«Наша ніва»: Сын Уладзіміра Макея звольніўся з МЗС


Выданне «Наша ніва» са спасылкаю на ананімныя крыніцы сцвярджае, што з Міністэрства замежных справаў звольніўся сын Уладзіміра Макея – Віталь.

Апошнія тры гады Віталь Макей працаваў у цэнтральным апараце МЗС. Ён быў старэйшым дарадцам упраўлення ўстойлівага развіцця галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі.

Віталь Макей.
Фота: https://www.flickr.com

Да гэтага сын кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея папрацаваў дарадцам у эканамічных і экалагічных пытаннях у прадстаўніцтве Беларусі пры ААН. А яшчэ раней быў першым сакратаром пасольства Беларусі ў Аўстрыі.

На просьбу журналіста «НН» пацвердзіць інфармацыю пра сыход з міністэрства, Віталь Макей адказаў наступнае: «Я ўстрымаюся ад адказу. Спадзяюся на вашае разуменне».

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз таксама адмовіўся пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэтую інфармацыю, спаслаўшыся на тое, што ён ніколі не каментуе кадравай палітыкі ведамства.

Цягам апошняга месяца з Міністэрства замежных справаў былі звольненыя прадстаўнікі старэйшага ды малодшага звяна МЗС і дыпламатычных прадстаўніцтваў, якія публічна выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю, бралі ўдзел у акцыях пратэсту. Шэраг дыпламатаў сышлі з міністэрства з уласнай ініцыятывы.

belsat.eu

Стужка навінаў