Ілюзія ракетнай атакі з тэрыторыі Беларусі: хітры план Расеі ці выпадковасць?


Падчас масіраванай паветранай атакі на Украіну 5 жніўня ўзніклі падазрэнні, што частка ракетаў была запушчана з Беларусі. Пазней высветлілася, што гэтыя падазрэнні былі неабгрунтаваныя. Разам з тым, у Кіеве выказалі меркаванне, што Расея наўмысна імітавала абстрэл з беларускага кірунку, каб уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны. Belsat.eu разбіраўся, што насамрэч стаіць за падзеямі 5 жніўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vadim Grishankin / Russian Defense Ministry Press Service via AP / East News

Цяжкасці інтэрпрэтацыі: не «з», а «праз»

У суботу, падчас масіраванай ракетнай атакі на Украіну 5 жніўня Паветраныя сілы ЗСУ паведамілі аб тым, што ракеты на Украіну ляцяць у тым ліку з боку Беларусі.

У першыя семь месяцаў поўнамаштабнай вайны абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі адбываліся амаль рэгулярна. Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн» усяго ў 2022 годзе з Беларусі па Украіне была запушчана 721 ракета. Аднак у кастрычніку 2022-га атакі спыніліся і з таго часу не аднаўляліся. Таму інфармацыя, якая з’явілася 5 жніўня, выклікала падвышаную ўвагу.

Каментар
Чаму Расея амаль перастала страляць з Беларусі ракетамі, але таемна запускае дроны-камікадзэ?
2022.11.01 07:30

Ужо ўначы з’явіліся першыя абвяржэнні. Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў распавёў, што Расея магла імітаваць пуск ракет з тэрыторыі Беларусі, каб уцягнуць яе ў вайну супраць Украіны. Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт заявіў, што згодна з інфармацыяй, якой валодаюць добраахвотнікі, ніякіх атак з боку Беларусі не адбылося. «Гэта чарговая спроба Расеі ўцягнуць рэжым Лукашэнкі ў поўнамаштабную вайну», – заявіў ён.

«Беларускі Гаюн» паведаміў, што 5 жніўня запускаў ракет паветранага або наземнага базавання з тэрыторыі Беларусі не адбывалася. Больш за тое, не было ўзлётаў авіяцыі, якая патэнцыйна магла б запусціць ракету, а таксама не зафіксавана заходу авіяцыі ў патэнцыйную зону запуску ракет.

Спікер Паветраных сіл ЗСУ Юрый Ігнат 6 жніўня распавёў, што праз Беларусь усё-ткі быў заўважаны пралёт паветраных цэляў, але сам запуск расейскіх ракет, імаверна, быў ажыццёўлены ў раёне Тамбова. «Гэтая інфармацыя зараз удакладняецца», – дадаў ён.

7 жніўня Ігнат агучыў канчатковыя высновы Паветраных сілаў: атакі з тэрыторыі Беларусі дакладна не было, але беларускую паветраную прастору ракета сапраўды «зачапіла». «Яна была запушчана з самалёта МіГ-31К з раёна Тамбова. Як яна па маршруце ляціць, вы ж разумееце, скрыжаванне дзяржаваў Расея, Беларусь, Украіна, яна закранае паветраную прастору Беларусі. Ніякіх праблем для расейцаў у гэтым няма», – заявіў ён. Ігнат патлумачыў першапачатковую блытаніну: дзяжурны паведаміў, што ракета «Кінжал» ляцела з беларускага кірунку, а медыі памылкова вырашылі, што маецца на ўвазе атака з тэрыторыі Беларусі.

«Зыходзячы з вышэйсказанага, ракета магла прайсці толькі праз вузкі ўчастак мяжы Беларусі з РФ ад пасёлка Галое да «Трох сясцёр», – рэзюмуе «Беларускі Гаюн».

Выпадковыя падазрэнні?

Казус абстрэлу 5 жніўня зусім не тыповы для цяперашняй вайны.

Па-першае, імаверна, упершыню паведамляецца пра запуск ракетаў не «з», а «праз» Беларусь. У лютым-кастрычніку 2022 года Расея выкарыстоўвала тры схемы атакі:

1) наземныя запускі ракетаў з тэрыторыі Беларусі; 2) запускі ракет з самалётаў, якія ўзляцелі з беларускіх аэрадромаў; 3) запускі ракетаў з самалётаў, якія спецыяльна для гэтага ўвайшлі ў беларускую паветраную прастору Беларусі, але ў Беларусі не базуюцца.

Па-другое, раён Тамбова – незвычайная лакацыя для запуску ракетаў. У публічных зводках Паветраных сілаў ЗСУ згадак пра атакі з Тамбову раней не было.

Нельга выключаць, што запуск ракетаў праз Беларусь 5 жніўня мог падпарадкоўвацца выключна вайсковай, а не палітычнай логіцы. Расея часцяком камбінуе маршруты атакаў, запускае ракеты з розных кірункаў, каб украінскім сілам СПА было цяжэй адбіваць атакі. Магчыма, запускаючы ракету з Тамбову праз Беларусь расейцы проста тэставалі новы маршрут для паветраных атак. Таму факту, што атака мусіла «зачапіць» паветраную прастору Беларусі, расейцы маглі і не прыдаць вялікага значэння.

Як паказвае практыка, для расейцаў парушэнне чужой паветранай прасторы наогул не з’яўляецца праблемай. Напрыклад, 10 лютага 2023 года яны білі па тэрыторыі Украіны праз паветраную прастору Малдовы, праз Прыднястроўе. Афіцыйны Кішынэў выказаў пратэст у сувязі з гэтым інцыдэнтам. Падобна на тое, што з боку Расеі гэта не было наўмыснай правакацыяй – імаверна, расейскіх вайскоўцаў проста не надта турбавала рэакцыя Малдовы. У выпадку з рэжымам Лукашэнкі, які з’яўляецца хаўрусніцам Масквы, расейцы не рызыкавалі атрымаць нават дыпламатычную ноту пратэсту.

Ці наўмысная правакацыя?

Ці мелі рацыю каліноўцы і прадстаўнікі ГУР, калі дапускалі, што Расея магла наўмысна імітаваць атаку з тэрыторыі Беларусі, каб уцягнуць краіну ў вайну? Выключаць гэтага нельга, але не зусім зразумела, на што абапіраліся гэтыя высновы – ці валодаюць каліноўцы і ГУР яшчэ нейкімі звесткамі, акрамя тых, што ёсць у адкрытым доступе.

Цікава, што 4 жніўня, напярэдадні ракетнай атакі, СБУ заявіла, што Расея можа рыхтаваць аперацыю пад «чужым сцягам» на Мазырскім НПЗ. Расейскія вайскоўцы, перакінутыя ў Беларусь пад выглядам «вагнэраўцаў», нібыта могуць зладзіць дыверсію на нафтаперапрацоўчым заводзе, каб абвінаваціць у гэтым украінцаў і стварыць такім чынам casus belli. СБУ сцвярджае, што атрымала адпаведную інфармацыю адразу з некалькіх крыніцаў, у тым ліку ад аднаго расейскага палоннага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дняпро, Украіна.
Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum

Гэта ўжо не першы выпадак, калі ў публічнай прасторы з’яўляецца інфармацыя пра тое, што Расея плануе арганізаваць у Беларусі тэракты, каб уцягнуць краіну ў вайну. Раней гэтыя звесткі ніколі не пацвярджаліся, часам выглядаючы як наўмысны ўкід. Але калі заява СБУ сапраўды мае пад сабой нейкія падставы, то тады становяцца зразумелымі падазрэнні ГУР і каліноўцаў наконт імітацыі ракетнага ўдару з Беларусі.

У такім выпадку паўстае іншае пытанне: а ці можа імітацыя ракетнага ўдару з Беларусі справакаваць уцягванне краіны ў вайну? У лютым-кастрычніку 2022 года нават рэальныя і рэгулярныя абстрэлы не пацягнулі такіх наступстваў. Але варта прызнаць, што з таго часу шмат што змянілася.

Стаўка на новыя падыходы Украіны?

Калі ўсё ж дапусціць, што гэта была наўмысная правакацыя, то, магчыма, у Расеі разлік быў на тое, што Украіна больш не збіраецца цярпець абстрэлаў з беларускага боку і гатовая нанесці ўдар у адказ.

Раней «Белсат» ужо распавядаў пра тое, што прыкладна з канца 2022 года ўлады Украіны пачалі пераасэнсоўваць сваю палітыку ў дачыненні Беларусі. Цяпер яны адчуваюць сябе больш упэўнена і ўжо не баяцца справакаваць Лукашэнку на агрэсію. Той факт, што да дыверсіі ў Мачулішчах, хутчэй за ўсё, было датычнае СБУ даказвае: негалоснае табу на аперацыі супраць расейскіх сілаў у Беларусі, імаверна, больш не дзейнічае. У адміністрацыі Уладзіміра Зяленскага сталі адкрыта казаць пра тое, што Лукашэнка ў прынцыпе не здольны істотна павысіць стаўкі. «Што можа даць такога Беларусь, што карэнным чынам памяняе дыспазіцыю падчас баявых дзеянняў? Ды нічога, па вялікім рахунку», – заявіў у красавіку 2023 года дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк. Больш за тое, нават сам Лукашэнка дэ-факта прызнаўся ў чэрвені 2023-га, што павышаць стаўкі сапраўды не гатовы: для яго «чырвонай лініяй» будзе толькі поўнамаштабны напад на Беларусь, «класічная агрэсія», а не нейкія лакальныя аперацыі.

Аналітыка
Лукашэнка прыгразіў знішчыць мільён чалавек. Тлумачым, чаму, хутчэй за ўсё, гэта блеф
2023.06.14 19:42

Нельга выключаць, што ўкраінскае камандаванне ўжо даўно распрацавала план кропкавых удараў па расейскіх вайсковых аб’ектах у Беларусі на той выпадак, калі беларуская тэрыторыя зноў пачне актыўна выкарыстоўвацца для адкрытых атак на Украіну. Адпаведны сцэнар не выключаўся і раней, нават у самым пачатку вайны. Тэхнічных магчымасцяў для такой аперацыі цяпер дастаткова: тыя ж брытанскія ракеты Storm Shadow на ўзбраенні ЗСУ могуць біць на адлегласць у 290 км. Гэтага хопіць, каб, напрыклад, ударыць па вайсковаму аэрадрому ў Баранавічах, які за 6 гадзінаў да ракетнай атакі 5 жніўня пакінулі дзевяць расейскіх знішчальнікаў. Можна толькі гадаць, было іх перабазаванне ў той дзень выпадковым супадзеннем або праявай асцярожнасці.

Разам з тым, калі версія аб правакацыі адпавядае рэчаіснасці, то з боку Масквы, як мінімум, наіўна было б лічыць, што Украіна можа нанесці ўдары ў адказ, не разабраўшыся ў сітуацыі. Цана пытання занадта высокая, каб імітацыі ракетнага ўдара хапіла для маштабнай эскалацыі з непрадказальнымі наступствамі. Калі ў бліжэйшыя тыдні не будзе новых спробаў скарыстацца паветранай прасторай Беларусі для атакаў на Украіну, а папярэджанні СБУ наконт Мазырскага НПЗ не спраўдзяцца, то гэта стане доказам таго, што казус 5 жніўня не меў ніякай палітычнай падаплёкі.

Аналітыка
Як і чаму афіцыйны Кіеў карэктуе сваю палітыку ў дачыненні Беларусі
2023.06.02 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў