Азія як паратунак для беларускіх і расейскіх спартоўцаў


Алімпійская рада Азіі прапанавала Расеі і Беларусі ўзяць удзел у Азіяцкіх гульнях, якія адбудуцца з 23 верасня да 8 кастрычніка ў кітайскім Гўанчжоў. Пра гэта паведамілі на афіцыйным сайце арганізацыі.

«Алімпійская рада Азіі верыць у аб’яднаўчую сілу спорту і ў тое, што ўсе атлеты, незалежна ад іхнай нацыянальнасці ці пашпарта, павінныя мець магчымасць браць удзел у спаборніцтвах».

Азія, нагадаем, – найбуйнейшая частка свету як паводле тэрыторыі, гэтак і паводле шчыльнасці насельніцтва. Разам з Еўропаю яна ўтварае мацярык Еўразію. Таксама Алімпійская рада Азіі чакае рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэту адносна вяртання атлетаў з Расеі і Беларусі на міжнародныя арэны, пра што згадваецца ў заяве арганізацыі.

Пры гэтым АРА падтрымала Міжнародны алімпійскі камітэт у салідарнасці з Украінай, а таксама ў санкцыях супраць Расеі і Беларусі, маючы на ўвазе статус расейскіх і беларускіх спартоўцаў.

Экс-дэпутатка Дзяржаўнай думы, заслужаная трэнерка Расеі па лёгкай атлетыцы Вольга Паўлава, якая ў верасні была дыскваліфікаваная на два гады за допінг, у эфіры праграмы «Ёсць тэма!» на «Матч ТВ» падтрымала пераход расейскіх спартовых арганізацыяў у Азію:

«Мяне больш хвалюе не допуск або нядопуск, а лёс расейскага спорту, лёс нашых алімпійцаў і трэнераў. Іхныя заробкі завязаныя на міжнародных стартах. А ніхто не падымае гэтай тэмы. Што з імі будзе? Адзін год урад ім дапамог. А далей што будзе? Што будзе з новым пакаленнем? Нам трэба ісці ў Азію. Іншага шляху няма. Еўропа дэградавала. Яна нас ненавідзіць, і дачыненні ніколі не ўсталююцца. Не трэба прыніжацца і плакаць. Нас абкралі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Парад беларускіх спартоўцаў падчас цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў – 2019 на стадыёне «Дынама». Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2019 года.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

А Ірына Вінэр, кіраўніца Усерасейскай федэрацыі мастацкай гімнастыкі, заявіла ў эфіры «РЕН ТВ»: «Думаю, мы можам скласці канкурэнцыю Алімпійскім гульням, сабраўшы ШОС, BRICS, СНД, нашыя сяброўскія краіны, якія на ўзроўні ўрадаў пастановяць сабрацца і правесці буйныя спаборніцтвы. У нас каля 140 сяброўскіх краінаў, і мы можам абсалютна спакойна ладзіць міжсобку спаборніцтвы».

Дзяржаўны трэнер лёгкай атлетыкі Беларусі Ігар Сівадзедаў выказаў захапленне: «Нас чакае спякотнае лета пры рыхтаванні да Азіяцкіх гульняў, калі, урэшце, будзе прынятае рашэнне пра ўдзел у іх. Чакаем і трэнуемся. Кваліфікацыйныя нарматывы на Гульні вельмі высокія, але мы гатовыя іх выконваць. Узяць удзел у Азіяцкіх гульнях было б для нас цудоўным варыянтам. Дарэчы, ёсць перадумовы, што беларускія спартоўцы выступяць і на чэмпіянаце свету, які адбудзецца ў Будапэшце ў другой палове жніўня. Нашая федэрацыя працуе над гэтым пытаннем, і ўжо ёсць пазітыўныя зрухі».

Азіяцкія Гульні – аналаг Алімпійскіх гульняў для краінаў Азіі. У некаторых відах спорту на сёлетніх вераснёўска-кастрычніцкіх спаборніцтвах будуць разыграныя ліцэнзіі на летнюю Алімпіяду – 2024 у Парыжы. Выканкам МАК таксама не мае адназначнай пазіцыі. З аднаго боку, ён паведаміў пра намер дапусціць да спаборніцтваў расейцаў і беларусаў у нейтральным статусе, пералічыўшы шэраг умоваў, і ў той жа час заклікаў да ўзмацнення ўжо дзейных санкцыяў у дачыненні Расеі і Беларусі ўжо як дзяржаваў.

Як сёння паведаміла прэс-служба Алімпійскай рады Азіі, нацыянальныя алімпійскія камітэты краінаў, якія маюць намер узяць удзел у Гульнях-2023, павінныя накіраваць свае заявы да 15 сакавіка. Гэты працэс пачаўся 1 лютага. А з 1 чэрвеня да 15 ліпеня неабходна будзе падаць спісы ўдзельнікаў спаборніцтваў. Лёсаванне турніраў у камандавых турнірах пройдзе ў канцы ліпеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гульня групы D паміж Казахстанам і Філіпінамі падчас Азіяцкіх гульняў – 2018 у Джакарце, Інданезія. 16 жніўня 2018 года.
Фота: Lillian Suwanrumpha / AFP / Eat News

Алімпійская рада Азіі (Olympic Council of Asia, ОСА) – адная з пяці кантынентальных асацыяцыяў нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, прызнаных Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) і кіроўны орган Алімпійскага руху ў краінах Азіі, які цяпер аб’ядноўвае 45 дзяржаваў. Заснаваная гэтая арганізацыя 16 лістапада 1982 года, штаб-кватэра размешчаная ў Эль-Кувэйце. Структура рэгулярна праводзіць летнія і зімовыя Азіяцкія гульні, Гульні ў пляжных відах спорту і Гульні ў закрытых памяшканнях. Цікава, што Асацыяцыя не толькі спрыяе ў правядзенні азіяцкіх і рэгіянальных гульняў, але таксама і міжнародных спаборніцтваў, яна ёсць паўнамоцным органам у развязанні праблемаў і спрэчак, якія могуць узнікнуць у яе чальцоў і адпаведных бакоў. Штаб-кватэра месціцца ў Кувейце, а прэзідэнт – шэйх Кувэйту Ахмад Аль-Фахад Аль-Сабах. У красавіку 2016 года прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Казахстан Цімур Кулібаеў быў прызначаны на пасаду віцэ-прэзідэнта Алімпійскай рады Азіі.

У адказ на заяву Украіны пра тое, што яна байкатуе Алімпійскія гульні ў Парыжы, калі туды дапусцяць расейцаў і беларусаў, афіцыйныя прадстаўнікі 35 краінаў свету падпісалі пагадненне. Сярод дзяржаваў самыя моцныя – ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Польшча, Нідэрланды, Канада, Аўстралія, краіны Балтыі і Скандынавіі, а таксама ўсходнеазіяцкая Японія. А паколькі яны выступілі адзіным фронтам, то пытанне няўдзелу афіцыйных прадстаўнікоў Расеі і Беларусі ў алімпійскім Парыжы практычна прадвызначанае.

Падчас онлайн-нарады ў Вільні, прэзідэнт Украіны заявіў: «Калі ёсць алімпійскі від спорту ў забойствах і ракетных ударах, вы ведаеце, якая зборная зойме першае месца. Але мы з вамі павінныя абараняць жыццё, нашыя каштоўнасці. Мы мусім прыпыняць агрэсію і змагацца супраць тых, хто абраў для сябе шлях тэрору. І гэта трэба прызнаць у тым ліку і на ўзроўні Міжнароднага алімпійскага камітэту».

Міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі акцэнтаваў увагу на тым, што 70 % расейскіх спартоўцаў – вайскоўцы:

«Я лічу непрымальным, каб такія людзі бралі ўдзел у Алімпійскіх гульнях у цяперашняй сітуацыі, калі сумленная гульня для іх відавочна нічога не значыць».

Міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук адзначыў, што байкот Алімпійскіх гульняў пакуль не разглядаўся:

«Кампрамісным рашэннем стала б тое, каб расейскія і беларускія спартоўцы пакінулі свае краіны і стварылі б зборную ўцекачоў, у якую і ўвайшлі б дысідэнты».

Расейскія афіцыйныя асобы адказалі, што на такую здраду і прыніжэнне ніколі не пойдуць.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў