паводле Вальдэмара Скшыпчака, Польшчы трэба рыхтавацца да паўстання ў Беларусі і не спаць у гэты час:

«Трэба быць гатовым падтрымаць тыя атрады, якія будуць весці аперацыю супраць Лукашэнкі. У нас ёсць прычыны дапамагаць ім, як мы дапамагаем украінцам».

На думку генерала, беларускі народ падтрымае беларускіх добраахвотнікаў «і з энтузіязмам пойдзе супраць Лукашэнкі». У рэжыму «няма такога вайсковага патэнцыялу, каб перадухіліць такое паўстанне».

«Расея яму мала дапаможа, бо ў яе будуць свае праблемы», – дадаў ён.

Не выключае Скшыпчак, што ў выпадку паўстання можа здарыцца масавы выезд беларусаў Польшчу, «і да гэтага трэба быць гатовым».

Аналітыка
Навошта ладзіўся прарыў у Белгародскую вобласць і ці можа сітуацыя паўтарыцца ў Беларусі?
2023.05.23 19:13

Раніцай 22 траўня на тэрыторыю Грайваронскага раёну Белгародскай вобласці з тэрыторыі Украіны прарваўся дыверсійны атрад, у выніку чаго цягам дня адбываліся баі ў раёне паселішчаў Грайваран, Дронаўка, Глотава, Казінка і Гора-Падол. Агулам баявыя дзеянні ў рэгіёне ахапілі тэрыторыю 30 квадратных кіламетраў. Расейскія сілавікі не здолелі разбіць невялікі дыверсійны атрад цягам 22 траўня і толькі ў другой палове дня 23 сакавіка абвесцілі пра сваю перамогу.

Адказнасць за рэйд у Белгародскай вобласці ўзялі на сябе Расейскі добраахвотніцкі корпус і легіён «Свабодная Расея», якія ваююць на баку Украіны. Дакладная колькасць фармаванняў не вядомая, але са словаў саміх байцоў – у «РДК» і Легіён уваходзіць у кожны пара соцень чалавек. Праўда, непасрэдна ў прарыве ў Белгародскую вобласць, найхутчэй, удзельнічала нашмат менш добраахвотнікаў.

У складзе ЗСУ ёсць і беларускія фармаванні: полк Кастуся Каліноўскага, Беларускі добраахвотніцкі корпус, полк «Пагоня».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў