«На хабары сыходзілі мільёны долараў». КДБ раскрыў дэталі справы медычных функцыянераў

ВІДЭА

Будынак КДБ у Менску

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык раскрыў дэталі маштабнай спецаперацыі для выкрыцця карупцыйнай схемы, звязанай з купляю медычнага абсталявання. Усяго арыштавалі больш за 50 чалавек.

Вакульчык афіцыйна прызнаў факт арыштаў шэрагу буйных медычных функцыянераў, пра што раней ужо пісалі СМІ. У іх ліку дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў і дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак.

«Дарэчы, падчас ператрусу ў яго гаражы ў тайніку выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце», – кажа Вакульчык.

Сярод фігурантаў таксама начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Акрамя таго, затрыманыя шэраг службовых асобаў «Белмедтэхніка», якія ўдзельнічалі ў арганізацыі працы камісіі Міністэрства аховы здароўя па закупцы абсталявання і забеспячэнню своечасовай аплаты паставак.

Паводле Вакульчыка ўсяго за хабарніцтва і ўхілення ад выплаты падаткаў «затрыманыя, заключаныя пад варту, а таксама ўжытыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 33 службовых асобаў, а ўсяго – больш за 50 чалавек».

«Фактычна ўсе яны віну прызналі, супрацоўнічаюць са следствам», – дадаў ён.

Паводле Вакульчыка, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Шэраг фігурантаў распачалі спробы схавацца, у тым ліку за мяжой, што паскорыла вырашэнне пытання аб іх затрыманні і арышце. Старшыня КДБ падкрэсліў, што гаворка ідзе пра чыноўнікаў, у функцыянальныя абавязкі якіх уваходзіла прыняцце рашэнняў аб закупцы медычных абсталявання і лекаў.

«Устаноўлена, што кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%», – сказаў старшыня КДБ.

Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Ганконгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР.

«З іх на хабары без перабольшання сыходзілі мільёны долараў ЗША. У выніку ператрусаў, добраахвотнага пакрыцця шкоды, вяртання незаконна атрыманых сродкаў у даход дзяржавы паступіла ўжо больш як $ 15 млн. Аператыўна-вышуковай і следчыя дзеянні працягваюцца», – адзначыў Валерый Вакульчык.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары