«Пакуль нас прасілі пачакаць», патлумачыла Ціханоўская тое, што дагэтуль не прыехала з візітам ва Украіну. Пакуль ва Украіне прадстаўнік Офісу Ціханоўскай.
Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрв’ю выданню «КП в Украине». Яна растлумачыла, што робіць яна і ейны офіс, як беларусы ставяцца да расейскага нападу на Украіну і як вядуць падпольную барацьбу, пра непаразуменне між украінцамі і беларусамі, пра праблемы беларусаў, якія дапамагаюць Украіне…
Сярод тэмаў размовы было і тое, што Ціханоўская ўсё яшчэ не наведала Украіну, хоць у Кіеве ёсць прадстаўніцтва ейнага офісу. Журналіст сфармуляваў пытанне так: «Не плануеце прыехаць? Убачыць на свае вочы ўсё, што нарабілі расейскія вайскоўцы?»
«Я абавязкова прыеду, як толькі будзе гатовасць з украінскага боку, – адказала Ціханоўская. – Пакуль нас папрасілі пачакаць. Я б хацела наведаць і Бучу, і Ірпінь, і сустрэцца з беларускімі добраахвотнікамі і валанцёрамі. І, вядома, асабіста выказаць падтрымку ўкраінскаму ўраду і народу».
Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч у красавіку казаў «Еўрарадыё», што не ведае, чаму дагэтуль не адбылася сустрэча Ціханоўскай і прэзідэнта Украіны, але выказаў здагадку:
«Калі прэзідэнт Зяленскі сустрэнецца з Ціханоўскай, Аляксандр Лукашэнка можа рэзка і нервова адрэагаваць персанальна. А нам трэба, каб ён рэзка і персанальна рэагаваў у сітуацыі, калі расейскае войска выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю для агрэсіі супраць нас?
Ёсць і пэўныя эканамічныя сувязі дагэтуль. Мастацтва палітыкі заключаецца ў тым, каб рабіць пэўныя хады на шахматнай дошцы жыцця, якія пашыраюць прастору магчымасцяў. Такая сустрэча скароціць прастору магчымасцяў для Украіны. Ні адзін цвярозы стратэг так рабіць не будзе».
Алесь Наваборскі belsat.eu