У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных і культурных дзеячаў, навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладнікі, крытыкі. Да гэтай трагічнай даты беларусы запланавалі багата імпрэзаў у шмат якіх краінах.
Штогод 29 і 30 кастрычніка беларусы ладзяць вечары памяці ахвяраў рэпрэсіяў. Расстрэл дзяржаўных і культурных дзеячаў ды навукоўцаў у тую ноч у 1937 годзе стаў самаю трагічнаю падзеяй у маштабным пераследзе нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Былі забітыя 108 асобаў: паэты, празаікі, перакладнікі, крытыкі.
«Белсат» сабраў анонсы імпрэзаў, што запланавалі беларусы да гэтай трагічнай даты. Уваход усюды вольны, дзе-нідзе трэба рэгістрацыя.
28 кастрычніка а 18:00 паводле Менску
Сустрэча ў «Zoom» з чытаннем вершаў рэпрэсаваных паэтаў па-беларуску і па-партугальску. Уся інфармацыя і рэгістрацыя – тут. А тут – вершы, што будуць чытацца, у тым ліку іх пераклады.
29 кастрычніка а 22:00 паводле Менску
Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы таксама ладзіць спатканне ў «Zoom». «На сустрэчы можна будзе прачытаць вашыя любімыя вершы рэпрэсаваных паэтаў, расказаць гісторыі іх жыцця ці проста далучыцца і паслухаць іншых», – кажуць арганізатары. Падрабязнасці – тут.
Беласток
27, 28 і 29 кастрычніка
У Беластоцкім тэатры лялек адбудуцца паказы спектаклю Андрэя Саўчанкі «Святло ў цемры». Аснову інсцэнізацыі склалі тэксты і біяграфіі творцаў, забітых ці рэпрэсаваных у 1937 годзе ў Беларусі.
28 кастрычніка а 21:30
У беларускім хабе «Новая Зямля» пройдзе музычна-мастацкая дзея «Край (не)расстраляных паэтаў». «Мы згадаем тых, хто загінуў у гэтую страшную ноч 1937 года – там, на Радзіме. А мы – пайшлі ў свет, разляцеліся па зямлі, але кожнай косткай, кожным нервам цягнемся да родных магіл і памятаем. Пакуль у розных гарадах, краінах, на розных кантынентах чытаюць іх вершы, спяваюць песні на іх словы, гэтыя людзі не знікнуць. Яны і зараз могуць гаварыць, але ўжо нашымі галасамі», – адзначаецца ў паведамленні арганізатараў. У імпрэзе возьмуць удзел Кацярына Ваданосава, Аляксандра Канафальская, Ганна Лепяшкевіч, Ігар Палынскі, Стафанія Ваданосава.
29 кастрычніка а 19:00
На сустрэчу «Ноч (НЕ) расстраляных паэтаў» у Беластоцкім культурным цэнтры запрошаныя Андрэй Хадановіч, Кацярына Ваданосава, Таццяна Нядбай, Уладзімір Някляеў, Віктар Сямашка. Акрамя таго, любы ахвочы зможа прачытаць улюбёны твор, прысвечаны тэме імпрэзы.
Варшава
29 кастрычніка а 20:00
На канцэрт «Я не вінаваты!», прысвечаны Ночы расстраляных паэтаў, запрашае Вольны хор. Артысты падрыхтавалі адмысловую праграму твораў рэпрэсаваных аўтараў, большасць з якіх прагучыць упершыню. Таксама прагучаць творы кампазітара і дырыжора першага беларускага хору Уладзіміра Тэраўскага, якога расстралялі ў 1938 годзе, а таксама творы сучасных кампазітараў. Канцэрт адбудзецца ў касцёле Святога Аляксандра.
Вроцлаў
30 кастрычніка а 18:30
Вечар паэзіі і музыкі «Ноч паэтаў» адбудзецца ў кавярні «Barbara». «Гэта вечар падзякі нашым выдатным паэтам і пісьменнікам. Будзем чытаць вершы, слухаць гісторыі і жывую музыку», – анансавалі арганізатары. Патрэбная рэгістрацыя.
Гданьск
29 кастрычніка а 19:00
Вечарына «(Не)расстраляныя. Дыялогі» ў Цэнтры адукацыі і культуры.
Кракаў
29 кастрычніка а 15:00
Беларускае таварыства «Крок» у Кракаве і суполка «Беларусы ў Кракаве» абяцаюць насычаную праграму з дыскусіямі, паэтычнымі чытаннямі, майстар-класамі і канцэртам. «Вас чакаюць не толькі чытанні вершаў расстраляных паэтаў, але і выступы маладых творцаў, якія жывуць у Кракаве», – паведамляюць арганізатары. Месца сустрэчы – «Prawda Bar». Рэгістрацыя – тут.
Люблін
29 кастрычніка а 17:00
Беларусы ў Любліне зладзяць імпрэзу ў фармаце вольнага мікрафона. Любы ахвочы зможа прачытаць верш рэпрэсаванага паэта альбо фрагмент іншага твору, праспяваць, падзяліцца сваймі думкамі. Плануецца, што ўдзельнікі сустрэнуцца каля помніку Люблінскай уніі, адтуль разам пойдуць у прастору «Baobab», дзе і адбудзецца вечар. Пасля – наведванне могілак, дзе пахаваныя ўдзельнікі паўстання 1863 года. Арганізатары просяць узяць з сабою знічы і кветкі.
Вільня
27 кастрычніка а 17:00
Літаратурна-музычная вечарына запланаваная ў гасцёўні Беларускай рады культуры. У праграме: літаратуразнаўчы экскурс, тэатральны перформанс ад актораў студыі «Razam», музычныя нумары, кароткая прэзентацыя кнігі «1937. Ноч расстраляных паэтаў» і паэтычныя чытанні ў фармаце адкрытага мікрафона з падарункамі ўдзельнікам (рэгістрацыя – тут).
29 кастрычніка а 16:00
«Імпрэза памяці, імпрэза жыцця: Ноч [не]расстраляных паэтаў» – так сустрэчу назвалі ў Вільні. Яна адбудзецца ў скверы каля Музею акупацыі і барацьбы за свабоду. «Мы запрашаем вас далучыцца да нашых успамінаў, чытанняў, спеваў, сяброўскіх сустрэчаў з кубачкам гарбаты ва ўтульным восеньскім скверы, каб аддаць даніну памяці паэтам, літаратарам, інтэлектуалам, якія, нягледзячы ні на што, пакінулі нам спадчыну – нашу Беларусь! Прыходзьце, каб пачуць! Прыходзьце, каб прамовіць! Прыходзьце, каб помнілася ды не паўтаралася!» – заклікалі арганізатары. Рэгістрацыя для прамовы ў фармаце вольнага мікрафона – тут.
Таллін
29 кастрычніка а 15:00
Беларускі дом у Эстоніі зладзіць літаратурны вечар, на якім творы беларускіх паэтаў прачытаюць тутэйшыя беларусы, а таксама выканаўцы з Украіны і Эстоніі. Месца сустрэчы – кнігарня «Rahva Raamat» у гандлёвым цэнтры «Viru Keskus».
Кіеў
29 кастрычніка а 18:00
«Вечар (не)расстралянай паэзіі» адбудзецца ў прасторы «Платформа 22». «Згадаем ахвяраў бальшавіцкага і расейскага тэрору, аддадзім пашану памяці выдатным творцам, прачытаем вершы, каб не забывалася іхная паэтычная спадчына і не змаўкала яе хараство», – заклікалі арганізатары.
Тбілісі
28 кастрычніка а 18:00
Вечар памяці «Ноч паэтаў» у Музеі грузінскай літаратуры імя Гіёргія Леанідзэ.
Гайдэльбэрг
28 кастрычніка а 15:00
На ўшанаванне памяці ахвяраў сталінскага тэрору запрашае беларуска-нямецкая культурная асацыяцыя «KuB». «Драматург Васіль Дранько-Майсюк і акторка Алена Баярава ў форме тэатралізаванай лекцыі вернуць жыццё загінулым паэтам праз гучанне іхных вершаў. Сучасныя паэты Вера Бурлак і Віктар Жыбуль наведаюць нашую імпрэзу, падчас якой пазнаёмяць вас са сваёй паэзіяй, а таксама распавядуць пра гісторыю Чорнай ночы для англамоўнай аўдыторыі», – гаворыцца ў анонсе. Месца сустрэчы – тут.
Дусэльдорф
29 кастрычніка а 16:00
Васіль Дранько-Майсюк і Алена Баярава запрашаюць на лекцыю-спектакль «Каралі беларускага Парнасу». Прагучаць творы Міхася Чарота, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Анатоля Вольнага, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова і Платона Галавача. Месца сустрэчы – рэстаран «Apropo».
Мюнхен
24 кастрычніка
Чытанні на беларускай і нямецкай мовах у Мюнхенскім універсітэце Людвіга Максімільяна.
Лондан
28 кастрычніка а 19:00
Вечар памяці і паэзіі адбудзецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны. Упершыню творы рэпрэсаваных паэтаў прагучаць на англійскай мове ў перакладзе беларуска-амерыканскай паэткі Лены Зінскі. У гасцей будзе магчымасць прачытаць вершы на беларускай мове. Акрамя таго, там падрыхтуюць выставу, прысвечаную стагоддзю літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Гаага
29 кастрычніка а 14:00
Беларусы Нідэрландаў запрашаюць на лекцыю-спектакль Васіля Дранько-Майсюка і Алены Баяравай «Каралі беларускага Парнасу». Таксама запланаваная онлайн-трансляцыя, спасылка з’явіцца тут.
Антвэрпэн
29 кастрычніка а 12.30
Памінальная імпрэза ў Антвэрпэне адбудзецца ў Беларускай царкве, там пройдзе літургія, чытанне твораў і бяседа з каваю і гарбатаю.
Таронта
29 кастрычніка а 19:00
Імпрэза «Ноч расстраляных паэтаў» адбудзецца ў Беларускім цэнтры Таронта. «Будзем чытаць творы рэпрэсаваных паэтаў, дзяліцца гісторыямі іх жыцця, гаварыць пра рэпрэсіі мінулага і сучаснасці», – паведамілі арганізатары.
Саўвадор
27 кастрычніка а 14:00
Лінгвістычны інстытут Федэральнага ўніверсітэту Баі ладзіць шматмоўныя чытанні твораў рэпрэсаваных паэтаў. Імпрэза таксама пройдзе ў «Zoom».
Сяргей Крот belsat.eu