TUT.by паведамляе, што Нацыянальны банк Беларусі можа ўвесці сваю адміністрацыю па кіраванню «Белгазпрамбанкам», якую ўзначаліць Надзея Ермакова. Эканамісты, апытаныя belsat.eu, адзначаюць, што фармальных падставаў для ўмяшання ў справы банку ў дзяржавы няма.
Паводле крыніцаў TUT.by, учора ў галаўным офісе Белгазпрамбанка пабываў кіраўнік Нацбанка Павел Калавур. «Вырашылі памяняць менеджараў», – сказаў суразмоўца выдання. Экс-старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай прапанавалі ўзначаліць «Белгазпрамбанк», гэтую інфармацыю яна пацвердзіла TUT.BY.
«У рэгулятара ёсць такая опцыя. Рашэнне такое, як правіла, кароткачасовае. Яно можа быць кампрамісам для стабілізацыі сітуацыі ў банку», – кажа крыніца выдання.
Эканаміст Дзмітрый Крук у каментары belsat.eu адзначыў, што для ўвядзення Нацбанкам «часовай адміністрацыі» няма падставаў.
«Спачатку ў банку мусяць знайсці праблемы з плацежаздольнасцю. Таму я думаю, што гэта будзе аформлена так, што акцыянеры самі ўвядуць новае кіраўніцтва, каб знізіць узровень напалу», – кажа ён.
Эканаміст Сяргей Чалы канстатуе, што ў Нацбанку зʼявілася ідэя ўвесці «часовую адміністрацыю» не праз фінансавае становішча «Белгазпрамбанку». Паводле яго, калі б пытанне палягала выключна ў сферы эканомікі, то спачатку «Белгазпрамбанку» вынеслі прадпісанне наконт нейкіх недахопаў або агучылі прэтэнзіі, і толькі як апошнюю меру збіраліся ўводзілі новую адміністрацыю.
«А паколькі пачалі з гэтай меры, то значыць і сэнс у гэтых дзеяннях іншы. Зразумела, што ёсць замова і з гэтым банкам трэба нешта рабіць. І каб пазбегнуць найгоршага варыянта Нацбанк сказаў: лепш мы, чым… Можа гэта такі спосаб хоць неяк захаваць банк ад расправы», – мяркуе Чалы.
Дзмітрый Крук лічыць, што «справа Белгазпрамбанку» не будзе мець вялікіх наступстваў для банкаўскага сектара Беларусі. Вялікіх вонкавых інвестыцыяў у банкаўскую сістэму Беларусі няма і так. Пераслед «Белгазпрамбанку» можа патэнцыйна паўплываць на прыцягненне банкамі новых запазычанняў, аднак «вялікіх перамоваў» з гэтай нагоды цяпер не вядзецца, адзначыў эканаміст.
ІІ belsat.eu