Антон Грышкевіч, тэатральны рэжысёр і выкладчык адмысловых дысцыплінаў Віцебскага дзяржаўнага каледжу культуры і мастацтваў, вырашыў узяць удзел у агульнанацыянальнай забастоўцы. Адпаведны зварот педагог апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Не магу далей выконваць сваю працу і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Не жадаю далей быць часткай гэтай сістэмы. Педагог не можа абстрагавацца ад гвалту і несправядлівасці, што адбываюцца навокал. Не жадаю хлусіць і вучыць няпраўдзе сваіх вучняў».
Грышкевіч патрабуе адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызвалення палітвязняў, спынення гвалту і расследавання злачынстваў сілавікоў. Свой зварот ён закончыў словамі «Жыве Беларусь!».
Агульнанацыянальную забастоўку ў Беларусі абвесцілі яшчэ летась, 26 кастрычніка, калі ўлады не выканалі патрабаванняў народнага ўльтыматуму. Моцнае падтрыманне ідэя страйку знайшла на «Беларуськаліі»: там забастоўка пачалася яшчэ ў жніўні, а ўдзел у ёй узялі больш за 100 чалавек. Калі суд прызнаў забастоўку незаконнай, удзельнікі страйкаму прадпрыемства абвесцілі яе бестэрміновай.
ЯП, belsat.eu