Як распавёў адзін з прадстаўнікоў каманды, якая займалася адкрыццём «H&M» у Беларусі, гэта сусветная практыка.
Сёння, 28 верасня, у Менску адчынілася першая крама «H&M». Хтосьці з пакупнікоў нават ночыў перад дзвярыма, каб апынуцца ў ліку першых і атрымаць грашовыя сертыфікаты на пакупкі – першым тром уручылі сертыфікаты на 300, 250 і 200 рублёў і яшчэ тысяча першых наведвальнікаў атрымала сертыфікаты на 30 рублёў. Перад самым адкрыццём у чарзе стаялі больш за 2 тысячы чалавек! Але пры гэтым шмат хто адзначаў: ніякай цісканіны не было, усё арганізавана вельмі прыстойна.
Як высветліў Belsat.eu, адбылося гэта таксама дзякуючы таму, што ахоўнікаў кансультавалі спецыялісты з іншых краінаў – са Швецыі і Расеі.
– Адкрыццё [крамы «H&M». – Belsat.eu] у кожнай новай краіне кантралюе нехта з-за мяжы. Напрыклад Украіну кансультавалі спецыялісты з Аўстрыі. Гэта глабальны брэнд і таму ўсё павінна быць на вышэйшым узроўні, – распавёў Belsat.eu адзін з прадстаўнікоў каманды, якая займалася адкрыццём «H&M» у Беларусі.
Пазбегнуць цісканіны атрымалася ў тым ліку і праз прафесійную працу аховы. Шведскія і расейскія ахоўнікі праводзілі інструктаж для беларусаў і паказвалі, што нават вялікая чарга можа быць спакойнай і бяспечнай.
– Але боінг аховы, канешне, не везлі, – дадаў суразмоўца.
Ксенія Тарасевіч, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu