На шамана, які ідзе «выганяць Пуціна», завялі крымінальную справу

ВІДЭА

Саша Шаман. Фота: ykt.ru

На якуцкага шамана Аляксандра Габышава, які збіраўся выгнаць з Крамля прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, завялі крымінальную справу аб публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасці (частка 1 артыкула 280 КК РФ). Пра гэта «МБХ медыя» паведаміў каардынатар «Правозащиты Открытки» Аляксей Пранішнікаў.

«Следчы выбраў яму меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе. Яго ўгаварылі на добраахвотнае пагадненне аб стацыянарным абследаванні. Мы будзем гэта абскарджваць. На той момант з ім быў адвакат па прызначэнні, цяпер працуе наш адвакат», – сказаў Пранішнікаў.

Раней паведамлялася, што шамана змясцілі ў Якуцкі рэспубліканскі псіханеўралагічны дыспансерпсіхдыспансер для абследавання. Габышаў будзе знаходзіцца там да заканчэння следства.

«Ён дома, тэлефанаваў цяпер. Яго будуць судзіць па артыкуле аб экстрэмізме. Па якім менавіта, я не ведаю. На час следства ён будзе знаходзіцца ў дыспансеры. Адпусцілі на адзін дзень, таму што адпрасіўся, каб патэлефанаваць нам, супакоіць нас», – паведаміў «МБХ медыя» сябар шамана.

Раней мясцовае Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што Габышава накіравалі ў рэспубліканскую псіхіятрычную больніцу. У самой установе гэтую інфармацыю зняпраўдзілі.

«Да нас шаман не паступаў, мы ўсіх сваіх пацыентаў ведаем у твар», – паведамілі ў прыёмнай Якуцкага псіханеўралагічнага дыспансера.

Габышава затрымалі 19 верасня на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласці.

Ён з сакавіка ідзе пешшу ў Маскву. На сваёй старонцы ў інстаграме ён піша:

«Уруй Айхал!!! Я Аляксандр Габышаў, Шаман з Якуціі, іду на Маскву «выганяць В. В. Пуціна». Заклікаю добраахвотнікаў далучыцца да майго мірнага пешага пратэсту за свабоду і народаўладдзе. Я іду праз усю Расею і абуджаю народ».

Да Масквы шаман планаваў дайсці да 2021 года. Габышаў лічыць, што Пуцін – дэман.

Раней у Бураціі пачаўся народны сход супраць дзеянняў уладаў з-за затрымання прыхільнікаў таго, хто ідзе «выганяць Пуціна» шамана Аляксандра Габышава. Аднаго з іх арыштавалі на 10 дзён.

ЮВ/MB belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары