Мінімум сем чалавек атрымалі позвы ў сілавыя структуры Берасцейскай вобласці.
Напярэдадні святкавання Дню гораду Берасця, а таксама прыезду Лукашэнкі, розных актывістаў выклікаюць у сілавыя структуры. Пра гэта «Белсату» паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Актывіста і блогера Аляксандра Кабанава выклікаюць у пракуратуру па месцы жыхарства ў Бярозе, яго калегу Сяргея Пятрухіна – у міліцыю ў Пінску, а лідара пратэсту супраць акумулятарнага заводу Зміцера Бекалюка выклікаюць у берасцейскі Следчы камітэт. Яшчэ чатыры актывісты выкліканыя ў розныя райаддзелы берасцейскай міліцыі.
Усіх выклікалі на 11:00 6 верасня.
– Мяркую, што гэта звязана, з прыездам у Берасце кіраўніка дзяржавы на святкаванне 1000-годдзя гораду. Улады не хочуць бачыць гэтых людзей у горадзе. Не ўсе актывісты ўзялі позвы, але ўсе апавешчаныя аб неабходнасці яўкі па позве. Што вызначае: калі яны не прыйдуць, то іх чакае штраф. Усе выкліканы ў якасці сведак, але я рэкамендаваў ім узяць з сабой сродкі гігіены і ежу на тры дні, бо лёгка можна апынуцца ў ІЧУ да панядзелка, гэта распаўсюджаная практыка, – заявіў «Белсату» Уладзімір Вялічкін.
Яшчэ аднаго актывіста, Канстанціна Астапука, выклікаюць у Маскоўскі РАУС а 10:00 6-га верасня. Позву яму ўручылі два супрацоўнікі міліцыі ў той момант, калі актывіст глядзеў рэпетыцыю свята на вяслярным канале.
Нагадаем, 6-8 верасня Берасце адзначае 1000-годдзе. Імаверна, на святы ў горад прыедзе Аляксандр Лукашэнка. Міліцыя прымае сур’ёзныя меры бяспекі. Гэтак, ва ўладальнікаў зброі яна была альбо часова канфіскаваная, альбо апячатаная, а на адным з дамоў па вуліцы Кастрычніцкай рэвалюцыі з’явілася такая аб’ява:
«У сувязі з мерапрыемствамі па святкаванні Дня гораду, супрацоўнікамі міліцыі часова будзе абмежаваны праход старонніх асобаў у наш дом ад 18:00 07.09.2019 года да 01:00 08.09.2019. Уваход будзе ажыццяўляцца па спісах па месцы жыхарства грамадзянаў і чальцоў іх семʼяў ці на падставе пашпарту і дамовы аб найме. Прашу ў паказаны час мець з сабой дакументы, якія сведчаць асобу. Старшыня ЖБВК».
Як стала вядома «Белсату», на канцэрт, які адбудзецца 6 верасня на цэнтральнай плошчы Берасця, дзяржаўны прафсаюз збіраў пенсіянераў. Людзей папярэдзілі, што на канцэрт будуць пускаць па загадзя складзеных спісах і пры прад’яўленні пашпарту.
СА Belsat.eu