Мяркуецца, што пасля прымеркі купал усё ж здымуць і будуць абшываць на зямлі. Канчаткова падымуць і замацуюць па-над вежай праз месяц. Нарэшце можна ўявіць маштабы адной з самых супярэчлівых канструкцыяў на замку – шарападобнага купалу, спраектаванага Уладзімірам Бачковым, паведамляе карэспандэнт belsat.eu.
Навошта прымяраць, і чаму купал трэба пасля апусціць на зямлю? Паводле будаўнікоў, з якімі атрымалася пагутарыць, купал трэба яшчэ абшыць дрэвам і меддзю, пакрытай волавам. Вядома, тыя ж працы можна зрабіць і на вышыні. Але гэта больш небяспечна, ды і заробкі майстрам, якія працуюць высока, маюць быць большымі. Так і з’явіўся план з пад’ёмам і спускам канструкцыі.
Купал на брамнай вежы – адна з самых контраверсійных канструкцыяў у праекце аднаўлення Старога замку, якім займаецца архітэктар Уладзімір Бачкоў. Пра купал, як і пра іншыя элементы замку, ужо не аднойчы спрачаліся гісторыкі ды адмыслоўцы. Першасны варыянт купалу Бачкова наагул нагадваў шар, пасаджаны на брамную вежу. Аўтар адштурхоўваўся не ад старажытных схемаў ды краслюнкаў (яны невядомыя), а ад гравюры Макоўскага з панарамаю Горадні, дзе замак выяўлены вельмі схематычна.
«Праект купалу Бачкова высмактаны з пальца, – лічыць кандыдат гістарычных навук, даследчык фартыфікацыяў Мікола Волкаў, – Гэта проста шарык, зроблены не паводле гістарычных дадзеных, а паводле фантазіяў пра ідэальныя, на думку аўтара, прапорцыі. Варта дадаць, што ў Беларусі проста няма адмыслоўцаў ад архітэктуры, якія б займаліся тагачаснымі купаламі».
Але такія спецыялісты ёсць у Польшчы. Гісторык мастацтва Марыя Каламайская прапанавала Зыгмунту Люневічу (Zygmunt Łuniewicz) далучыцца да працы над аднаўленнем замку. Зыгмунт Луневіч – вядомы адмысловец, які напісаў доктарскую працу менавіта аб купалах. Луневіч зрабіў свой эскіз на падставе аналагаў, пралічыўшы скажэнні, якія мог дапусціць Макоўскі як мастак, аўтар гравюры.
«Нашы чыноўнікі прынялі гэты варыянт, прапанаваны палякамі, нават падзякавалі, – працягвае Волкаў. – У выніку – прыйшлі да даволі дзіўнага кампрамісу: зрабілі нешта сярэдняе паміж фантастычным варыянтам Бачкова і навуковым варыянтам, прапанаваным палякамі. Атрымаўся гібрыд… Той самы шарык, але больш прыплюснуты і крыху меншы».
Паводле Волкава, пытанне з купалам не самае крытычнае ў гісторыі з аднаўленнем замку. Калі, напрыклад, усё ж знойдуцца праекты замку часоў Баторыя і будзе прынятае рашэнне перарабіць купал паводле іх, вялікай бяды не будзе. Гэта пытанне грошай. Разам з тым, іншыя элементы, напрыклад, масіўная камяніца з цэглы і бетону – гэта сур’ёзна і надоўга.
Архітэктар Бачкоў аднойчы ўжо трапляў у падобную непрыемную гісторыю. Займаючыся рэканструкцыяй палацу ў Нясвіжы, прапанаваў купал вежы – у форме цыбуліны, арыентуючыся, як і цяпер, на гравюру. Праз пэўны час гісторыкі давялі, што такі купал проста не мог існаваць. У выніку вежу давялося перарабляць за дзяржаўны кошт.
АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu