МЗС Расеі назваў забойства іранскага генерала амерыканскімі вайскоўцамі «парушэннем міжнароднага права»


Трэцяга студзеня кіраўнік расейскага вонкавапалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў правеў тэлефонныя перамовы з дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампеа.

У размове з прадстаўніком ЗША Лаўроў назваў забойства іранскага генерала Касэма Сулеймані грубым парушэннем нормаў міжнароднага права, паведамляе МЗС Расеі.

«Абмяркоўвалася сітуацыя ў звязку з забойствам амерыканскімі вайскоўцамі камандзіра спецпадраздзялення Корпуса Вартавых Ісламскай рэвалюцыі… Лаўроў падкрэсліў, што мэтанакіраваныя акцыі дзяржавы – члена ААН па ліквідацыі афіцыйных асобаў іншай дзяржавы – члена ААН, на тэрыторыі трэцяй суверэннай дзяржавы ў таямніцы ад яго, груба парушаюць прынцыпы міжнароднага права і заслугоўваюць асуджэння», – гаворыцца ў паведамленні МЗС.



Расейскі міністр таксама заклікаў Вашынгтон адмовіцца ад незаконных сілавых метадаў і вырашаць праблемы за сталом перамоваў.

Трэцяга студзеня амерыканскія сілавікі забілі ў Багдадзе генерал-лейтэнанта Касэма Сулеймані, камандзіра спецпадраздзялення «Аль-Кудс» [вайсковае падраздзяленне спецыяльнага прызначэння, якое займаецца спецаперацыямі паза межамі Ірану]. «Аль-Кудс» уваходзіць у склад Корпуса Вартавых Ісламскай рэвалюцыі.

Корпус Вартавых Ісламскай рэвалюцыі – элітнае іранскае ваенна-палітычнае фармаванне, створанае ў 1979 годзе з ваенізаваных атрадаў ісламскіх рэвалюцыйных камітэтаў, прыхільнікаў лідара іранскіх шыітаў аяталы Хамэйні. Прымала актыўны ўдзел у ірана-іракскай вайне, а таксама ў стварэнні арганізацыі «Хезбала».

Ваенна-паветраныя сілы ЗША забілі Касэма Сулеймані ў адказ на абстрэл іракскай вайсковай базы баевікамі «Катаіб Хезбала», якіх імаверна падтрымлівае Іран.

27 снежня ў выніку абстрэлу іракскай вайсковай базы загінуў амерыканскі бізнесмен, некалькі грамадзянаў ЗША і Іраку былі параненыя.

29 снежня ЗША адказалі на гэтыя дзеянні абстрэлам пазіцыяў «Катаіб Хезбала» на тэрыторыі Іраку і Сірыі, у выніку якіх загінулі 24 асобы. Праз два дні, 31 снежня, прыхільнікі «Катаіб Хезбала» у Багдадзе арганізавалі марш да амерыканскай амбасады і на содні заблакавалі працу дыппрадстаўніцтва. Дэманстранты развесілі на будынку шыіцкія сцягі і распісалі сцены антыамерыканскімі лозунгамі. Доналд Трамп абвінаваціў у нападзе на амбасаду Іран.

Раніцай 3 студзеня некалькі аўтамабіляў, у якіх Сулеймані, а таксама некалькі высокапастаўленых камандзіраў «Катаіб Хезбала» ехалі з багдадскага аэрапорту, былі абстраляныя з паветра.

3 студзеня 2020 года. Тэгеран. На фота ўдзельнікі антыамерыканскага мітынгу паляць сцяг ЗША, Вялікай Брытаніі і Ізраіля.
Фота: WANA NEWS AGENCY/Reuters

Неўзабаве ў Twitter’ы прэзідэнта ЗША Доналда Трампа была апублікаваная выява амерыканскага сцягу без усялякіх каментароў, а пазней з’явілася пацверджанне інфармацыі аб смерці іранскага генерала.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў