У Гомлі могуць завесці крымінальную справу пасля затрымання амаль 200 падлеткаў


Увечары 28 лютага ў Гомлі затрымалі 200 асобаў, 183 з іх – няпоўнагадовыя. Іх схапілі за «спробу правядзення масавай акцыі», гаворыцца ў справаздачы МУС Беларусі. Міліцыя пачала праверку і не выключае, што будзе заведзеная крымінальная справа.

Затрыманыя падлеткі. Гомель, Беларусь. 28 лютага 2023 года.
Фота: Флагшток – Гомельшчына / Telegram

Сілавікі ўчынілі «хапун» каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Секрет». Там, паводле заявы Міністэрства ўнутраных справаў, сабраліся прыхільнікі арганізацыі, якую яны па-расейску называюць «ЧВК Рёдан».

«Супрацоўнікі міліцыі аператыўна адрэагавалі на спробу правядзення незаконнага масавага мерапрыемства. Без ужывання гвалту ў органы ўнутраных справаў даставілі 200 чалавек, 183 з якіх – няпоўнагадовыя», – гаворыцца ў паведамленні.

Падлеткаў да 16 гадоў паставяць на ўлік у інспекцыях у справах няпоўнагадовых, таксама яны атрымаюць папярэджанні. Тым, каму болей за 16, прыгразілі адміністратыўнаю адказнасцю.

Міліцыя цяпер шукае асобаў, датычных да арганізацыі «незаконнай масавай акцыі». Імаверна, будзе заведзеная крымінальная справа, падсумавалі ў МУС.

Раней паведамлялася, што ў Гомлі затрымалі 50 маладзёнаў. Відавочцы сцвярджалі, што міліцыянты білі падлеткаў гумавымі дручкамі.

Увечары бацькі збіраліся пад дзвярыма Цэнтральнага РУУС гораду, каб высветліць лёс сваіх дзяцей.

Hавiны
У Гомлі затрымалі 50 аматараў японскага мульціка з моладзевага руху «ЧВК Редан»
2023.02.28 22:02

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў