Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны Віктар Мужэнка заявіў, што Расея пакінула войскі пасля правядзення вучэнняў «Захад-2017» у Беларусі, нягледзячы на абяцанне не рабіць гэтага.
Мужэнка сказаў, што Расея вывела з Беларусі толькі некалькі падраздзяленняў і схлусіла пра тое, колькі яе вайскоўцаў было там першапачаткова:
«У нас была інфармацыя, што там вывелі толькі некалькі падраздзяленняў з задэклараваных 12.500 чалавек, якія там павінны былі быць, і з якіх 3.000 – расейцы».
Мужэнка адзначыў, што расейскія ваенныя самалёты пакінулі Беларусь, каб прадэманстраваць, што войскі сыходзяць.
«Расея прадэманстравала – і гэта была дэманстрацыя ў першую чаргу – вяртанне авіяцыйных падраздзяленняў: яны падняліся з аэрадромаў (у Беларусі) і пераляцелі на аэрадромы ў РФ. Але мы разумеем, што 300-400 кіламетраў для авіяцыі – гэта тая адлегласць, якое можна пераадолець за вельмі кароткі тэрмін», – сказаў ён у інтэрвʼю Reuters.
Раней Мінабароны Беларусі заявіла, што апошні эшалон расейскага войска з асабовым складам і тэхнікай, якія бралі ўдзел у вучэннях «Захад», адправіўся да месца дыслакацыі «з адной з чыгуначных станцыяў Барысава»
ІІ, belsat.eu