Зацыкленасць на Другой сусветнай вайне ды істэрыка ад таго, што не ўдаецца знішчыць беларускі пратэст, выклікаюць у прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі жаданне выкарыстоўваць нацысцкія метады супраць беларусаў, мяркуе нямецкі гісторык беларускага паходжання Аляксандр Фрыдман.
Генерал-маёр Алег Белаконеў падчас цырымоніі развітання з афіцэрам КДБ Дзмітрыем Федасюком заявіў, што ў адказ трэба забіць 20 ці нават 100 асобаў. Дзмітрый Федасюк загінуў, калі ўзламаў дзверы кватэры Андрэя Зельцара, які са стрэльбаю бараніў сваё жытло ад групы людзей у цывільным.
«Я лічу, мы занадта мякка абыходзімся з імі і да іх падобнымі. Чамусьці яны дзеюць па-за межамі закону, а мы стараемся ўсё рабіць паводле закону. Паводле закону з імі размаўляць, паводле закону іх пераконваць, паводле закону іх угаворваць. А трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго – 20, 100… Каб не было панадна нікому», – заявіў экс-начальнік Генштабу, які зрабіўся дэпутатам.
Белаконеў такім чынам амаль даслоўна працытаваў сумна вядомы загад генерал-фельдмаршала Вільгэльма Кайтэля ад 16 верасня 1941 г. пра дзеянні ў адказ на партызанскія дыверсіі:
«Выкупленнем за жыццё аднаго нямецкага жаўнера ў такіх выпадках, як правіла, павінна лічыцца смяротнае пакаранне для 50–100 камуністаў».
На практыцы нацысты часта забівалі не камуністаў, а абсалютна выпадковых людзей (перш за ўсё габрэяў) з цывільнага насельніцтва.
«Я б звярнуў увагу на дзве акалічнасці. Па-першае, Белаконеў захапляецца Пуціным і менавіта яго прыводзіць у якасці прыкладу. Гэты чалавек ужо дакладна арыентуецца на Маскву. Па-другое, афіцэру відавочна падабаюцца метады, якія ў часе вайны выкарыстоўвалі нацысты… Мне цяжка ўявіць сабе, што афіцэр з вышэйшай ваеннай адукацыяй не ведае пра злачынны загад Кайтэля», – кажа асацыяваны работнік Цэнтру антрапалагічных даследаванняў музеяў і спадчыны пры Інстытуце еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту імя Гумбальта, доктар Аляксандр Фрыдман.
Лукашэнкаўскія прапагандысты наўмысна распальваюць варожасць і пагражаюць грамадству, мяркуе навуковец.
«Учора ўжо пачаліся, а сёння працягваюцца арышты. Фактычна закладнікамі ўжо сталі больш за 100 чалавек. Што рэжым будзе з імі рабіць? Спадзяюся, што не прыслухаецца да пажаданняў Белаконева… Я б успрымаў словы гэтага чалавека сур’ёзна. Лукашэнку і ягонаму атачэнню ўжо няма чаго губляць, а за апошні год яны прадэманстравалі, што гатовыя праводзіць самыя жорсткія і радыкальныя рэпрэсіі», – сказаў Аляксандр Фрыдман.
У выніку трагічнага супрацьстаяння на вуліцы Якубоўскага для значнай колькасці беларусаў героем стаў Андрэй Зельцар, і гэта вельмі напужала рэжым, адзначае гісторык.
«Паколькі людзі, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, зацыкленыя на падзеях Другой сусветнай вайны, гэта адкладваецца ў іхнай галаве і потым уплывае на іх. Калі здараецца надзвычайная сітуацыя, яны рэагуюць паводле тых схемаў, якія ў іхных галовах засталіся. Ім аўтаматычна прыходзяць у галаву нацысцкія прыклады. Калі ўзяць Белаконева – ён як чалавек з вышэйшай ваеннай адукацыяй, генерал і дэпутат, павінен быў ведаць, што гэта звычайны нацызм», – заключае Аляксандр Фрыдман.
ЛР, belsat.eu