20 гадзінаў чакання. Ці зменшацца чэргі на мяжы Беларусі з Польшчай?


Паездкі праз пункты пропуску на беларуска-польскай мяжы трывала пераўтвараюцца ў нудотнае чаканне. Менск вінаваціць пагранічную службу Польшчы ў маруднасці, там кажуць, што «працуюць ва ўсю моц». «Белсат» выслухаў скаргі беларусаў на чэргі і высветліў пазіцыю памежнікаў абедзвюх краінаў.

Памежны пункт пропуску Брузгі – Кузніца. Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Беларус, які на мінулым тыдні прыязджаў на машыне ў Польшчу, распавёў «Белсату» пра свае прыгоды. Мужчына перасякаў мяжу ў Бераставіцы, і агулам чаканне заняло 10 гадзінаў.

«Першая чарга – на электронную рэгістрацыю, чакалі каля гадзіны. Потым заехалі на стаянку з табло, на якім высвечваліся нумары аўтамабіляў. За гадзіну з электроннай чаргі праходзіла ад 5 да 10 легкавікоў», – кажа суразмоўца «Белсату».

На часе чакання адбіваліся і перазменкі, спачатку ў беларускіх службаў, потым у польскіх – у такія моманты рух цалкам прыпыняўся.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Чэргі з фураў на польска-беларускай мяжы. Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

На суб’ектыўнае меркаванне мужчыны, беларускія службы працавалі шпарчэй, палякі нібыта «на расслабоне» і нікуды не спяшаюцца. Падобныя паведамленні часта трапляюцца ў «памежных» Telegram-чатах. Некаторыя пішуць, што польскім службоўцам быццам бы дадзены негалосны загад марудзіць беларусаў на мяжы.

«Напярэдадні прайшлі мяжу ў Берасці на аўтобусе за 6 гадзінаў. Вельмі ўважліва правяралі працоўныя запрашэнні».

«А 16:30 быў у Берасці, а 12:30 выехаў ад палякаў. 20 гадзінаў».

Іншы суразмоўца «Белсату», які нядаўна вяртаўся ў Беларусь праз пункт пропуску Баброўнікі – Бераставіца, адзначыў, што прайшоў мяжу за 45 хвілінаў.

Беларускае ведамства амаль штодня публікуе ў сваім Telegram-канале інфармацыю з загалоўкамі накшталт «Польшча працягвае ігнараваць выкананне нормаў пропуску легкавога транспарту» або «За содні Польшча прапусціла 45% легкавога транспарту ад нормы».

«Вінаватыя палякі»

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі наракаюць, што цяпер няма аніякай канструктыўнай супрацы з калегамі-суседзямі. Што праўда, на ўзроўні дзяжурных у пунктах пропуску «абмен інфармацыяй ажыццяўляецца».

«Мы стала публікуем інфармацыю пра чэргі, гэта ў тым ліку і для польскага, і для літоўскага, і для латвійскага боку. Стала інфармуем пра тое, як сумежны бок выконвае дамоўленасці аб рытмічнасці пропуску транспарту, аб выкананні прапускной здольнасці. Сумежныя бакі абавязаныя забіраць вызначаную колькасць транспартных сродкаў».

У беларускай памежнай службе не прагназуюць, што бліжэйшым часам чэргі паменшацца, наадварот, будзе горш.

«Бачым тэндэнцыю, што будзе так, як напрыканцы года, калі чэргі былі большымі, чымся цяпер. Ну і зараз пакуль грузавікоў меней у звязку з працяглымі навагоднімі выходнымі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі / Telegram

Беларускія памежнікі запэўніваюць, што ўсе краіны-суседзі раней ухвалілі дамоўленасці пра колькасць транспарту, які павінен быць аформлены.

«Натуральна, ёсць дамоўленасці і з палякамі, і з літоўцамі, і з латышамі. Гэта міжведамасныя дамоўленасці не толькі між памежнікамі, але і мытнікамі. Вызначаныя нормы пропуску, якія мусяць выконвацца абодвума бакамі, каб пункты пропуску працавалі эфектыўна».

Чэргаў паменела б, калі Польшча адкрыла б усе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Тады б транспартныя плыні пераразмяркоўваліся, кажуць у беларускім памежным камітэце. Пакуль жа трапіць у Польшчу можна толькі праз два пункты: у Берасці і Бераставіцы.

«Ніякіх нормаў пропуску не існуе»

У Памежнай службе Польшчы на запыт «Белсату» адказалі, што намагаюцца прапускаць з Беларусі максімальную колькасць транспарту і асобаў.

«На кожным памежным пераходзе працуюць 4 службы: дзве польскія (памежная і мытная) і такія ж дзве беларускія. Час, які затрачваецца на перасячэнне мяжы, залежыць ад афармлення чатырох службаў. Супрацоўнікі польскай памежнай службы імкнуцца штодня рэгістраваць як мага больш падарожнікаў, але ніякіх нормаў не існуе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Памежная служба Польшчы / Twitter

Польшча закрыла шэраг пунктаў пропуску ў 2020 годзе ў разгар эпідэміі каронавірусу. Потым бахнуў міграцыйны крызіс, дадаткова закрыўся пераход Брузгі – Кузніца. Як паведамілі ў Памежнай службе Польшчы, узнаўляць працу ўсіх пунктаў пропуску на беларускай мяжы пакуль не плануецца.

«У нас няма інфармацыі, што памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю плануецца зноў адкрыць найбліжэйшым часам. Яны былі закрытыя праз адсутнасць рэакцыі беларускіх памежных службаў на небяспечныя інцыдэнты на польска-беларускай мяжы».

У гэтай сітуацыі беларусам можна парэкамендаваць ездзіць у Польшчу праз Літву. Такія парады з’яўляюцца ў Telegram-чатах, прысвечаных пераходу граніцы. На літоўскай мяжы чэргаў меней, і, як пішуць падарожнікі, можна зэканоміць багата часу, нягледзячы на вялікі крук.

Hавiны
Польскія памежнікі ў 2022 годзе прапусцілі праз мяжу больш за 2,8 мільёна беларусаў
2023.01.13 10:50

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў