«Мытны кодэкс – бясконцае поле для канфліктаў». Інтэрв'ю з палітолагам Валерыяй Касцюговай


Новыя правілы эканамічнай гульні паміж Беларуссю і Расеяй уступаюць у дзеянне сёлета. Гаворка ідзе пра мытную дамову. Якія спрэчкі паміж Менскам і Масквой будзе выклікаць гэтае пагадненне, а таксама чаму Расея ўзмацняе сваю мяжу з Беларуссю.

Пра перспектыву беларуска-расейскіх адносінаў – у інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з палітолагам Валерыяй Касцюговай.

– Адным з пунктаў, вакол якіх можа будавацца напружанасць у адносінах Беларусі і Расеі з’яўляецца пытанне ўсталявання мяжы. Расея ўжо ўздымала некалькі разоў пытанне пра ўсталяванне памежных пунктаў і тлумачыла гэта між іншым Чэмпіянатам Свету па футболе, магчымасцю пранікнення нават наркотыкаў на расейскі рынак з тэрыторыі Беларусі, хаця ўсе ведаюць, што адбываецца наадварот. На Вашую думку, як далёка можа зайсці гэты ціск, і якія інструменты можа ўжыць Расея?

– Што вы разумееце пад «ціскам» у дадзеным выпадку?

– Наколькі мы разумеем, галоўная задача Расеі – усталяванне адзінай візавай прасторы. Якія інструменты яны гатовыя задзейнічаць, каб гэтага дамагчыся?

– Я бы падзяліла гэтыя пытанні. Я не лічу, што ўзвядзенне мяжы – гэта спосаб атрымаць адзіны візавы рэжым. Гэта не так. Адзіны візавы рэжым – гэта адно пытанне. Ўстанаўленне межаў – зусім іншае. Яшчэ гады два-тры таму было відавочна, што Расея не мае ніякіх іншых шляхоў, акрамя ўстанаўлення дзяржаўнай мяжы і з намі таксама. Цягам апошніх дванаццаці-пятнаццаці гадоў Расейская Федэрацыя, не маючы да гэтага мяжы з постсавецкімі краінамі, паступова, павольна, метадычна ўстанавіла межы з усімі краінамі, што яе атачаюць. Пачынаючы, натуральна, з краінаў Еўразвязу – краінаў Балтыі, але зараз ужо ўзведзеныя і паўднёвыя межы, у тым ліку і з Казахстанам, які ўваходзіць у ЕАЭС , і з Украінай. Застаўся толькі фактычна маленькі разрыў на нашай мяжы. Праграма ўладкавання межаў з Расейскай Федэрацыяй – гэта вельмі буйны дзяржпраект з велізарным фінансаваннем, з вялізнымі ўліваннямі. Было бы дзіўна чакаць, што на нашай мяжы чамусьці ён не будзе працаваць. Не, натуральна, гэта будзе адбывацца, і зусім не таму, што ў нас розная візавая палітыка ці яшчэ з нейкіх іншых прычынаў. Я лічу наадварот: прэтэнзіі па візавай палітыцы выказваюць менавіта дзеля таго, каб атрымаць фінансаванне на ўладкаванне беларускай мяжы.

– Калі возьмем пытанне міжнародных адносінаў, то мы пабачылі мноства падобных прыкладаў, калі Расея імкнулася нейкім чынам пагоршыць адносіны паміж Беларуссю і Захадам, або Беларуссю і Украінай. Ці, на Вашую думку, падобныя рэчы працягнуцца? І якія яшчэ інструменты Расея можа выкарыстаць, якім чынам яна можа згуляць на пагаршэнне адносінаў паміж Беларуссю і Украінай? Летась мы пабачылі ўвесь набор, пачынаючы ад простых заяваў і інфармацыйных фэйкаў, заканчваючы выкраданнем асобы з тэрыторыі іншай дзяржавы.

– Мне падаецца, для Расеі надзвычай важна, каб нашыя адносіны з Украінай былі як мага менш сяброўскімі, давяральнымі. І, у прынцыпе, Украіна і сама з розных унутраных прычынаў ідзе на повадзе розных вострых эмацыйных рэакцыяў у вонкавай палітыцы. Яна ўжо мае сур’ёзныя канфліктныя пытанні шмат да каго са сваіх суседзяў. Беларускі бок, як мы бачылі, таксама не ў стане рэагаваць досыць хутка, каб апярэджваць развіццё канфлікту. Бо зразумела, што нешта адбылося, і тут заўсёды ёсць нейкія содні-двое, калі можна паспець аднавіць давер, давесці, што гэта не злы намер. Так, магчыма, што нашыя адносіны з Украінай будуць пагаршацца, хоць, трэба сказаць, абʼектыўная зацікаўленасць у супрацы вельмі высокая, і на вышэйшым дзяржаўным узроўні гэтыя пытанні неяк вырашаюцца.

