Ці ахвяруе Лукашэнка «паланафобіяй» у абмен на «Баброўнікі»? Што кажуць эксперты


Польшча назвала ўмоваю для разблакавання памежнага пункту пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю вызваленне палітычнага вязня Анджэя Пачобута – журналіста і аднаго з лідараў Саюзу палякаў у Беларусі. Эксперты ў «Студыі Белсат» 23 сакавіка абмяркоўвалі рэалістычнасць такіх патрабаванняў.

Палітолаг Павел Усаў адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка ўвесь час дэманструе, што нішто не змусіць яго пайсці насустрач ці на нейкія саступкі ў дачыненнях з Захадам.

«Але тут гаворка пра саступкі не вядзецца, тут вядзецца фактычна пра эквівалентны абмен. Больш за тое, рэжым атрымлівае значна больш. Напрыклад, адкрываецца памежны пераход для грузавых перавозак коштам вызвалення Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс», – заявіў палітолаг.

Але, паводле яго, тут ёсць «хворы, але прынцыповы» момант для ўлады, які перашкаджае развязаць гэтае пытанне:

«Яны намагаюцца выціснуць з палітычных зняволеных, у тым ліку з Анджэя Пачобута, прашэнне пра вызваленне».

Палітолаг падкрэсліў, што гэтая ўлада «абсалютна хворая і абсалютна нерацыянальная» і сваймі крокамі яна толькі спрыяе пашырэнню канфлікту.

Інтарэсы Пекіну і Масквы

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў згадаў яшчэ і «нерацыянальную паланафобію Лукашэнкі», якую той праяўляе цягам усяго свайго кіравання. Але, заявіў эксперт, Лукашэнка можа прымаць і тыя рашэнні, «да якіх у яго не ляжыць характар».

Таму, на думку аглядальніка, з улікам усёй эканамічнай важнасці пераходу, у тым ліку для Кітаю, дапамогай якога хоча заручыцца Лукашэнка, «цалкам можа быць, што, узважыўшы ўсе за і супраць, узважыўшы сігналы з Масквы і Пекіну», ён можа пайсці на крокі, якія забяспечаць транзіт.

«Гэты непасрэдны эканамічны транзіт і непасрэдная пагроза інтарэсам іншых краінаў, якія больш магутныя і могуць яму спачатку намёкам, а потым больш рэзка казаць… тут такое рашэнне можа быць прынятае», – разважае Цыганкоў.

Hавiны
Вызваліце Пачобута – атрымаеце «Баброўнікі». Польшча выставіла свае ўмовы і пагрозы Менску
2023.03.23 15:53

Міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі ў эфіры польскага радыё паабяцаў адкрыць пункт пропуску «Баброўнікі», калі ўлады ў Менску вызваляць журналіста і аднаго з лідараў польскай дыяспары ў Беларусі Анджэя Пачобута.

«Беларускі бок мае поўную яснасць наконт гэтага. Калі Анджэй Пачобут будзе заўтра вызвалены, то паслязаўтра будзе адкрыты пераход у Баброўніках», – заявіў Каміньскі.

Пераход «Баброўнікі» быў закрыты 10 лютага 2023 года пасля таго, як суд у Беларусі прыгаварыў Пачобута да 8 гадоў зняволення.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў