Непераможны БГК! У нашым гандбольным дэрбі СКА зноў саступае


Беларускае дэрбі паміж Берасцейскім гандбольным клубам імя Мяшкова і сталічным СКА заўсёды збірае вялікую колькасць заўзятараў як з аднаго боку, так і з другога. Не стала выключэннем і чарговая сустрэча ўнутранага першынства краіны гэтых супернікаў, якая прайшла ў менскім Палацы спорту ва Уруччы, а перамогу зноў на апошніх хвілінах вырваў БГК – 31:30.

Справка
СКА 30-31 БГК
Справка
Менск. Палац спорту «Уручча».
Справка
СКА: Нікуленкаў (6), Крывенка (6), Вайлупаў (5), Бохан (4), Гірык (4), Рабушка (2), Чэршкашчэнка (2), Камышык (1), Ушал (1)
Справка
БГК: Баранаў (6), Шумак (5), Кулак (4), Джорджыч (4), Горак (3), Джукіч (2), Івіч (2), Юрынок (1), Патэка (1), Разгор (1), Абранавіч (1), Сельвасюк (1).

Турнірная табліца: БГК 44 балы (22 гульні), СКА – 33 (23), Машэка – 22 (21), Кранон – 19 (22).

Безумоўна, у сёлетнім сезоне каманда Ігара Папругі не можа скласці годнай канкурэнцыі мяшкоўцам, бо каманду пасля мінулага года пакінуў шэраг асноўных гульцоў, якім запрапанавалі больш заможныя кантракты іншыя клубы на міжнароднай арэне.

А БГК у сваю чаргу мае доўгую лаву запасных, годны бюджэт, і вар’іруе складам у залежнасці ад значнасці матчаў – ці гэта сустрэча Лігі Чэмпіёнаў, СЭГА-лігі, ці першынство краіны. Бывалі выпадкі, калі БГК вяртаўся пасля двубою на міжнароднай арэне, а на наступны дзень ужо ў графіку значыўся матч унутранага чэмпіянату, на які выходзіў зусім іншы склад гульцоў.

Пагатоў сёлета СКА яшчэ не меў у сваім актыве вікторыі над апанентам: яны міжсобку сустракаліся 4 разы, і заўжды перамагала каманда з гораду над Бугам. Аднак, нягледзячы на такія акалічнасці, армейцы на двубоі супраць БГК настройваюцца з неверагодным імпэтам і маюць дадатковую матывацыю. Пацвярджае гэта выказванне галоўнага трэнера сталічнай каманды напярэдадні дэрбі.

Аляксей Кішоў, галкіпер СКА. Фота www.ska-minsk.by/

Ігар Папруга, галоўны трэнер ГК СКА (Менск): «Мы імкнёмся хаця б раз перамагчы БГК, каб паверыць у сябе. Важна пераканаць каманду, што мы можам нават у такім складзе на роўных змагацца з берасцейцамі. Да таго ж вікторыя прыдасць імпэту клубу і заўзятарам, перад гульнямі на Кубак краіны».

У сённяшняй сустрэчы СКА амаль увесь час дамінаваў на пляцоўцы, стала вёў у ліку, аднак разняволенасць армейцаў на апошніх хвілінах сустрэчы і прывяла да агульнай крыўднай паразы з розніцаю ў адзін мяч. Вось як пракаментавалі гэтую сустрэчу непасрэдна яе ўдзельнікі.

Вячаслаў Шумак, лінейны БГК. Фота www.bgk-meshkova.com/

Аляксей Кішоў, галкіпер СКА: «Трохі расслабіліся, мабыць, ужо паверылі, што гульня зробленая. Каманда з Берасця дасведчаная, гуляе і ў Лізе Чэмпіёнаў, дзе выйшла ў плэй-оф, таму, я мяркую, што яны канец згулялі на досведзе ды крыху падлавілі нас. СКА трошкі забракавала варыятыўнасці ў атацы, у нас быў момант, калі цягам некалькіх хвілінаў не маглі закінуць, БГК у сваю чаргу пабег, закінуў парачку мячоў – і яму стала лягчэй. На канец нам забракавала сілаў, а таксама ўдача была на баку суперніка».

Вячаслаў Шумак, лінейны БГК: «Як удалося перамагчы, вы самі ўсё бачылі, СКА дапусціў шмат памылак, але гэта заканамерна, бо шэраг маладых гульцоў рэпрэзентоўвае армейцаў. У нас больш дасведчаная каманда, таму мы і здолелі сёння адсвяткаваць чарговую вікторыю. Супернік гэтую сустрэчу правёў выдатна, добра кідаў, завяршальная стадыя атак была на высокім узроўні. Мы ў сваю чаргу дапускалі памылкі, але ў выніку наш досвед узяў верх».

У чэмпіянаце Беларусі БГК ідзе без стратаў і мае стоадсоткавы вынік: 22 перамогі ў 22-ух матчах. Іхны адрыў у турнірнай табліцы ад найбліжэйшага пераследніка, СКА, складае ўжо 11 балаў, і пры гэтым «армейцы» правялі на адну сустрэчу больш. Нагадаю, што на гэтай стадыі чатыры найлепшыя каманды – БГК (Берасце), СКА (Менск), «Машэка» (Магілёў), «Кранон» (Горадня) – у чатырохколавым турніры разгуляюць медалІ нацыянальнага першынства. Але ўжо цяпер з вялікаю доляю імавернасці можна канстатаваць: БГК сёлета залатых узнагародаў нікому не аддасць.

Дзмітрый Сухановіч belsat.eu

Стужка навінаў