«Сітуацыя стане ахавай». У Расеі заклікаюць падпальваць ваенкаматы і не толькі


Абвешчаная ў Расеі мабілізацыя насельніцтва выклікала незадаволенасць у праціўнікаў вайны і тых, хто можа атрымаць позву для адпраўкі ва Украіну. Квіткі на самалёты за мяжу былі раскупленыя за лічаныя гадзіны. Ці можа мабілізацыя таксама і радыкалізаваць антываенны пратэст?

Заклікі да больш радыкальнага супраціву ў Расеі цяпер гучаць з абсалютна розных бакоў. Так, каманда Аляксея Навальнага абяцала падтрымаць «любыя формы пратэсту».

«Калі вы гатовыя займацца вялікімі рэчамі, у тым ліку падпальваць ваенкамат, мы падтрымліваем гэта і мы гатовыя таксама аказваць нейкае садзейнічанне», – заявіў паплечнік Навальнага Іван Жданаў.

Hавiны
Менск як перавалачны пункт: куды хлынуць расейцы пасля аб’яўлення частковай мабілізацыі?
2022.09.21 14:32

Таксама і тэлеграм-канал «Роспартизан» наўпрост заклікаў жыхароў РФ да акцый прамога дзеяння:

«З гэтага часу ваенкаматы, мабільныя агітацыйныя пункты і іншыя будынкі Міністэрства вайны – мэта нумар адзін для партызанскага руху. Рыхтуйце кактэйлі Молатава, запасайцеся гаручым і сухім спіртам, і рыхтуйцеся. Цэльціся ў памяшканні з архівамі, знішчайце дакументы – няхай шукаюць бацькоў, мужоў і братоў і асабіста ўручаюць ім свае смяротныя распіскі. З гэтага часу ўдарыць ваенкама – гэта заслужыць павагу ў руху. А падпаліць ваенкамат – гэта атрымаць індульгенцыю».

Не адстае ў сваіх закліках і сепаратысцкі рух народаў Паволжа «Идель-Урал»:

«Няма сэнсу займаць чэргі ў аўтазакі. Зло спыняецца толькі гвалтам, але ніяк не вершамі і пропаведзямі. У першую чаргу атакаваць транспартныя сродкі, аддзяленні і апорныя пункты паліцыі і Росгвардыі».

Супрацоўнікі расейскай паліцыі затрымліваюць пратэстоўца ў час несанкцыянаванага мітынгу, пасля таго як актывісты апазіцыі заклікалі да вулічных пратэстаў супраць мабілізацыі рэзервістаў па загадзе прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Масква, Расея. 21 верасня 2022 года.
Фота: Alexander Neneov / AFP / East News

Як ужо падпальвалі ваенкаматы

Дарэчы, падпалы ваенкаматаў у Расеі пачаліся ўжо неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання войска РФ ва Украіну і не спыняюцца дагэтуль.

Абноўлена
У Расеі людзі мітынгуюць супраць мабілізацыі
2022.09.21 17:27

Ужо 28 лютага быў падпалены ваенкамат у падмаскоўных Лухавіцах. З тых часоў падобныя акцыі прайшлі па ўсёй Расеі аж да Уладзівастока. Апошні з вядомых нападаў на ваенкамат адбыўся 4 верасня ў горадзе Зеленадольск у Татарстане, дзе 59-гадовы мужчына кінуў кактэйль Молатава ва ўваход мясцовага ваеннага камісарыята.

Усяго такіх акцый вядома больш двух дзясяткаў. Іх пік прыйшоўся на травень.

Таксама неаднаразова паведамлялася пра дыверсіі на чыгунцы.

«Пакуль яшчэ мабілізацыя не ўступіла ў поўныя правы»

У каментары «Белсату» расейскі палітолаг Руслан Айсін адзначыў, што ў сувязі з абвяшчэннем мабілізацыі «формы актыўнага піраманскага пратэсту з падпаламі ваенкаматаў будуць працягнутыя». Аднак, на яго думку, чакаць масавых выступаў пакуль што не варта.

«Пакуль яшчэ мабілізацыя не ўступіла ў поўныя правы. Калі да кожнага трэцяга або кожнага пятага пачнуць прыходзіць, тады гэта можа выліцца сапраўды ў сур’ёзнае супрацьстаянне», – адзначыў палітолаг.

Інтэрв’ю
«Не – магілізацыі!» Расейская актывістка расказала, чаму грамадзяне РФ выйдуць сёння на пратэст
2022.09.21 17:39

Па словах Руслана Айсіна, незадаволенасць цяпер адчувальная нават у лаяльных Пуціну слаях грамадства, паколькі мабілізацыя можа закрануць і іх. Акрамя таго, «спецаперацыя» відавочна не ідзе па плане.

«Гэта значыць, Пуцін іх падманваў. Пуцін іх вадзіў за нос. Але самае галоўнае – Пуцін не паказаў сапраўдныя прычыны, для чаго расейцы павінны там паміраць. Тэма з фашыстамі, нацыстамі – рытарычна-палітычная, але ні ў якім разе не рацыянальная. Дэнацыфікацыя для большасці расейцаў – гэта проста невыгаворваўнае слова», –лічыць палітолаг.

«Пуцін уваходзіць у ролю Мікалая II»

Руслан Айсін мяркуе, што на незадаволенасць вайной накладваецца рэзкае пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй.

«Асабліва гэта выяўляецца восенню, калі людзі прыязджаюць з дачы, адпачынку і з вялікім здзіўленнем знаходзяць, што цэннік вырас. Што плацёжкі за камунальныя паслугі таксама ўзраслі, таму што вайна – гэта вялікі цяжар. Мабілізацыя азначае, што гэтыя 300 тысяч чалавек [якіх улады РФ плануюць мабілізаваць. – Рэд. belsat.eu] будуць атрымліваць зарплату адпаведна таму заробку, які атрымліваюць кантрактнікі. Гэта таксама велізарныя грошы для бюджэту«, – лічыць палітолаг.

На яго думку, «да лістапада сітуацыя стане ахавай», накшталт той, якая ўжо была ва час Першай сусветнай вайны. Руслан Айсін адзначыў, што цар Мікалай ІІ тады таксама «то аб’яўляў, то пасаваў з усеагульнай мабілізацыяй», паколькі «ўжо тады было зразумела, што мабілізацыя – рэч небяспечная».

«Так і атрымалася, таму што на франтах вайны расейскія жаўнеры браталіся з немцамі, і вельмі моцна працавала антываенная прапаганда. Салдаты адмаўляліся ваяваць, а вайсковае камандаванне не магло нічога з гэтым зрабіць», – заявіў суразмоўца.

Акрамя таго, ён чакае ўзмацнення жорсткасці барацьбы ўнутры пуцінскай сістэмы. Сам жа Уладзімір Пуцін, паводле яго словаў, цяпер «уваходзіць у ролю Мікалая ІІ, якога здалі свае ж вайскоўцы – Генштаб». На апошні, як і цяпер, кіраўніцтва Расеі тады спрабавала «павесіць» віну ў пройгрышах на фронце, падкрэсліў палітолаг.

Аналітыка
«Нельга выключаць і дзяржаўнага перавароту». Што агульнага ў сённяшняй Расеі з лютаўскаю рэвалюцыяй
2022.03.20 08:00

Макар Мыш / ІР belsat.eu

Стужка навінаў