За захаванне ці распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» – адміністратыўна адказны той, хто захаваў ці распаўсюдзіў. За «фармаванне» – крымінальная адказнасць… незразумела, каго.
Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі 3 лістапада прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» неакрэсленую групу грамадзянаў, «аб’яднаных з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў «Белсат». А яшчэ 27 ліпеня матэрыялы «Белсату» прызналі «экстрэмісцкімі».
Разбіраемся, якая юрыдычная і практычная розніца.
Матэрыял прызнае «экстрэмісцкім» суд. У нашым выпадку гэта быў суд Чыгуначнага раёну Гомля. З заявамі сілавікоў суды звычайна пагаджаюцца, але, напрыклад, суд адмовіў праваабаронцу Паўлу Левінаву ў разглядзе матэрыялаў вядоўцы СТВ Грыгорыя Азаронка на прадмет экстрэмізму.
Матэрыялам можа быць што заўгодна: кніга, фільм, артыкул, цэлы сайт ці суполка ў сацсетцы, увесь чат і ўсе паведамленні ў ім, фраза ці абрэвіятура, манета ці паштовая марка, графічны ці відэафайл.
Адказнасць – адміністратыўная. Паводле арт. 19.11 КаАП РБ, мінімальнае пакаранне – штраф (без ніжняй мяжы). Максімальнае – штраф да 30 базавых велічыняў (870 рублёў) для фізічнай асобы і да 500 базавых велічыняў (14 500 рублёў) для юрыдычнай асобы, канфіскацыя лічбавай тэхнікі і арышт, які могуць працягваць на некалькі месяцаў.
За падпіску на «экстрэмісцкі канал» ці прагляд «экстрэмісцкага відэа» караць не могуць. Караюць за распаўсюд «экстрэмісцкага матэрыялу», яго выраб, выданне, захоўванне або перавозку з мэтай распаўсюду. Рэпост, перасылку ў прыватным паведамленні і нават лайк могуць палічыць за «распаўсюд». Але сілавікі нярэдка правяраюць у затрыманых іхныя тэлефоны – часам падпіску на «няправільны» Telegram-канал (не абавязкова «экстрэмісцкі») выкарыстоўваюць як нагоду для затрымання, а караюць за нешта іншае (напрыклад, «непадпарадкаванне»).
Пакараць могуць і за матэрыял, які раней не прызнавалі «экстрэмісцкім». Калі суд прызнаў матэрыял «экстрэмісцкім» упершыню, дзее ч. 1 арт. 19.11 КаАП, дзе штрафы меншыя, а арышт не прадугледжаны. Калі судзяць за штосьці, што ўжо было ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў», магчымы арышт і большыя штрафы.
Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» можна паглядзець тут, яго вядзе Міністэрства інфармацыі.
Фармаванне прызнаюць «экстрэмісцкім» без суда самі сілавікі. У нашым выпадку гэта МУС, таксама прызнаваць «фармаванні» можа КДБ. Рашэнне можна паспрабаваць абскардзіць праз само Міністэрства ўнутраных справаў, але скаргу могуць пакінуць без разгляду з мноства прычынаў.
Фармаваннем мусіць быць група грамадзянаў, але гэта ўжо парушаюць. У законе наўпрост напісана: «экстрэмісцкае фармаванне – група грамадзянаў, якая чыніць экстрэмісцкую дзейнасць, або аказвае іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, або прызнае магчымасць яе ўчынення ў сваёй дзейнасці, або фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць». Ды ў спісе «фармаванняў» цяпер «група грамадзянаў, аб’яднаная праз сайт dze.chat» – гэта могуць быць як адміністратары сайту, так і больш за 300 тысяч чалавек з дваровых і гарадскіх чатаў, на якія спасылаецца сайт. Таксама «фармаванне» – «група грамадзянаў, якія чыняць экстрэмісцкую дзейнасць праз інтэрнэт-рэсурсы Nexta». Як гэта, не зразумела: закон не дае тлумачэнняў, як залічваць ва «ўдзельнікі». Але відавочна, што гэта супярэчыць закону.
Адказнасць – крымінальная. За «экстрэмісцкае фармаванне» могуць пакараць стваральніка або кіраўніка паводле арт. 361-1 КК РБ, пакаранне ад абмежавання волі без ніжняй мяжы тэрміну да 10 гадоў пазбаўлення волі. За «ўдзел з мэтай учынення злачынства» – паводле часткі 3 таго ж артыкулу, пакаранне ад абмежавання волі без ніжняй мяжы да пазбаўлення волі да 6 гадоў. За «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» – паводле арт. 361-2 КК РБ, пакаранне ад арышту да 8 гадоў. За «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» – паводле арт. 361-4 КК РБ, пакаранне ад абмежавання волі без ніжняй мяжы да пазбаўлення волі на 7 гадоў. У кантэксце медыяў прэцэдэнтаў пакуль яшчэ не было.
Падпісантаў «экстрэмісцкіх фармаванняў» хочуць караць, але гэта незаконна. Падпісантаў прыраўняў да ўдзельнікаў ГУБАЗіК, а Лілія Ананіч прапанавала трактаваць падпіску як «спрыянне». Ды пакараць без суда ўсё яшчэ фармальна не могуць, а ў судзе мусяць давесці, што ўдзел быў у мэтах учынення злачынства экстрэмісцкага кірунку (ці абгрунтаваць, што «падпіска = спрыянне», ды такога яшчэ не было).
Пакараць могуць да таго, як стане вядома пра «экстрэмісцкасць». Тэарэтычна, можа скласціся такая сітуацыя, калі пра прызнанне фармавання «экстрэмісцкім» стане вядома толькі праз тры-чатыры дні пасля рашэння, а за гэтыя дні затрымаць удзельнікаў ці кіраўнікоў, якія і не падазравалі пра сваю «экстрэмісцкасць». Пакуль такога не было.
Спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» можна паглядзець тут, яго вядзе Міністэрства ўнутраных справаў, сайт якога недасяжны за межамі Беларусі.
Некаторыя юрысты называюць сітуацыю ў Беларусі прававым дэфолтам. Рэч не толькі ў тым, што на практыцы могуць пакараць за падпіску на Telegram-канал, назваўшы гэта «спрыяннем экстрэмізму», а і ў тым, што могуць не пакараць за забойствы, катаванні, наўмысныя заражэнні каронавірусам у ізалятарах.
Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на практыцы цяжка будзе пільнаваць простаму чытачу навінаў, як і цяжка будзе прыбраць усе рэпосты «экстрэмісцкіх» TUT.by і «Белсату». Выходзіць, прасцей быць у інтэрнэце ананімным, чым сачыць за «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У «экстрэмісцкія фармаванні», магчыма, залічылі амаль мільён чытачоў Nexta. Ды выходзіць, пасадзіць мільён чалавек у 9-мільённай краіне праблематычна. А на практыцы любога і без «экстрэмізму» могуць пакараць за «непадпарадкаванне».
АА belsat.eu