Латвія пабудуе лінію абароны на мяжы з Расеяй і Беларуссю


Латвія пабудуе лінію абароны не толькі на мяжы з Расеяй, але і на мяжы з Беларуссю. Пра гэта 15 лютага паведаміў міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс, адказваючы на пытанне карэспандэнта «Белсату».

Міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс.
Фота: Белсат

Паводле словаў міністра, абарона мяжы – важная задача для ўсіх дзяржаваў на лініі фронту. Таму Латвія падпісала пагадненне з літоўскімі і эстонскімі партнёрамі наконт каардынацыі дзеянняў на балтыйскіх лініях абароны.

«Кожная краіна рэалізуе свой адмысловы план, аднак каардынацыя дзеянняў ёсць часткаю паразумення наконт балтыйскіх лініяў абароны. Вядома, што межы з Расеяй, а таксама мяжа з Беларуссю, мусяць быць узмоцненыя. Мы ўжо збудавалі агароджу, каб абараніць нашую мяжу і краіну ад плыні нелегальнай міграцыі. У той жа час стварэнне супрацьтранспартных загародаў мусіць быць часткаю ўзмацнення нашай мяжы і абароны», – падкрэсліў Андрыс Спрудс перад спатканнем міністраў абароны НАТО ў штаб-кватэры Альянсу ў Бруселі.

Нагадаем, што звычайна ў якасці супрацьтранспартных загародаў выкарыстоўваюцца такія сродкі, як мінныя палі, равы, спецыяльныя супрацьтанкавыя перашкоды («зубы цмока»), бункеры і інш.

Аб тым, што Латвія збіраецца ўмацоўваць мяжу з Беларуссю і Расеяй праз узмацненне вайсковай інфраструктуры, на пачатку студзеня заяўляў прэзідэнт краіны Эдгар Рынкевіч.

19 студзеня краіны Балтыі дамовіліся стварыць «лінію абароны» на ўсходняй мяжы. Пра гэта стала вядома пасля сустрэчы міністраў абароны трох краінаў, якая адбылася ў Рызе.

Паводле Міністэрства абароны Эстоніі, рэалізацыя праекту адбудзецца цягам найбліжэйшых гадоў, што прадугледжвае з’яўленне на мяжы з Расеяй і Беларуссю абарончых збудаванняў. Таксама стала вядома, што Эстонія збіраецца пабудаваць на мяжы лінію абароны з 600 бункераў. Аналагічную абарончую зону мяркуюць стварыць Латвія і Літва.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў