«На зямлю! Рукі за спіну!»: міліцыя ў масках уварвалася да берасцейскага блогера

ВІДЭА

АМАП у пад’ездзе Сяргея Пятрухіна. Фота: Уладзімір Вялічкін

Праваахоўнікі ў масках уварваліся ў кватэру да берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна. Ён паспеў зняць гэта на відэа. Інцыдэнт адбыўся 30 жніўня каля 8:30. Паводле spring96.org, у кватэры блогера цяпер адбываецца вобшук.

Пра ўварванне міліцыі ў кватэру блогера ў «Facebook’у» паведаміў Аляксандр Кабанаў, берасцейскі актывіст, паплечнік Сяргея.

«Хлопцы, да мяне ломіцца міліцыя. Я ў шоку», – кажа Сяргей Пятрухін на відэа.

Гэтае ж відэа, апублікаваў гомельскі блогер Максім Філіповіч.

«Гэта жэсць! Мяне чакае тое ж самае. Прычыну знойдуць. За што заўгодна. Гэта Беларусь», – каментуе кадры з Берасця Максім Філіповіч.

Пасля вобшуку Сяргей Пятрухіна адвезлі ў аддзяленні міліцыі. Пазней влогера выпусцілі.

У ліпені стала вядома, што супраць Сяргея Пятрухіна распачалі крымінальную справу паводле артыкула ч. 2 арт. 189 КК Беларусі («Абраза»). Санкцыя артыкулу прадугледжвае штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.

Блогер не ведае, каго ён абразіў.

«Зламалі дзверы. Паверх заблакаваны АМАПам. Гэта справа заводу [акумулятарны завод пад Берасцем. – Заўв. Belsat.eu]. Нам пагражалі. Сказалі, што калі не спынімся, то закрыюць», – паведаміў у размове з Belsat.eu Аляксандр Кабанаў.

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў – актыўныя праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу «АйПауэр». Яны удзельнічалі і асвятлялі пратэсты супраць небяспенага заводу, якія рэгулярна праходзяць у Берасці.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары