На вайсковым аб'екце ў Расеі адбыўся выбух, павысіўся радыяцыйны фон


У вайсковым аддзеле ў паселішчы Нёнакса, што за 40 км ад Северадзвінску Архангельскай вобласці, адбыўся выбух і пажар на сакрэтным абʼекце. Пра гэта паведамляе «Настоящее время».

За два кіламетры ад пасёлка з 50-х гадоў XX стагоддзя быў арганізаваны марскі палігон для выпрабавання балістычных ракетаў для атамных падводных лодак, раён вакол яго зʼяўляецца закрытай зонай.

Прэс-служба адміністрацыі Северадзвінску паведаміла аб «кароткачасовым павышэнні радыяцыйнага фону» пасля выбуху: «Па стане на 14:00 паказанні датчыкаў не перавышаюць 0,11 мікразівертаў у гадзіну пры максімальна дапушчальных 0,6 мікразівертаў у гадзіну. Радыяцыйны фон у Северадзвінску нармальны».

Да якога значэнняў павысіўся радыяцыйны фон, улады не ўдакладнілі. На старонцы «Вконтакте» мясцовай тэлекампаніі СТВ са спасылкай на начальніка аддзелу цывільнай абароны насельніцтва гораду Валянціна Магамедава паведамляецца, што фон павышаўся да 2 мікразівертаў у гадзіну, а значэнне 0,6 мікразівертаў названае не «максімальна дапушчальным», а «аварыйным».

«Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу гарадской адміністрацыі паведаміў, што працаўнікам установаў Северадзвінску ў чацвер былі разасланыя рэкамендацыі не пакідаць памяшкання праз павышэнне радыяцыйнага фону.

Паводле афіцыйнага паведамлення Мінабароны, на палігоне адбыўся выбух вадкаснага рэактыўнага рухавіка.

На дадзены момант вядома пра двух загінулых і дзесяць пацярпелых, але розныя крыніцы мяркуюць, што пацярпець маглі да 15 чалавек.

Hавiны
У Краснаярскім краі выбухаюць склады з боепрыпасамі. Ёсць пацярпелыя
2019.08.05 16:17

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў