У Беларусі другі дзень зачышчаюць журналістаў і актывістаў па ўсёй краіне. Ператрусы, затрыманні, канфіскацыя тэхніка. Пры гэтым людзей пачынаюць вінаваціць ажно ў тэрарызме. Разбіраемся, чаму так.
За 8–9 ліпеня ў Беларусі разграмілі выданне «Наша ніва», ператрусы чыняцца ў іншых выданнях, удома ў журналістаў і актывістаў па ўсёй краіне: у Бабруйску, Баранавічах, Берасці, Віцебску, Воршы, Ганцавічах, Глыбокім, Гомлі, Докшыцах, Лунінцы, Наваполацку, Пінску і Светлагорску. Усё гэта адбываецца за месяц да гадавіны нібыта перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года з афіцыйным вынікам 80 %.
Паводле сваякоў затрыманых, ператрусы адбываюцца «як у страшным сне»:
«Паміж нашай маладзенькай слівай і пясочніцай, паўз лужок з рамонкамі (сёлета Андрэй залужыў для Тамаша свае любімыя бульбяныя градкі) да нашага дому нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам. Гэта нагадвала сон і страшныя фільмы пра Афрыку. І як у сне я зараўла з усёй сілы: «Андрэйка, вобшук! Андрэй, у нас вобшук!!!», – піша ў Facebook Паўліна, жонка кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэкламы «Нашай нівы» Андрэя Скурка.
Пры гэтым некаторых, як, напрыклад, галоўнага рэдактара выдання Ягора Марціновіча, моцна збівалі.
«Я не ведаю, што з ім зрабілі, бо яшчэ раніцаю гэта быў здаровы чалавек. Але і на ператрусе ў рэдакцыі, і на ператрусе ўдома ён выглядаў дрэнна, паводзіў сябе нехарактэрна», – адзначае жонка затрыманага Адарʼя Гуштын.
Часам ператрусы чыняцца да глыбокай ночы, як у выпадку з журналісткаю «Белсату» Марыяй Малевіч. На кватэру, дзе яна прапісаная, 8 ліпеня прыехалі прадстаўнікі КДБ. У межах крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкіх груповак.
«Шукалі экстрэмісцкія матэрыялы, перавярнулі ўвесь дом», – распавяла Марыя ў каментары belsat.eu. На ейную сястру, якая ў той час была ўдома, склалі пратакол за нібыта непадпарадкаванне. Сёння яе судзілі праз «Skype» і аштрафавалі на 10 базавых велічыняў.
Афіцыйна ўлады доўга не каментавалі нападу на медыі. Толькі ўвечары 8 ліпеня, хоць ператрусы пачаліся з самой раніцы, намеснік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў, што ў краіне трывае «шырокамаштабная аперацыя для зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў».
Пры гэтым часта крымінальныя справы заводзяцца за нібыта тэрарызм. У гэтым, паводле арт. 289 КК, вінавацяць, напрыклад, адміністратара Facebook-супольнасці «Письма солидарности» Сяргея Барысава і былога старшыню Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова. Паводле ч. 2 арт. 289 КК ператрус праходзіў у баранавіцкім выданні «Intex-press». Шукалі тэрарызм і ў пінскім выданні «Медиа-Полесье».
Артыкул 289 КК («Акт тэрарызму») дзеліцца на тры часткі. Першая прадугледжвае пакаранне ад 8 да 15 гадоў зняволення, другая – ад 8 да 20, а трэцяя – ад 10 і ажно да смяротнай кары.
Каментуючы для belsat.eu пачатак крымінальных справаў за тэрарызм, юрыст, прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк згадаў выпадак са сваёй адвакацкай практыкі ў Беларусі. Ён у прыватнасці абараняў затрыманага, які з дапамогаю лазерных указак нібыта хацеў асляпіць амапаўцаў, хоць ніякіх пацярпелых не было.
Тады яму сказалі, што калі падабаронны не прызнае віны, то атрымае абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе.
«Там артыкул такі, што ўсё што заўгодна пад склад злачынства будзе пасаваць. Суд будзе закрыты, і ніхто нічога не пабачыць і не пачуе. І сядзець ён будзе восем гадоў», – заявіў тады следчы адвакату.
Юрыст мяркуе, што такія артыкулы ўжываюцца тады, калі віну даказаць немагчыма, але пастаноўлена даць вялікі тэрмін:
«З артыкулам пра тэрарызм, думаю, прыкладна тое самае. Пагатоў вядзе справу і там, і там КДБ. Гэта іх артыкул – цяжкі і прадугледжвае доўгі тэрмін».
Паводле Міхаіла Кірылюка, выкарыстанне тэрарыстычнага артыкулу дае КДБ наступныя магчымасці:
А патлумачыць гэта, мяркуе юрыст, можна будзе прынцыпам намесніка кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова: Крымінальны кодэкс у дачыненні затрыманых не працуе, бо «яны ж тэрарысты».
ПС belsat.eu