МЗС распавёў, што рабіць беларусам, каб трапіць у Ізраіль


Міністэрства замежных справаў Беларусі заяўляе пра рост колькасці беларускіх грамадзянаў, якім адмаўляюць ва ўездзе ў Ізраіль. У сувязі з гэтым ведамства распрацавала парады, якіх варта прытрымлівацца падчас візітаў у краіну.

Падчас турыстычнай, паломніцкай, службовай, гасцявой паездкі ці паездкі на лячэнне неабходна мець зваротны авіябілет ды медычную страхоўку на ўвесь час візіту.

Падчас гасцявой паездкі неабходна мець запрашэнне прымаючых асобаў, іх адрас і тэлефоны, ксеракопію пасведчання асобы. Пры спрэчных сітуацыях трэба прасіць працаўнікоў іміграцыйнай службы звязацца з гэтымі асобамі, каб пацвердзіць іх гатовасць прыняць гасцей.

Падчас турыстычнай і паломніцкай паездкі неабходна мець дамову з турыстычнай кампаніяй, зваротны білет, праграму туру і аплачаную бронь гасцініцы ці пацверджанне пражывання ў манастырах, падчас паездкі на лячэнне – адпаведны ліст з ізраільскай медычнай установы.

Падчас усіх паездак неабходна мець дастатковую суму наяўных грошаў або выпіску з карт-рахунку і крэдытную карту.

Неабходна ўстрымлівацца ад паездак на запрашэнне грамадзянаў Беларусі, якія не маюць ізраільскага грамадзянства ці знаходзяцца ў краіне з рабочай візай, а таксама падчас разгляду пададзеных дакументаў для рэпатрыяцыі ў Ізраіль.

Падчас паездкі да мужа ці жонкі – грамадзяніна Ізраіля неабходна мець запрашэнне, аформленае мужам ці жонкай у МУС Ізраіля.

Варта не выдаляць кантакты або перапіску на мабільным тэлефоне ды быць гатовым растлумачыць паходжанне ізраільскага нумары ў тэлефоне.

Ад сёння ў Ізраіль – без візы

Пры размове з працаўнікамі іміграцыйных службаў трэба паводзіць сябе спакойна і ўпэўнена, на ўсе пытанні адказваць праўдзіва і з годнасцю.

Калі вам усё ж адмовяць ва ўездзе, неабходна папрасіць дэталёва растлумачыць прычыны адмовы на зразумелай вам мове, парадак абскарджвання рашэння, папрасіць звязацца з роднымі, каб папярэдзіць іх пра вяртанне.

Нагадаем, што з 26 траўня 2015 года паміж Беларуссю і Ізраілем дзейнічае бязвізавы рэжым.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары