«Не для прыгожай карцінкі ў сацсетках». Што Лукашэнка гаварыў выпускнікам ВНУ


Аляксандр Лукашэнка 25 чэрвеня выступіў на Рэспубліканскім балі выпускнікоў ВНУ. Ён заклікаў моладзь «захаваць утульную краіну» і «не задзіраць нос».

«Нашай беларускай моладзі я хачу пажадаць, каб, мадэлюючы сваю будучыню, вы, рабяты разумелі: усё, што мы робім, – робім не для прыгожай карцінкі ў сацыяльных сетках. Хоць гэта і модна цяпер – жыць онлайн у інтэрнэце.

Але мары трэба ўвасабляць у рэальным жыцці, і вам прыйдзецца гэта рабіць, працаваць на канкрэтны, карысны людзям вынік», – сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да выпускнікоў.

Кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў маладзёнаў асцярожна ставіцца да прыродных рэсурсаў, каб «ператварыць гэты кавалак зямлі, імя якому Беларусь, у самае зручнае і камфортнае месца для жыцця не толькі вашага, але і вашых дзяцей, унукаў».

«Давайце зробім так, каб не было хаця б горш, чым цяпер. Не ў тым плане, што будзем багацей, будуць ва ўсіх аўтамабілі, электрамабілі самага высокага класа і гэтак далей. Не ў гэтым справа. Нам трэба захаваць утульную, камфартабельную для жыцця краіну», – сказаў ён.

На сёлетні баль упершыню запрасілі замежных студэнтаў-выдатнікаў. Лукашэнка звярнуў увагу, што вышэйшую адукацы. ў Беларусі атрымліваюць студэнты з больш чым сотні краінаў свету.

«І попыт каласальны. Мы не можам нават прыняць за вялікія грошы ўсіх, хто хоча, таму што няма дзе іх пасяліць, не хапае інтэрнатаў і не хапае вучэбна-лабараторных карпусоў, класаў, будынкаў, аўдыторый», – распавёў ён.

Лукашэнка ўсяляк матываваў і заахвочваў выпускнікоў імкнуцца да поспехаў, а потым «па-сяброўску» парэкамендаваў «не задзіраць нос».

«І наагул я б вам раіў так, па-сяброўску: нос не задзіраць. Усё, што ў вас цяпер ёсць, – гэта ад вашых бацькоў і тых, хто вас вучыў, вашых педагогаў. Вось з заўтрашняга дня вы будзеце дадаваць да гэтага, і гэта будзе ваша. Ці будзеце паніжаць, гэта таксама будзе ваша. Але я вам яшчэ спачатку параіў: толькі наперад, толькі ўверх, калі вы хочаце быць канкурэнтныя, як модна цяпер казаць, у гэтым жыцці. У адваротным выпадку – бяда».

На гэтым свае настаўленні кіраўнік дзяржавы спыніў. Лепшых выпускнікоў узнагародзілі прэзідэнцкімі граматамі.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары