Намесніца міністра абароны Украіны: У беларускай арміі высокі запыт на здачу ў палон


Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр сцвярджае, што беларускія вайскоўцы не хочуць браць удзелу ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Пра гэта яна заявіла ў кантэксце інфармацыі, якую распаўсюдзілі сёння Генеральны штаб і Міністэрства абароны Украіны. Як сцвярджаецца ў заявах украінскага боку, зафіксаваныя прыкметы рыхтавання Узброеных сілаў Беларусі да ўварвання на тэрыторыю Украіны. Пагроза наступлення з Беларусі на валынскім напрамку «ацэньваецца як высокая».

«Але ёсць пазіцыя вайскоўцаў у Беларусі. І сярод іх ужо спее страх і нежаданне выконваць гэтае распараджэнне, калі яно будзе, бо яны ўжо бачаць, што тут адбываецца. У іх патроху разбураецца міф пра непераможную расейскую армію. Яны ўжо пачынаюць разумець, што насамрэч выкананне такога загаду – гэта здзяйсненне ваеннага злачынства», – сказала Ганна Маляр, паведамляе УНІАН.

Паводле намесніцы міністра, украінскі бок спрабуе адказаць на запыт беларускіх вайскоўцаў даць інфармацыю, як лепш здацца ў палон. «Бо там высокі запыт на здачу ў палон, калі пачнуцца такія актыўныя дзеянні і ў іх не будзе выхаду», – заявіла Ганна Маляр.

  • Лукашэнкаўская Беларусь – суўдзельніца пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі наносяцца ракетныя і авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваецца наземны наступ расейскіх войскаў, які пагражае Кіеву. Падобная роля Беларусі ў канфлікце трактуецца адназначна: згодна з рэзалюцыяй 3314 Генеральнай асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года, дзеянні дзяржавы, якая дае сваю тэрыторыю для здзяйснення акту агрэсіі ў дачыненні трэцяй краіны, таксама расцэньваецца як агрэсія. Але пакуль што беларуская армія беспасярэдне ў ваенным канфлікце не бярэ ўдзелу.
Hавiны
З Украіны выехалі 11 работнікаў беларускага пасольства
2022.03.19 19:29

РР belsat.eu

Стужка навінаў