Наталля Радзіна з Бруселю: Пра беларускую версію тут ніхто не кажа


Лік ахвяраў серыі сённяшніх тэрактаў у Бруселі працягвае павялічвацца: колькасць загінулых сягнула ўжо больш за 30 асобаў, каля 150 – параненыя. Пры гэтым прынамсі адзін з выбухаў – на лётнішчы – мог здзейсніць тэрарыст-смяротнік. Пра гэта паведамляе пракуратура Бельгіі.

Адказнасць за выбухі ў аэрапорце і метро ў цэнтры сталіцы Бельгіі і Абʼяднанай Еўропы, паводле паведамленняў шэрагу медыяў ужо ўзялі на сябе тэрарысты «Ісламскай дзяржавы». Узровень пагрозы ў краіне павялічаны да

максімальнага чацвёртага, шэраг урадавых інстытуцыяў эвакуяваныя і знаходзяцца пад шчыльнай аховай. Улады рэкамендуюць астатнім заставацца дома альбо на сваіх працоўных месцах і не пакідаць будынкаў.

У студыі «Гарачага каментара» галоўная рэдактарка сайту «Хартыяʼ97» Наталля Радзіна, якая цяпер знаходзіцца ў Бруселі.

– Спадзяемся, Вы цяпер у бяспецы.

– Я цяпер стаю перад будынкам Еўрапарламенту на плошчы Люксембург. Толькі што выйшла з будынку Еўрапарламенту, дзе знаходзілася ўвесь дзень. Бачу перад сабою вялікую колькасць паліцыі, а таксама жаўнераў, якія ахоўваюць Еўрапейскі парламент. Цяпер будынак пакідаюць ягоныя працаўнікі. На бліжэйшыя дні адменены ўсе мерапрыемствы ў Еўрапарламенце. Сесія Еўранэсту датэрмінова закрываецца.

На вуліцах можна пабачыць людзей спецыяльных падраздзяленняў, якія ходзяць у балаклавах. Калі казаць пра мясцовых жыхароў, то канешне іх вельмі мала сёння на вуліцах. Яны прыслухаліся да заклікаў уладаў не выходзіць, бо сітуацыя напружаная, усе кавярні пустыя. Склепы таксама, грамадскі транспарт не працуе.

– Ці можна ўжо назваць сітуацыю ў Бруселі апанаванай?

– На мой погляд, на вуліцах я не бачу панікі. У Еўрапарламенце сёння таксама было нешматлюдна, усе экскурсіі былі адмененыя, многія працаўнікі не змаглі патрапіць унутр, бо звычайнай легітымацыі не хапала для праходу, патрэбныя былі пашпарты. Але ведаю, што была паніка там, дзе прагрымелі выбухі і ў прыватнасці я размаўляла з дэпутаткай ад Польшчы Агнешкай Казлоўскай-Раевіч, якая была ў двух хвілінах ад месца выбуху. Канешне дагэтуль яна ў шоку. Яна распавядае, што калі яна выйшла з метро, натоўпы людзей беглі ад метро ў больш бяспечныя месцы.

– Расейскія медыі сёння ўсе разам, праз падачу «Lifenews» пачалі гаварыць пра беларускі след у тэрактах, хоць спецслужбы Бельгіі ўжо заявілі, што ў іх няма прэтэнзіі да беларусаў, аднак самі хлопцы выйшлі на сувязь з медыямі і зняпраўдзілі гэту інфармацыю. Ці гучаць нейкія іншыя версіі тэракту?

– Сёння ўсё ж кажуць пра адзіную версію – гэта «Ісламская дзяржава». Пра беларускую версію тут ніхто не кажа.

Больш пра сітуацыю ў Бруселі глядзіце ў відэа вышэй.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў