«The Washington Post»: частка скрадзенага расейскімі войскамі абсталявання з ЧАЭС цяпер у Беларусі


Спецыялісты, якія працуюць на Чарнобыльскай АЭС, падлічылі страты ад захопу станцыі расейскімі вайскоўцамі напачатку вайны ва Украіне. Усяго расейскія вайскоўцы вывезлі са станцыі або знішчылі 698 камп’ютараў, 344 транспартныя сродкі, 1500 дазіметраў, а таксама важныя праграмы і амаль усё абсталяванне для тушэння пажараў. І гэты спіс яшчэ не поўны, паведамляе выданне «The Washington Post».

Меркаваны кошт замены страчанага – 135 млн долараў.

Цэнтральная аналітычная лабараторыя на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС Украіны, дзе дарагое абсталяванне выкралі або знішчылі расейцы падчас месячнай акупацыі.
Фота: The Washington Post

Без такога абсталявання некаторыя з важных працаў, напрыклад, маніторынг узроўню радыяцыі, на станцыі амаль немагчымыя. Самі ж расейцы скарыстаць скрадзенай тэхнікі не змогуць: праграмы на прыладах унікальныя, зробленыя адмыслова для ЧАЭС.

Пасля 31 сакавіка, калі расейскія войскі пайшлі са станцыі, працаўнікі ЧАЭС праверылі некаторае выкрадзенае абсталяванне, на якім ёсць GPS-трэкеры. Некаторыя рэчы ўсё яшчэ перадаюць звесткі пра лакацыю.

«Мы бачым, што частка размешчаная на тэрыторыі Беларусі, уздоўж мяжы. І частка перамяшчаецца па тэрыторыі Беларусі – Гомель, Менск, іншыя месцы», – распавядае кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва Украіны ў справах кіравання зонай адчужэння Яўген Крамарэнка.

За некалькі дзён да ўварвання ўсе, акрамя некалькіх соцень працаўнікоў, былі эвакуяваныя. Тыя, хто застаўся, у працоўныя змены працавалі сотні гадзінаў пад расейскім кантролем, часта не адпачывалі цягам некалькіх дзён, спрабуючы гарантаваць бяспеку станцыі і працу сістэмаў, распавёў Яўген Крамарэнка.

Чарнобыльская АЭС заставалася пад кантролем расейскіх войскаў больш за месяц, з 24 лютага па 31 сакавіка.

Аналітыка
Вайна на знясіленне замест бліцкрыгу. Галоўныя вынікі 100 дзён вайны
2022.06.03 08:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў