Навукоўцы прапанавалі ўвесці глабальны мараторый на «рэдагаванне» ДНК чалавека


Распрацоўнікі тэхналогіі рэдагавання геному CRISPR Фэн Чжан і Эмануэль Шарпэньц’е, а таксама іхныя калегі з сямі краінаў свету заклікалі ўвесці глабальны мараторый на выкарыстанне генетычнага рэдагавання жыццяздольных чалавечых эмбрыёнаў для нараджэння гэтак званых CRISPR-людзей, як гэта зрабіў кітайскі навуковец Цзянькуй Хэ.

Заклік падтрымаў Нацыянальны інстытут здароўя ЗША. А сам тэкст звароту апублікаваў уплывовы часопіс «Nature».

«Рызыка адсутнасці патрэбных зменаў або ўзнікненне непрадбачаных мутацыяў усё яшчэ непрымальна вялікая», – гаворыцца ў звароце.

Летась Хэ распавёў на сваім YouTube-канале, а пазней і ў інтэрвʼю «Associated Press», пра свой эксперымент, які дапамог мадыфікаваць ген двух кітайскіх дзяўчынак такім чынам, каб яны не маглі заразіцца ВІЧ.

У студзені кітайскія ўлады паведамілі пра папярэднія вынікі расследавання працы Хэ, пацвердзіўшы ня толькі існаванне сясцёр Лулу і Наны, але і яшчэ адну цяжарнасць удзельніцы эксперыменту, а пазней апублікавалі праект метадычных указанняў, якія рэгулююць эксперыменты па генетычнаму рэдагаванню.

Чжан, Шарпэньцʼе і яшчэ 16 навукоўцаў заклікалі ўвесці часовы мараторый на эксперыменты з генетычным рэдагаваннем клетак і стварэнне генетычна мадыфікаваных дзяцей. Раней Чжан ужо выступаў з заклікам да ўвядзення мараторыя, але ў 2018 годзе ён быў адзін і зрабіў гэта адразу пасля абвяшчэння аб эксперыменце кітайскага навукоўца.

Аўтары звароту мяркуюць, што рашэнні пра такія эксперыменты не павінны прымацца толькі навуковай супольнасцю без шырокай грамадскай дыскусіі.

Акрамя таго, яны заклікаюць усіх даследчыкаў і арганізацыі, якім стала вядома пра падобныя эксперыменты або планы іх правядзення, паведамляць пра гэта ўсяму свету.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў