На кафедры славянскай філалогіі філфаку БДУ прыбяруць беларускую мову?


Філалагічны факультэт БДУ, Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У новым навучальным годзе на кафедры славянскай філалогіі філалагічнага факультэту БДУ збіраюцца адмяніць вывучэнне беларускай мовы ў звязцы з іншымі славянскімі. Замест яе будуць вывучаць расейскую мову.

Як паведаміла belsat.eu крыніца сярод працаўнікоў факультэту, раней шэраг славянскіх моваў вывучаўся разам з беларускаю. Выпускнікі атрымлівалі дыплом па спецыяльнасці «выкладчык украінскай/польскай/чэшскай і беларускай моваў, перакладчык». Пры гэтым сербская, балгарская і славацкая ішлі ў звязцы з расейскаю, бо гэтыя мовы лінгвістычна блізкія.

Сёлета ж набіраць будуць у групу ўкраінскай мовы, а ў якасці другой будзе расейская.

«Ніхто не ведае, чаму гэтае рашэнне было прынятае менавіта цяпер. Звычайна падобныя рэчы мусяць зацвярджацца на агульнай нарадзе факультэту, але яе не было. Дакументаў ніякіх мы таксама не бачылі», – распавяла крыніца.

Паводле яе, бліжэйшым часам інфармацыя пра змены ў наборы з’явяцца на афіцыйным сайце філфаку.

Філалагічны факультэт БДУ

Асобна на факультэце ёсць аддзяленне беларускай мовы, але, паводле крыніцы, яно ў занядбаным стане: сталая нястача студэнтаў і выкладчыцкага складу. Аналагічная сітуацыя і на славянскім аддзяленні, дзе беларуская падаецца ў звязцы з расейскаю.

«Прыбіраць беларускую са славянскіх – гэта, мякка кажучы, дзіўнае рашэнне», – рэзюмуе нашая крыніца.

Афіцыйнага паведамлення на гэты конт пакуль не зʼявілася.

Дапаможам Аляксандру Лукашэнку перайсці на беларускую

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка ў сваіх выступах перыядычна звяртаецца да неабходнасці больш вывучаць і выкарыстоўваць беларускую мову, у тым ліку ў навучальных установах.

«Я падтрымліваю беларускую мову. Чаму? Гэта тое, што адрознівае нас ад рускага чалавека, ад расяяніна. Гэта прыкмета нацыі. Калі няма ў цябе асаблівасцяў, сваёй, беларускай мовы, то ты не маеш гэтай прыкметы», – заяўляў Лукашэнка яшчэ ў 2015-ым.

А ў мінулым студзені ён упершыню за шмат гадоў сам дзве хвіліны прамаўляў па-беларуску.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары