Дапаможам Аляксандру Лукашэнку перайсці на беларускую

29 гадоў таму, напрыканцы студзеня 1990 г. быў прыняты «Закон аб мовах у Беларускай ССР» – неяк дзіўна пісаць гэтае «БССР», чамусьці быў упэўнены, што закон пра тое, што беларуская мова – адзіная дзяржаўная мова ў Беларусі, быў прыняты ўжо тады, калі была Рэспубліка Беларусь.

Гэта былі славутыя часы Вярхоўнага Савету ХІІ склікання, калі тысячы людзей стаялі на галоўнай плошчу Менску каб падтрымаць дэпутатаў БНФ, якія ў парламенце змагаліся за Незалежнасць нашай Беларусі. Пра тыя падзеі вы зможаце прачытаць у кнігах Зянона Пазьняка, асабліва раю «Сэсію Незалежнасьці» стэнаграмы сесіі, сапраўдны палітычны дэтэктыў.

Зянон Пазняк у парламенце, 1991 год

Не было нацыяналістаў ніколі пры ўладзе, не было ніколі прымусовай беларусізацыі, а закон які зрабіў Беларускую Мову – АДЗІНАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ МОВА ў Беларусі наагул прыняў Вярхоўны Савет ХІ склікання, дзе не было ніякіх апазіцыйных фракцыяў. Закон пра беларускую мову прынялі, бо за яе змагаўся народ, ТБМ, БНФ.

Нам пашанцавала, што сярод дэпутатаў ХІ склікання былі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і сумленныя людзі, якія распрацавалі закон і абаранілі яго ад нападак. Не магчыма ўзгадаць усіх, але нашая вялікая ўдзячнасць належыць Васілю Быкаву, Нілу Гілевічу, Генадзю Бураўкіну, Івану Чыгрынаву, Івану Шамякіну, віцэ-прэм’еру Ніне Мазай, міністр адукацыі Міхаілу Дзямчуку і Пятру Краўчанку, які тады быў сакратаром менскага гаркаму кампартыі.

Але на жаль не пачалося сапраўднай беларусізацыі, Васіль Быкаў наагул ацаніў Закон, як палавінчаты. Наменклатура на месцах супраціўлялася ўсімі сіламі і закон не працаваў.

Што было далей мы ўсе памятаем, адзіная дзяржаўная мова так замінала Аляксандру Лукашэнку, што ён ініцыяваў рэферэндум, дзе адно з пытанняў гучала так: «Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?».

Дэпутаты БНФ распачалі галадоўку пратэсту ў парламенце.

У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г., у будынак Вярхоўнага Савету былі ўведзеныя спецпадраздзяленні, дэпутаты былі збітыя групай асобаў у масках і выкінутыя з парламенту.

14 траўня 1995 году адбыўся рэферэндум па пытаннях, прапанаваных А. Лукашэнкам.

Усё, пачынаючы з прызначэння і правядзенне рэферэндуму адбываліся з парушэннямі тагачасных Канстытуцыі і законаў.

Па выніках рэферэндуму ў Беларусі стала дзве дзяржаўныя мовы, пачалося знішчэнне тых кволых парасткаў беларушчыны, якія ўзышлі з 1990 г.

Тытульную мову народу могуць знішчаць толькі акупанты, як гэта пачалося пасля падзелу Рэчы Паспалітай, калі расейская імператрыца Кацярына II падпісвала Наказы, згодна з якім усе выракі, пастановы і загады на былых землях ВКЛ павінны быць толькі на расейскай мове. Потым Мураўёў-вешальнік са сваім дэвізам: «Што не дарабіў расейскі штык – даробіць расейская школа і царква».

Нішчаць нашую мову, культуру, спадчыну, вывозяць культурныя каштоўнасці, рэпрэсуюць эліты, мяняюць геральдыку і нават прозвішчы гвалтам перайначваюць на расейскі лад.

Развал Расейскай імперыі даў шанец нашаму народу на пабудову ўласнай дзяржавы, але больш моцныя суседзі былі супраць, а Еўропа маўчала.

Беларуская Народная Рэспубліка не праіснавала доўга, але змусіла бальшавікоў заняцца беларускім пытаннем, па разнарадцы стварылі ў 1919 годзе Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусі, якая пазней ператварылася ў БССР.

Нейкі час у Савецкай Беларусі вялася палітыка беларусізацыі, беларускія дзеячы з замежжа наіўна паверылі ў адраджэнне культуры і вярталіся ў Беларусь. Вярталіся, каб потым трапіць пад рэпрэсіі і знішчэнне.

Не забывалі ў Савецкай Беларусі і пра кантроль над мовай. Правялі рэформу ў 1933 годзе, спрасцілі, ачысцілі ад буржуазных вульгарызмаў, наблізіла да марфалагічных і сінтаксічных прынцыпаў расейскай мовы.

Пачалася Другая сусветная вайна і як не дзіўна адбылася палёгка для мовы. Нямецкім акупанты, хацелі скарыстаць прагу беларусаў да незалежнасці і далі дазвол на школы і культурнае жыццё па-беларуску. Друкавалі кнігі, выходзілі газеты. Як гэта ня дзіўна гучыць, але ў ХХ стагоддзі найбольшую лаяльнасць да беларушчыны праяўлялі нямецкія ўлады, як у часы першай акупацыі 1915-1918 гг., так у часе Другой сусветнай вайны.

Пасля вайны савецкія рэпрэсіі абрынуліся як на настаўнікаў так і вучняў беларускіх школ. Адзін з самых значных этапаў змагання з беларускай мовай пачаўся пасля сумнавядомых словаў Мікіты Хрушчова, якія прагучалі ў студзені 1959 г. у Менску:

«Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм». Пачалася павальная русіфікацыя, да 1961 году ўсе беларускамоўныя школы ў раённых цэнтрах Беларускай ССР гвалтам русіфікавалі. Дадаткова было нададзена права адмаўляцца ад вывучэння беларускай мовы. Наўмысна знішчалася беларуская мова і сціралася гістарычная памяць.

Калі сістэмны крызіс у СССР змусіў кіраўніцтва камуністычнай партыі да Перабудовы, то адбыўся сацыяльны выбух. Людзі выйшлі на плошчы, патрабаваць свабоды, праўды, справядлівасці і мовы.

У прэамбуле прынятага 26 студзеня 1990 г. Вярхоўным Саветам ХІ склікання «Закону аб мовах у Беларускай ССР» адзначалася, што «пад пагрозай апынулася само існаванне беларускай мовы».

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка выступіў па-беларуску, прамова на 2 хвіліны выклікала рэзананс тым, што была па-беларуску. Вертыкаль улады ловіць кожны рух кіраўніка краіны і можа пачацца большы актыўнае ўжыванне роднай мовы.

Давайце ім дапаможам, бо без нас улады ня справяцца, пасля сотняў гадоў русіфікацыі, працы шмат. У інтэрнэце шмат парадаў, як пачаць размаўляць роднай мовай, як пашыраць беларускую прастору, але калі нехта не знойдзе цікавых парадаў, ці ўжо зрабіў што мог, то напішыце мне, маю прапановы.

ВІДЭА
Дзьве граматыкі, дзьве турмы, дзьве жонкі: сёньня народзіны Браніслава Тарашкевіча
2019.01.20 16:22

Анатоль Міхнавец belsat.eu

У артыкуле выкарыстаныя фота з сайтаў: vytoki.net, svaboda.org, архіву Уладзіміра Ляхоўскага.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў