Што за «ЧВК Редан» і што з ім рабіць? Спыталі анімэ-супольнасць, сацыёлага і падлеткавага псіхолага


У Гомлі 28 лютага затрымалі дзве сотні падлеткаў, якіх звязалі з супольнасцю «ЧВК Редан». Сілавікі ўжо здымаюць «пакаянныя» відэа з затрыманымі, а БРСМ заклікае хуліганаў у свае шэрагі. Разбіраемся, да чаго тут анімэ, чаму падлеткі ходзяць біцца ў фармаце «скіны на патлатых» і што рабіць бацькам.

Маладзёны з сімволікай банды «Gen’ei Ryodan».
Фота: РЕДАН / VK

Што значаць гэтыя словы

  • ЧВК – «частная военная компания». Саманазва шэрагу незаконных узброеных фармаванняў у Расеі. Найбольш вядомае з іх – «група Вагнэра», што ваюе ў Расеі і Сірыі поплеч з афіцыйным войскам, праводзіць аперацыі ў шэрагу іншых краінаў і намагаецца праславіцца максімальнай жорсткасцю.
  • «Редан» – выдуманая банда «Gen’ei Ryodan» (яп. 幻影旅団, «Прывідная трупа»). Эпізадычныя персанажы «Hunter × Hunter» («Паляўнічы × Паляўнічы») – японскай мангі (коміксаў), што выходзіць з 1998 года, і двух японскіх анімацыйных серыялаў 1999–2001 і 2011–2014 гадоў.

Але «ЧВК Редан» – не група галаварэзаў і наўрад ці супольнасць фанатаў выдуманай банды.

Што гэта такое і як прыйшло ў Беларусь?

Ягор, актыўны ўдзельнік беларускай анімэ-супольнасці, тлумачыць «Белсату», што «ЧВК Редан» трапіла ў Беларусь праз трэнд у TikTok.

22 лютага ў маскоўскім гандлёвым цэнтры «Авиапарк» адбылася масавая бойка, на якую ахова не стала рэагаваць. Паводле Ягора, хуліганы з каляфутбольнага асяроддзя («офнікі») узяліся пабіць групу падлеткаў за выгляд: доўгія валасы і байкі з павуком – лагатыпам «Genʼei Ryodan». Але ад хуліганаў сталі адбівацца, што трапіла на відэа.

«Пэўная колькасць падлеткаў, абураных тым, што існуюць цэлыя субкультуры, прыгнятаныя за знешнасць, натхнілася гэтым відэа і пастанавіла аб’яднацца з мэтай нібыта даць адлуп», – тлумачыць Ягор.

У словах «ЧВК Редан», кажа ён, «ЧВК» – проста каб зрабіць назву страшнейшай. А «Редан» – толькі праз тое, што на відэа бойкі ў Маскве падлеткі былі ў байках «Genʼei Ryodan».

На думку Ягора, сітуацыя наўрад ці ёсць нейкай правакацыяй і найбольш падобная да простага флэш-мобу. Ён не бярэцца даваць ацэнку масавасці «ЧВК Редан», але ўпэўнены:

«Гэты «рух» звязаны з анімэ выключна праз назву. «Рэданаўцамі» могуць быць любыя нефармалы: як анімэшнікі, гэтак і любы іншы падлетак. Анімэ-культура даволі шырокая, таму ў ёй могуць быць прадстаўнікі розных субкультураў. Большая частка анімэ-тусоўкі з’яўленне «ЧВК Редан» асуджае».

Сказанае Ягорам пацвярджаецца тым, што пішуць незалежныя расейскія і ўкраінскія медыі (а да Украіны «ЧВК Редан» таксама дайшоў). Выданне «Север.Реалии» пагутарыла з удзельнікамі суполкі «ЧВК Редан»: тыя расказалі, што назва ўзнікла як жарт, калі адзін з брэндаў выпусціў адзенне ў вайсковым стылі з лагатыпам банды з анімэ. Бойку ў гандлёвым цэнтры чальцы «ЧВК Редан» называюць выпадковасцю, а кіраўнік суполкі заяўляе, што не пазіцыянуе «ЧВК Редан» як нейкі рух, ні да чаго не заклікае.

Цяпер толькі «УКантакце» 187 суполак з назвай «ЧВК Редан» у розных варыяцыях, са словам «Редан» у назве – звыш 400, а ад імя «руху» абвяшчаюць зборы ў Расеі, Беларусі, Украіне і нават Польшчы. Ды выглядае, што такога масавага «руху» не было да лютага 2023 года, а прыкметаў нейкага культу вакол банды з анімэ «Hunter × Hunter» не было відаць. І пакуль што гэты «рух» абмяжоўваецца расейскамоўнай прасторай – аналагаў у японскамоўнай ці англамоўнай прасторы знайсці не ўдаецца.

Ягор жа нагадвае, як у Беларусь праз TikTok прыходзілі іншыя дзіўныя трэнды: так, паўтара года таму падлеткі масава скручвалі каўпачкі ніпеляў з аўтамабільных колаў.

А тое анімэ не заклікае да масавых беспарадкаў?

Мы паглядзелі эпізоды з удзелам бандытаў «Genʼei Ryodan» – вельмі сумнеўна, каб серыял «Hunter × Hunter» мог правакаваць гвалт сярод падлеткаў або праслаўляць бандытызм. Бойкі там не больш жорсткія і крывавыя, чым, напрыклад, у мультсерыялах пра Чалавека-павука. Узроставыя рэйтынгі «Hunter × Hunter» у розных краінах – ад 12+ да 16+, але ніяк не «толькі для дарослых».

Гэта нармальна?

Старэйшы даследнік Цэнтру новых ідэяў, сацыёлаг Генадзь Коршунаў адказвае «Белсату»: калі ўсё сапраўды так, як сцвярджае анімэ-супольнасць, дык і добра.

«Па-першае, моладзь заўсёды аб’ядноўваецца, – заўважае Коршунаў. – Калі пацікавіцца ў гісторыкаў, такія яднанні моладзі, праўда, пад кіраўніцтвам больш дасведчаных людзей, сягаюць у старажытную даўніну».

Паводле сацыёлага, гэткія з’явы назіраюцца проста заўсёды, былі і ў часы індаіранскага адзінства пяць тысяч гадоў таму: калі падлеткі адыходзяць ад бацькоў, яны шукаюць пацверджання сваёй значнасці сярод аднагодкаў, самасцвярджаюцца ў асяродку такіх, як яны.

«На жаль, момант гвалтоўнага самасцвярджэння праз бойкі з іншымі таксама быў, – працягвае сацыёлаг. – Калі мы ўспомнім, напрыклад, 1990-ыя ў Менску, Серабранка хадзіла супраць Чыжоўкі, былі раённыя разборкі. Былі разборкі паміж брытагаловымі і готамі. Гэта было заўсёды».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скінхэды. Берлін, Нямеччына. 1997 год.
Фота: Neil Hester / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Калі ж інтэрнэт стаў больш дасяжным, такое супрацьстаянне груповак пачало пакрысе знікаць: яднацца стала прасцей у сеціве, заўважае Коршунаў.

Чаму цяпер з «ЧВК Редан» адбылася такая хуткая самаарганізацыя «ў офлайне»? Сацыёлаг параўноўвае сітуацыю з хіміяй: возьмеш насычаны раствор, кінеш у яго правільны каталізатар – і пойдзе яскравая рэакцыя. Інтэрнэт жа дазваляе каардынаваць дзейнасць у маштабах кантынентаў.

«У моладзевым асяродку, дзе людзі даволі лёгкія на пад’ём, яны могуць быць эмацыйна зараджаныя, калі гэта фанаты нейкай справы, нейкай гульні ці нейкага анімэ, – разважае Коршунаў. – Іх падбіць на правакацыйную штуку даволі нескладана. І мы бачым, што ў сучасным свеце, дзе ўсё адбываецца ў сеціве, нескладана зрабіць такі флэш-моб».

Што рабіць бацькам?

Псіхолаг Ілья Хломаў, спецыяліст у падлеткавай псіхалогіі расейскага цэнтру «Перекрёсток», знаёмы з сітуацыяй вакол «ЧВК Редан». Ён лічыць, што нейкага простага развязку накшталт «забараніць глядзець анімэ» быць не можа.

Як рэагаваць бацькам, калі падлетак абвясціў сябе «рэданцам», які супраць «офнікаў»? Або «першамайскім», якому біцца з «заводскімі»? Псіхолаг адказвае: невядома, як кожнаму падлетку будзе лепей.

«Першасна хочацца неяк прыдумаць, як яго можна было б спыніць, – расказвае Хломаў. – Калі ў бацькоў з падлеткам някепскі кантакт, калі ёсць магчымасць размаўляць, неяк навучыць, знайсці нейкія альтэрнатыўныя выйсці, дык цудоўна, калі ў бацькоў атрымліваецца адгаварыць. Або каб падлетак патлумачыў, што там адбываецца. Каб у межах нейкага дыялогу, адносінаў з бацькамі падлетак змог перадумаць і не ўвязвацца ў бойку».

Зберагаць у цяперашняй сітуацыі сапраўды важна, адзначае ён. Нават калі флэш-моб не скіраваны на бойку, у сітуацыі ўжо задзейнічаны АМАП, адбываюцца затрыманні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падлеткі.
Фота: Paul Downey / Flickr, CC BY 2.0

Калі падлетак заяўляе, што «ўсё, я пайшоў, мы будзем біцца», то добрага шляху спыніць гэта няма, прызнае Хломаў. Можна выклікаць міліцыю ці паліцыю, але невядома, чым гэта скончыцца для падлетка, а для сям’і можа скончыцца скандаламі. Іншы варыянт – хіба спадзявацца, што падлетак сам справіцца і застанецца пераможцам. Чалавеку ва ўзросце 15-16 гадоў цяжка нешта забараніць.

«Ёсць важны нюанс: калі падлетак ужо дастаткова дарослы, ён або нічога не скажа бацькам, або скажа, што ідзе да сяброўкі тусавацца, глядзець кіно, у кавярню піць каву, яшчэ нешта – дадае Хломаў. – То бок бацькі не даведаюцца да таго, як ім патэлефануюць з міліцыі ці пакажуць падлетка ў навінах».

Для падлеткаў, тлумачыць псіхолаг, цалкам нармальна, асабліва ў неспакойны час, яднацца ў групы і шукаць у іх сваю ідэнтычнасць, пераходзіць з групы ў групу. І заўсёды побач з групамі знойдзецца хтосьці, хто заўважыць іх і ўзначаліць, напрыклад, старэйшыя сябры. Ён таксама згадвае 1990-ыя гады і пачатак 2000-х, аб’яднанні каляфутбольных фанатаў або самбістаў ці каратыстаў.

«Што група робіць і як яна жыве – гэта вельмі моцна адпавядае таму, на якім фоне гэтая група існуе, у якой прасторы, у якім свеце, – канстатуе Хломаў. – А цяпер свет напраўду, аказваецца, вельмі нявызначаны, неадназначны, са складанымі правіламі, якія не на 100 % счытваюцца, часта не маюць прасторы апеляваць да іх. У сувязі з гэтым падлеткам неабходна спраўляцца з трывогай, напружаннем вакол. Таму шлях, які яны выбіраюць, гэта аб’яднацца, паказаць сваю дастатковую моц, дастатковую магчымасць спраўляцца з гэтым светам. Гэта, уласна, тое, што ім далей трэба будзе рабіць, калі яны будуць дарослыя».

Анімэ тут стала проста «ўдалым субстратам» для аб’яднання, лічыць псіхолаг: раней такім субстратам былі музыка, адзенне, спартовыя гурткі. Японская анімацыя напраўду шмат гадоў папулярная сярод вялікай колькасці падлеткаў па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, Расеі і Украіне, а «Hunter × Hunter» за чвэрць стагоддзя з першага выпуску не выклікаў стварэння нейкіх бандаў ці груповак.

Сінгапурскія аматары анімэ ў вобразе банды «Gen’ei Ryodan», 2013 год: 

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў