Ваенкаматы клічуць хворых на медкамісію. Што яны задумалі і ці гэтак узмоцняць войска?


Беларусы сталі апошнім часам расказваць, што ім пачалі прыходзіць позвы ваенкамату на паўторную медычную камісію, хоць раней у іх прызнавалі істотныя хваробы. Шэраг такіх гісторыяў з розных гарадоў і вобласцяў сабралі выданні Zerkalo і Dev.by. «Белсат» спытаў экспертаў, адкуль такая ўвага да прызыўнікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Bulkin Sergey / Russian Look / Forum

У пачатку 2023 года патрабаванні да здароўя прызыўнікоў змянілі, прыбраўшы шмат якія «адмазкі»: са спісаў зніклі некаторыя хваробы і станы, што раней рабілі чалавека непрыдатным да службы ў войску. А ў сярэдзіне 2022-га ўлады разграмілі службы, што дапамагалі прызыўнікам знаходзіць у сябе хваробы. І гэта ўсё на фоне суўдзелу Беларусі ў вайне ва Украіне, але не беспасярэдняга ўдзелу войскаў у баявых дзеяннях на баку Расеі.

Каго клічуць у ваенкаматы

Адзін з суразмоўцаў Dev.by, 25-гадовы мужчына, мае вайсковы білет з пазнакаю «без пераагляду», бо ў яго прызналі блізарукасць у мінус 6,5 на абодва вокі. Пасля параагляду ён стаў прыдатным да службы, хоць зрок пагоршыўся да мінус 7. Другі суразмоўца, якому на момант прыходу позвы на месца прапіскі было 26, мае скаліёз і кіфоз трэцяй ступені – паводле новых правілаў, ён быў бы прыдатны. Той узяў вялікі адпачынак, з’ехаў на мора і на медкамісію не хадзіў.

25-гадовы чытач «Zerkalo» атрымаў 8 гадоў таму вайсковы білет з пазнакаю «без пераагляду» праз кіфоз і плоскаступнёвасць – яму на месца прапіскі нядаўна прыйшла позва, але мужчына працуе за мяжой і дамоў ужо не збіраецца. 22-гадовы чытач мае кіфоз трэцяй ступені, у 2020-м яго не ўзялі ў войска з абавязкам паўторнай медкамісіі цягам трох гадоў – цяпер схадзіў на медкамісію і стаўся прыдатным. 23-гадовы мае летась пацверджаны медычнаю камісіяй нерэўматычны парок сэрца, а цяпер атрымаў позву на паўторнае абследаванне.

Разбор
Як не трапіць у войска? У Беларусі з’явіліся падпольныя службы дапамогі прызыўнікам
2023.05.19 09:00

Яшчэ два чытачы Dev.by, 25-гадовы і 47-гадовы, ужо служылі, а нядаўна атрымалі дзіўныя запрашэнні: першага праз тэлефон клікалі, «маўляў, не зборы, а нейкія заняткі», другога – позваю на працу «зверыць звесткі», і ісці трэба было з універсітэцкім дыпломам, пасведчаннямі аб шлюбе і нараджэнні дзяцей. Чытачка «Zerkalo» расказала, што ейнага 24-гадовага мужа з хваробаю хрыбетніцы праз тэлефон паклікалі на медкамісію, а позвы гэтак і не прыслалі. Чытачка і муж не хочуць правяраць, ці прызавуць: кажуць, знаёмы ў траўні пайшоў у войска, хоць меў адтэрмінаванне да восені.

Навошта гэта і да чаго прывядзе?

Спецыяліст у нацыянальнай бяспецы, палітолаг Аляксандр Казак расказвае «Белсату», што прычыны дзве. Першая – «няма каму ваяваць», бо так склалася дэмаграфія, дый шмат маладых беларусаў з’ехала. Другая – пагрозай адказнасці за няяўку могуць спрабаваць утрымаць людзей ад эміграцыі. Таксама, адзначае ён, беларусаў стрымліваюць ад эміграцыі пашырэннем адпрацоўвання пасля ўніверсітэтаў і падаткам на дармаедаў за жыццё за мяжою.

Гэта наўрад ці робяць дзеля нейкіх планаваных агрэсіўных ці абарончых дзеянняў, мяркуе эксперт: беларускае войска ён не лічыць здатным на самастойную вайну з кімсьці і называе армію Беларусі мішурой. У такім выпадку стан здароўя прызыўнікоў неістотны.

Аналітыка
Да чаго рыхтуюць Беларусь і навошта Лукашэнку гарантыі бяспекі?
2023.04.11 19:00

Баец палка імя Кастуся Каліноўскага, што ваюе на баку Украіны, Вадзім Кабанчук кажа, што спроба павялічыць колькасць мабілізацыйнага рэзерву ў Беларусі можа сведчыць: эміграцыя моладзі такая масавая, што людзей ужо не стае для камплектацыі звычайных (не разгорнутых) узброеных сілаў. Ён згадвае, што цяпер у міліцыю набіраюць нават тых, хто не прайшоў вайсковай службы.

Кабанчук заўважае: шмат у якіх арміях свету цяпер зніжаюць патрабаванні да рэкрутаў, бо «чалавечы рэсурс» пагаршаецца, а ў войску ўсё больш спецыяльнасцяў, на якіх не трэба мець здароўя асілка і нават добрага зроку. Праўда, у крытычнай сітуацыі нават хворага штабнога могуць паклікаць у бой, не спытаўшы пра хворую спіну.

Даволі жорсткую і адпрацаваную дыферэнцыяцыю наконт здароўя мае ізраільскае войска, расказвае вайсковы аглядальнік з Ізраілю Давід Шарп. Яшчэ старшакласнікі на  дапрызыўнай камісіі атрымліваюць профіль прыдатнасці: у залежнасці ад хваробаў, надаюць двухзначныя код ад 21 да 97. Можа быць часовая або поўная непрыдатнасць, можа быць непрыдатнасць да баявых частак з прыдатнасцю да службы ў тыле, можа быць прыдатнасць да баявой службы, але не спецпадраздзяленняў. Асобны профіль ёсць для салдатаў-алергікаў, асобны – для моцна хворых, але прыдатных на лёгкія тылавыя працы.

Некаторыя ізраільцяне, заўважае Шарп, спрабуюць панізіць гэты профіль выдуманымі хваробамі, але некаторыя маюць матывацыю падвысіць балы і даказаць, што прыдатныя да службы. Матываваны чалавек, адзначае суразмоўца, можа прынесці войску карысць нават з інваліднага вазка, а цалкам непрыдатнага ў Ізраілі ўсё роўна могуць узяць у войска, калі той папросіцца добраахвотнікам.

Ці прынясуць людзі з сур’ёзнымі хваробамі карысць беларускаму войску? Шарп разважае: калі хтосьці крайне нематываваны, а яго яшчэ і выкарыстоўваюць «не так, як трэба», то будзь то армія ці любая іншая структура, карысці не будзе. Калі ў беларускім войску будзе панаваць сваволле і астматыкаў будуць падганяць пад адзін капыл са здаровымі, а не прызначаць на спецыяльную службу ў тыле, дык і войска не ўзмацніцца, і здароўе грамадзянаў пацярпіць, і незадаволенасць вырасце.

Валянцін Васіленка, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў