«Нам падабаецца дыктатура Лукашэнкі». Як Жытомір рыхтаваўся да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў


Другі форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

Падчас ІІ Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі, які праходзіць 3-4 кастрычніка ў Жытоміры, адбудзецца першая ў гісторыі сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Зяленскім. Карэспандэнты belsat.eu правялі ў горадзе дзень напярэдадні і даведаліся, як там рыхтуюцца да падзеі і што жытомірцы думаюць пра беларускія ўлады.

Вуліца Жытоміра.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

Жытомір – горад з 250-тысячным насельніцтвам за 130 кіламетраў на захад ад Кіева. Цягнік са сталіцы ходзіць усяго раз на содні, што даволі нязручна. На цэнтральнай вуліцы адразу заўважаем свежую разметку на дарогах і вельмі чыстыя ходнікі.

«Добраўпарадкоўваць цэнтр пачалі яшчэ за два тыдні», – прыгадвае кіроўца таксоўкі, які праводзіць нам невялікую экскурсію па Жытоміры. Мясцовыя тут – вельмі адкрытыя, шмат усміхаюцца і з лёгкасцю дапамагаюць гасцям знайсці патрэбны адрас.

Жытомір.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

На пешаходнай вуліцы Міхайлаўскай адміністратыўныя будынкі суседнічаюць са шматлікімі моднымі кавярнямі. Яшчэ ўвечары 2 кастрычніка вуліцу заставілі намётамі для кірмашу беларускіх і ўкраінскіх майстроў. Больш за 60 вытворцаў расклалі на традыцыйныя сувеніры з саломы, вышыванкі і розныя прысмакі. Арганізатарам з беларускага боку выступіла дзяржаўнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.

Уся вуліца ўпрыгожаная інсталяцыямі ў восеньскім стылі: вянкі з засушаных палявых кветак і шыпшыны, каштаны, сапраўдная гародніна – яскрава-памаранчавыя гарбузы, вязанкі часныку і морква раскладзеныя на залацістым сене. Выглядаюць гэтыя дэкарацыі адназначна больш густоўна, чым летась на Форуме рэгіёнаў у Гомлі, тут – ніякага намёку на «агратрэш».

Кірмаш майстроў на пешаходнай вуліцы. Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu
Кірмаш майстроў на пешаходнай. Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu
Кірмаш майстроў на пешаходнай вуліцы Міхайлаўскай. Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu
Кірмаш майстроў на пешаходнай вуліцы Міхайлаўскай. Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu
Кірмаш майстроў на пешаходнай вуліцы Міхайлаўскай. Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu
Кірмаш майстроў на пешаходнай вуліцы Міхайлаўскай. Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu
Падрыхтоўка да кірмашу. Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

Небяспечнае сяброўства

«Беларускія» намёты выклікаюць цікаўнасць у мінакоў. Яны гучна абмяркоўваюць адрозненні нашай мовы ад украінскай, а потым закранаюць і палітыку. Мужчына сярэдніх гадоў, які прыйшоў на кірмаш са сваімі дзецьмі, дзеліцца меркаваннем:

«Што думаем пра Лукашэнку? Нам падабаецца ягоная дыктатура. І нам падабаюцца дзеянні Зяленскага цяпер: глядзіце, у яго ўжо свая Рада, свой Кабмін. Можа, будзе і ў нас такі парадак, як у вас».

«Дый з Расеяй ужо трэба сябраваць, бо колькі ўжо можна…», – дадае жанчына побач, але замаўкае. Падаецца, яна не скончыла думку.

Вуліца Жытоміра.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

Ачараванне «парадкам» у лукашэнкаўскай Беларусі – з’ява распаўсюджаная сярод украінцаў. Нават журналісты некаторых мясцовых выданняў называюць беларускага кіраўніка не іначай, як мянушкаю «бацька».

Пакуль у Жытомірскай абласной радзе чыноўнікі і бізнесоўцы падпісваюць кантракты на суму звыш 500 мільёнаў долараў, на Саборнай плошчы пачынае працу выстава буйнагабарытнай тэхнікі. Тут прадстаўленыя гіганты беларускага машынабудаўніцтва – Менскі аўтамабільны завод, Менскі трактарны завод, «Амкадор», Гомсельмаш ды іншыя. Наведнікі аглядаюць экспанаты з усіх бакоў, падлеткі фатаграфуюцца ў каўшы экскаватараў, а хтосьці нават спрабуе весці стрым у сацсетках з салону новенькага бліскуча-зялёнага аўтобусу. Асаблівую ўвагу прыцягваюць вялізарныя БЕЛАЗы.

Выстава буйнагабарытнай тэхнікі.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

«Нават па стане тэхнікі можна сказаць, што Лукашэнка – добры гаспадар. А Украіна тым часам у такім ужо занепадзе! Наконт стасункаў з Расеяй – так, ён ходзіць па лязу нажа, але ж ходзіць дзеля сваёй краіны!» – энергічна кажа мужчына гадоў шасцідзесяці. Разам з сябрам ён шпацыруе міма шэрагаў камбайнаў.

– А вы што думаеце пра шчыльнае «сяброўства» Лукашэнкі з Масквой, пра інтэграцыю? – пытаемся ў сябра.

– Гэта вельмі небяспечна. Мы ўжо пасябравалі аднойчы.

Раптам пажылы мужчына цягне мяне за рукаў паліто кудысьці і кажа ўжо ціхім голасам:

«Ты вось пра сяброўства з Расеяй пытаешся… А ты за фантанам была? Вунь там? Пайдзі, паглядзі – там партрэты хлопцаў нашых».

Дэкамунізацыя ў Жытоміры. Месца, дзе раней стаяў помнік Леніна.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

Прыкметы вайны і «Татарын»

Дэкамунізацыя, якая распачалася ва Украіне пасля Еўрамайдану, у поўнай меры закранула і Жытомір. Гараджане часта блытаюцца, называючы стары адрас.

Агулам тут перайменавалі 120 вуліц: Ватуціна стала праспектам Незалежнасці, былы Піянерскі правулак назвалі ў гонар Сімона Пятлюры, а вуліца Чапаева цяпер носіць імя Рамана Шухевіча. Каб пазбегнуць блытаніны, улады запусцілі электронны сэрвіс streets.in.ua, дзе можна ўвесці старую назву і даведацца «дэкамунізаваную».

Вуліца Жытоміра.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

Памятнік Леніну на галоўнай плошчы, ля будынку правасуддзя, знеслі 21 лютага 2014 году. Сёння плошча называецца Саборнай, а замест фігуры Леніна на пастаменце прымацаваны пабляклы ад сонца чорна-чырвоны сцяг. Ніжэй – плакат з фотаздымкамі трыццаці трох жытомірцаў, загінулых у баях на Данбасе.

На першы погляд, блізкасць вайны не адчуваецца ў спакойнай, разняволенай правінцыі. Але варта прыглядзецца – і пачынаеш заўважаць яе прыкметы. Яшчэ не дайшоўшы да Саборнай, ля будынку абласной адміністрацыі турыст бачыць вялікую шкляную скульптуру – помнік героям Нябеснай сотні. А праз дарогу – маленькая кавярня прапануе 40% зніжкі для ўдзельнікаў баявых дзеянняў на Усходзе. Яе ўласнік – ветэран АТО Уладзімір Ткач. На фронт ён пайшоў добраахвотнікам, хаця ўзрост меў ужо непрызыўны – споўнілася 48.

Уладзімір Ткач.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

«Першы раз я прыйшоў у ваенкамат у дзень захопу Вярхоўнай рады Крыму. Мой пазыўны потым быў «Татарын», праз татарскія карані. Мяне адправілі тады назад, бо Парашэнка яшчэ не павысіў прызыўны ўзрост. У выніку патрапіў у дабрабат у ліпені. Ну і – 14 месяцаў запар, рота глыбіннай выведкі… Раней я толькі па-расейску гаварыў. На ўкраінскую перайшоў ужо на фронце», – кажа ён.

Над уваходам у кавярню Уладзіміра вісіць нацыянальны сцяг Украіны, унутры на сцяне – мапа баявых дзеянняў на Данбасе і макеты зброі.

Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

«Па вяртанні трэба было зрабіць недзе клуб, дзе мы б маглі з пабратымамі збірацца, гутарыць. Папрасілі дапамагчы гарадскога галаву – і ён ідэю падтрымаў. Такая своеасаблівая псіхалагічная рэабілітацыя. У нас з’явіўся свой куточак».

Вуліца Жытоміра.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

На вялікі жаль аматараў кавы ад «Татарына», раніцай 4 кастрычніка ён мусіць зачыніць кавярню. Праўда, толькі на адзін дзень – падчас візіту Лукашэнкі, распавядае Уладзімір.

«Прыйшоў СБУшнік да мяне і папрасіў не адкрываць кавярню. Сказаў, што такое патрабаванне выставіла беларуская служба бяспекі».

Вуліца Жытоміра.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

КА, фота ІА belsat.eu

Стужка навінаў