– Калі вярнуцца да пытання з Расеяй, тут яшчэ адная вельмі цікавая рэч. На Вашую думку, якая рыторыка і якія памкненні ў вонкавай палітыцы Расеі будуць больш уплывовымі? Ці яны будуць імкнуцца ў чарговы раз запусціць новы віток эскалацыі, агрэсіі да Захаду – і гэта агрэсіўная рыторыка? Або наадварот, пераможа рыторыка прымірэнчая, што мы ўсё ж даб’емся прызнання, і гэтак далей?

– Цяжка сказаць. Я не гатовая цяпер гэта прагназаваць, я проста нагадаю, што казала крыху раней: тыя пачуцці крыўды, нянавісці, несправядлівасці, якія ўвесь час у адносінах да рускіх генеруе расейскі тэлевізар, будуць патрабаваць выхаду. Але гэта не абавязкова, што іх можна і трэба каналізаваць толькі праз вонкавую палітыку. Бо, у рэшце рэшт, могуць абраць нейкія ахвяры, групы ўнутры Расеі, на якіх гэтая нянавісць будзе накіраваная. Гэта могуць быць гастарбайтары, напрыклад, нейкія іншыя лакалізаваныя там групы па нацыянальных прыкметах, або месцы пражывання, або сацыяльныя групы – бо гэта дастаткова інструментальна. Мне падаецца, гэта больш будзе залежаць ад таго, як будзе праходзіць кампанія Навальнага, якія менавіта групы стануць ахвярамі, ці гэта будзе вонкавая палітыка.

– Вельмі цікава, ці працягнецца вельмі агрэсіўная расейская інфармацыйная палітыка ў дачыненні да Беларусі?

– Таксама, як і цяпер, гэта будуць нейкія кропкавыя правакацыі, потым яны ўсе будуць скіраваныя, як і цяпер, на тое, каб знізіць давер да Беларусі з боку Украіны і краінаў ЕЗ. Не тое, каб гэта быў нейкі план, хутчэй тактычнае рэагаванне, і там шмат дэманстрацыі мускулаў, не больш за тое. Я, напрыклад, памятаю, што пачынае дзейнічаць мытны кодэкс. З гэтай нагоды ў нас будзе маса канфліктаў

– Ці Вы можаце, калі ласка, тады патлумачыць, якую пазіцыю будзе займаць тут Беларусь, і наколькі ў нашага ўраду ёсць жаданне працягваць інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй.

– Мы падпісалі Мытны кодэкс – гэта ўжо не пытанне жадання. Ён уступіць у моц, і спрэчкі будуць, як і ўсе нашыя спрэчкі, наконт спосабу інтэрпрэтацыі ўжо запісаных пагадненняў. Там столькі цудоўных магчымасцяў для Расеі называць тавары, вырабленыя ў Беларусі, «не вырабленымі ў ЕАЭС». У нас таксама, безумоўна, будуць прэтэнзіі, таму што беларускія вытворцы ўсё менш і менш канкурэнтаздольныя ў адносінах да іншых вытворцаў ЕАЭС, у тым ліку да расейскіх. У Расеі развіваюцца замяшчальныя вытворчасці і, безумоўна, у іх будзе лепшы мытны рэжым, чым у нашых для атрымання камплектуючых і сыравіны. Гэта бясконцае поле для канфліктаў.

Ці Вы думаеце, што Беларусь будзе ўціснутая ў такія рамкі, і адчуе на сябе такі негатыўны ўплыў? Бо ў нас атрымліваецца раздзяліць негатыў, што скіраваны на нас, з тым жа самым Казахстанам. Мы ўжо бачылі выпадкі, калі ў нас атрымлівалася дамаўляцца.

– Менавіта так. Важны інструмент для спрэчак з Расеяй па ўсіх гэтых сапраўды важных пытаннях – гэта пэўная каардынацыя дзеянняў з іншымі краінамі ЕАЭС, якія таксама зазнаюць і будуць зазнаваць розныя абмежавальныя меры з боку расейскіх лобі.

Інтэрв’ю паказалі 12 студзеня 2018 г. У праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою.

Таксама ў выданні:

«Беларуска-польскую перазагрузку вельмі падтрымалі ЗША». Міхал Патоцкі ў інтэрв’ю пра змены ў польскім урадзе

Чаму IT-адмыслоўцы выязджаюць з Беларусі і чаму застаюцца?

185 млрд долараў на польскае войска. Што на гэта Пуцін і Лукашэнка?

Стужка навінаў