news
Аналітыка

Ці стаміўся Захад ад падтрымання Украіны? Тлумачым, якія настроі пануюць у ЗША і Еўропе

Спойлер: спадзявацца на кардынальныя змены Крамлю не варта.
10.10.202311:43

Спрэчкі вакол новага бюджэту ЗША і перамога прарасейскай партыі на выбарах у Славаччыне прымушаюць задумацца над тым, наколькі ўстойлівае падтрыманне Украіны Захадам. Крэмль разлічвае, што раней ці пазней людзі ў ЗША і Еўропе стомяцца ад празмерных выдаткаў і прымусяць свае ўрады пайсці на кампраміс з Расеяй. Ці сапраўды для гэтага ёсць перадумовы? Belsat.eu разбіраўся, што адбываецца з грамадскімі настроямі на Захадзе.

ЗША: скептыкі ўзмацняюць свае пазіцыі

Апытанне «Reuters»/«Ipsos», якое праводзілася ў пачатку кастрычніка 2023 года, паказала, што ўзровень падтрымання Украіны ў амерыканскім грамадстве зніжаецца. 41 % рэспандэнтаў пагадзіліся са сцвярджэннем, што ЗША мусяць даць зброю Украіне, у той час як 35 % выступаюць супраць, а астатнія не вызначыліся з адказам.

Сёлета ў траўні ў апытанні «Reuters»/«Ipsos» паказнікі былі 46 % «за» і 29 % – «супраць». У лютым 2023-га ўхвалялі пастаўкі зброі для Украіны 58 % амерыканцаў, а ў кастрычніку 2022 годзе ўвогуле – 66 %. Праўда, зніжэнне падтрымання не было паслядоўным: напрыклад, улетку апытанне «Reuters»/«Ipsos» зафіксавала раптоўны ўсплёск праўкраінскіх настрояў – вайсковае падтрыманне ўхвалялі  ў той момант 65 % апытаных.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паціскаюць адзін аднаму рукі падчас сустрэчы ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 21 верасня 2023 года.
Фота: Kevin Lamarque / Reuters / Forum

Пры гэтым дадзеныя ў розных апытанняў могуць адрознівацца. У чэрвені 2023 году даследаванне «Gallup» паказала, што 62 % амерыканцаў выступаюць за тое, каб ЗША працягвалі падтрымліваць Украіну да поўнага вызвалення сваіх тэрыторыяў (гэты паказнік за год амаль не змяніўся). Большасць (43 %) ухвалялі цяперашнія памеры дапамогі. Аднак колькасць прыхільнікаў павелічэння дапамогі знізілася на 12 %, а таксама трошкі вырасла колькасць тых, хто лічыць выдаткі ЗША празмернымі.

Зафіксаваная «Gallup» тэндэнцыя знайшла сваё пацверджанне і ў жнівеньскім апытанні тэлеканалу «Fox News». Паводле гэтага даследавання, колькасць рэспандэнтаў, якія выступаюць за змяншэнне ролі ЗША ў дапамозе Кіеву, вырасла на 10 % – да 36 %, а колькасць прыхільнікаў нарошчвання дапамогі, наадварот, знізілася з 29 % да 21 %. Аднак 40 % лічылі правільным цяперашні ўзровень падтрымання, што разам з прыхільнікамі павелічэння паставак дае абсалютную большасць.

Паводле апытання, праведзенага ў жніўні 2023 года на замову тэлеканалу CNN, у цэлым занепакоенасць амерыканцаў падзеямі ва Украіне знізілася: калі ў лютым 2022 года 72 % рэспандэнтаў лічылі, што вайна будзе пагражаць нацыянальнай бяспецы ЗША, то ўлетку 2023 года іхная колькасць скарацілася да 56 %. Цяпер 45 % выступаюць за павелічэнне фінансавання Украіне, а 55 % – супраць гэтага. Пры гэтым 63 % упэўненыя, што ЗША мусяць працягваць дзяліцца з ЗСУ выведнымі звесткамі, 53 % рэспандэнтаў ухваляюць трэнаванне ўкраінскіх вайскоўцаў, а 17 % нават ухвалілі бы ўдзел у вайне амерыканскай арміі.

Такім чынам, пра кардынальную змену настрояў казаць не выпадае: апытанні даказваюць, што большасць амерыканцаў у той ці іншай ступені выступаюць за падтрыманне Украіны.

Разам з тым, цяпер сапраўды назіраецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці прыхільнікаў маштабнай вайсковай дапамогі для Украіны. У асноўным гэта адбываецца за кошт электарату Рэспубліканскай партыі, што ўжо адбілася на паводзінах рэспубліканцаў у Кангрэсе. Менавіта праз пазіцыю рэспубліканцаў Белы дом не здолеў у верасні правесці праз Кангрэс дадатковае фінансаванне Украіны на $ 24 млрд. У выніку чаго быў прыняты часовы бюджэт без дапамогі Кіеву. 

Цяпер да сярэдзіны лістапада ўлады ЗША мусяць дамовіцца пра новыя бюджэтныя пастановы. Прэзідэнт Джо Байдэн заклікаў Кангрэс забяспечыць перадачу сродкаў, «неабходных для дапамогі Украіне ў гэты крытычны момант». «Мы ні пры якіх абставінах не можам дазволіць, каб амерыканскае падтрыманне Украіны спынілася», – заявіў Байдэн. 

Еўразвяз: большасць і розныя пазіцыі

Паводле даследавання сацыялагічнай службы ЕЗ «Eurobarometer», якое праводзілася ў канцы траўня – пачатку чэрвеня, ухвалялі вайсковую дапамогу Украіне амаль 2/3 жыхароў Еўразвязу – 64 %. Аналагічнае апытанне ў канцы жніўня прадэманстравала зніжэнне падтрымання да 57 %, а 34 % цяпер выступаюць супраць. Пры гэтым фінансавую і эканамічную дапамогу Украіне ўхваляюць 64 %, санкцыі супраць РФ – 71 %, а гуманітарную дапамогу ўкраінцам – 86 %.

У залежнасці ад канкрэтнай краіны ўзровень падтрымання можа моцна адрознівацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Робэрт Фіца – лідар славацкай партыі «Кірунак – сацыяльная дэмакратыя» – выступае супраць вайсковай дапамогі для Украіны. На апошніх парламенцкіх выбарах партыя Фіца атрымала большасць галасоў выбарнікаў.
Фота: Eva Korinkova / Reuters / Forum

Найбольш праўкраінскія настроі пануюць на ўсходзе і поўначы кантыненту: у Польшчы, краінах Балтыі, а таксама ў Швецыі, Фінляндыі і Даніі. Нават калі ў некаторых з гэтых краінаў апошнім часам апытанні і фіксуюць зніжэнне прынцыповасці ў справе падтрымання Украіны, то на агульную карціну гэта ніяк не ўплывае.

Напрыклад, у Польшчы ў пачатку чэрвеня вайсковую дапамогу Украіне ўхвалялі 86 % рэспандэнтаў і 12 % былі супраць. У канцы жніўня гэтыя паказнікі знаходзіліся на ўзроўні 77 % і 17 %, што ўсё роўна азначанае падтрыманне больш за ¾ насельніцтва.

У Літве за апошні час амаль нічога не змянілася: у канцы жніўня з фінансаваннем паставак зброі ва Украіну пагаджаліся 82 % і 11 % былі супраць, а ў пачатку чэрвеня – 84 % і 13 % адпаведна. Статус-кво захоўваецца і ў Латвіі: прыхільнікаў вайсковых паставак – 73–74 %. А ў Эстоніі прыхільнікаў вайсковай дапамогі для Украіны нават паболела: з 64 % да 81 % (незразумела, з чым звязаны такі скачок). 

У Швецыі станоўча ставяцца да паставак зброі ва Украіну 78 % апытаных (у пачатку лета было 93 %), у Даніі – 76 % (было 89 %), у Фінляндыі – 83 % (было таксама 89 %).

У Цэнтральнай Еўропе сітуацыя іншая. Напрыклад, у Чэхіі прыхільнікі паставак зброі Украіне апынуліся ў меншасці – 40 %. Супраць – 53 %. Хаця ў пачатку лета «Eurobarometer» фіксаваў амаль адваротны расклад сілаў: 54 % «за» і 42 «супраць».

Суседняя Славаччына ўжо даўно ўваходзіла ў спіс краінаў, дзе грамадства было найбольш скептычна настроенае адносна дапамогі Украіне. Апошняе апытанне «Eurobarometer» паказвала падтрыманне паставак зброі на ўзроўні 38 %, супраць было 56 %. Да нядаўняга часу гэта не перашкаджала ўраду ўпэўнена дапамагаць Украіне. Аднак 1 кастрычніка на парламенцкіх выбарах у Славаччыне выйграла папулісцкая прарасейская партыя «Кірунак – сацыяльная дэмакратыя» («Smer – SSD») на чале з Робэртам Фіца, які абяцаў неадкладна спыніць вайсковае падтрыманне Украіны.

На поўдні Еўропы таксама пераважаюць прыхільнікі дыстанцыявання ад канфлікту. Напрыклад, у Балгарыі станоўча ўспрымаюць пастаўкі зброі ва Украіну 39 %, а негатыўна ставяцца – 56 % (у пачатку чэрвеня ўсё было яшчэ горш: 30 % і 58 % адпаведна).

У Грэцыі падтрымліваюць вайсковую дапамогу 39 %, а 55 % выступаюць супраць (было 43 % і 53 %). 

Еўропа захоўвае праўкраінскія настроі

Вялікую ступень упэўненасці ў падтрыманні Украіны дэманструе брытанскае грамадства: на пачатак чэрвеня 78 % рэспандэнтаў ухвалялі вайсковую дапамогу і толькі 16 % былі супраць. Заканамерна, што менавіта Вялікая Брытанія ўваходзіць у топ найбуйнейшых пастаўляльнікаў зброі для ЗСУ.

Вельмі высокі ўзровень падтрымання Украіны назіраецца сярод іспанцаў і партугальцаў: 81 % і 75 % адпаведна. У іспанскім грамадстве колькасць прыхільнікаў вайсковай дапамогі цягам лета выраслі амаль на 20 %, а ў Партугаліі амаль на 15 % скарацілася. У Нідэрландах згодныя выдаткоўваць грошы на зброю для Украіны 69 % рэспандэнтаў (было 85 %).

У Нямеччыне, Францыі і Італіі падтрыманне Украіны на ўзроўні грамадскай думкі не такое каласальнае, але і вялікіх ваганняў у настроях тут няма.

У Францыі, паводле апошняга апытання «Eurobarometer», выдаткоўваць грошы на зброю для Украіны згодныя 55 % грамадзянаў і 34 % гэты курс не падтрымлівалі. У пачатку лета было 57 % «за» і 32 % «супраць» – то бок змены нязначныя. У Італіі вайсковыя пастаўкі падтрымліваюць 52 %, а супраць – 37 % (было 60 % і 35 %).

У Нямеччыне ў канцы жніўня «за» пастаўкі зброі выступалі 51 % рэспандэнтаў, а 42 % – супраць. У пачатку чэрвеня – 61 % і 33 % адпаведна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Танк M1A1 «Abrams» на базе марской пяхоты Барстаў, Каліфорнія, ЗША. 7 ліпеня 2020 года.
Фота: Abaca Press / Forum

Чэрвеньскае сацыялагічнае даследаванне інстытуту «Infratest dimap» на замову медыякампаніі ARD давала больш дакладнае разуменне структуры грамадскіх настрояў у Нямеччыне. На той момант 43 % немцаў ухвалялі цяперашнія аб’ёмы дапамогі Украіне (мінус 4 % у параўнанні з сакавіком), а 14 % ацэньвалі іх як недастатковыя (мінус 2 %). Празмернай лічылі дапамогу 37 % рэспандэнтаў – іхная колькасць на той момант вырасла на 6 %.

Даследаванне «ARD-DeutschlandTREND» у жніўні 2023 года паказала, што немцаў значна менш стала турбаваць сітуацыя ва Украіне. Толькі 9 % апытаных уключаюць гэтую праблему ў лік прыярытэтных для Берліну – гэта на 16 пунктаў менш, чым за пяць месяцаў да гэтага. Эканоміка, міграцыя, клімат і сацыяльнае забеспячэнне немцаў хвалюе больш.

Праўда, спяшацца з высновамі тут не варта. Яшчэ вясной Украіна цікавала немцаў болей, чым міграцыя і эканоміка, а ўзровень падтрымання курсу на дапамогу Кіеву ўзрастаў (плюс 10).

Крамлю радавацца не варта

Сапраўды можна казаць, што ў шэрагу краінаў Еўропы назіраецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці прыхільнікаў дапамогі для Украіны, у першую чаргу вайсковай. Імаверна, частка грамадства еўрапейскіх краінаў з цягам часу схільная больш канцэнтравацца на ўнутраных праблемах. Агулам у Еўразвязе за 1,5 года вайны станоўчае стаўленне да паставак зброі скарацілася на 10 %, да фінансавай дапамогі – на 16 %, гуманітарнай – на 7 %, антырасейскіх санкцыяў – на 8 %. 

Разам з тым, прыкметаў карэннага пералому не назіраецца. У Еўразвязе і Вялікай Брытаніі прыхільнікаў дапамогі Украіны па-ранейшаму абсалютная большасць. Прычым курс на вайсковую дапамогу для Украіны захоўвае моцныя электаральныя пазіцыі ў ключавых дзяржавах ЕЗ і таму вынікі выбараў у Славаччыне не маюць шанцаў прывесці да змены ўсяе еўрапейскае палітыкі.

Акрамя таго, варта разумець, што грамадская думка схільная да ваганняў і спад часцяком можа змяняцца ростам. Напрыклад, арганізацыя «Eupinions» (праект нямецкага фонду «Bertelsmann Stiftung») ужо фіксавала пэўнае зніжэнне падтрымання паставак зброі Украіне ў верасні 2022 года, але ў сакавіку 2023 года сітуацыя зноў вярнулася да ўзроўню вясны 2022 года.

Нават у тых краінах, дзе прыхільнікаў вайсковай дапамогі меншасць, у цэлым сімпатыі адназначна застаюцца на баку Украіны. Больш чым палова рэспандэнтаў у Славаччыне, Балгарыі і Грэцыі лічыць, што Крэмль мусіць панесці адказнасць за ўварванне. Таксама большасць у гэтых краінах выступе за тое, каб ЕЗ працягваў праяўляць салідарнасць з Украінаю. 

Глеб Нержын belsat.eu