«Мы шукаем швачак!» Чым жыве магілёўская каманда «ByCovid19»?


Ахоўныя касцюмы, бахілы вырабляюць нават тыя, хто ніколі раней нічога не шыў.

– Сёння будуць перадачы. Прама зараз ёсць неабходнасць ехаць у Дрыбін, Чавусы Слаўгарад, – з такога паведамлення пачынаецца дзень у чаце валанцёраў Магілёўшчыны. У каго ёсць час і жаданне дапамагчы – адклікаецца і едзе.

Дзеля гэтага і ствараўся тэлеграм-чат «Магілёў валанцёры»: вырабляць і дастаўляць сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў Магілёўскай вобласці. Усё робіцца на валанцёрскіх пачатках і цалкам добраахвотна. Грошы збіраюцца на адпаведным рахунку толькі для набыцця матэрыялаў, а працуюць людзі штодзень бясплатна.

Як залатая рыбка – шые і да 3, і да 5 раніцы, калі патрэбна

Валанцёры выконваюць выключна замовы, якія паступаюць ад медыкаў. Ніякай самадзейнасці. А замовы прыходзяць наступнага парадку: 20 камбінезонаў і 50 пар бахілаў. І ўсё: трэба садзіцца і адшываць. Замаўляюць як больніцы, так і паліклінікі Магілёва і вобласці.

– Сярод людзей, якія адшываюць нам замовы, ёсць і бухгалтары, і рыелтары, і прадпрымальнікі. То бок большасць – гэта не прафесійныя швачкі, а людзі самых розных прафесій. Ёсць у мяне дзяўчына – трэнер па лёгкай атлетыцы, яна ў адпачынку і пагадзілася шыць гэтыя касцюмы. Як залатая рыбка – сядзіць і да 3, і да 5 раніцы, калі патрэбна, – кажа адна з каардынатарак Магілёўскай каманды валанцёраў Ірына.

Ірына, каардынатар
Старэйшая сястра рэанімацыі Лаўсанаўскай больніцы ў Магілёве прымае бахілы ад валанцёраў

Ірына сама прадпрымальніца, магчыма таму ёй лёгка выконваць арганізатарскую функцыю. А яшчэ ў яе сям’і шмат медыкаў:

– Родная сястра майго мужа – лекар, мая родная сястра – лекар. Таксама сярод маіх сяброў шмат лекараў. Я не гатовая губляць людзей, якіх я даўно і добра ведаю. Я адчуваю, што проста павінна дапамагчы ўсім, чым змагу. Забіраю і развожу крой, раблю прапановы на ўзроўні ідэй. На мінулым тыдні мы шукалі спанбонд для пашыву камбінезонаў і я знайшла, дзе ён ёсць і дамовілася на выгадныя кошты, – кажа Ірына.

Пашыў касцюмаў
Камбінезон

Калі параўноўваць з Менскам ці Віцебскам, то ў Магілёве не так шмат валанцёраў. Але і нагрузка на лекараў у Магілёўскай вобласці не такая моцная.

– Я ведаю, што ў гэтых вобласцях да валанцёраў далучыліся вернікі, а гэта вельмі вялікая колькасць людзей. У нас жа пакуль не хапае швачак і проста людзей з машынкамі, – кажа Ірына.

Раскрой

Шыць і кроіць дапамагае дачка і свякроў

І ўсё ж хатняя вытворчасць ахоўных камбінезонаў і бахілаў для медыкаў на Магілёўшчыне працуе.

– Зараз адшываюць болей за 10 чалавек. Мы вельмі запрашаем усіх, але людзі маўчаць. Адна швейная кампанія нам дапамагае кроіць тканіну і таксама ўзяла пашыў невялікай партыі камбінезонаў, – кажа іншая валанцёрка кампаніі Кацярына.

Наборы для швачак

Правізар Валянціна Крачкоўская далучыла да пашыву сродкаў абароны ўсю сям’ю:

– Я не адна, мне вельмі дапамагае дачка Ніна, яна кроіць бахілы і шые завязкі. Я прыходжу з працы і шыю. Рэальна я магу пашыць у дзень толькі 3-4 пары, каб яшчэ ўдзяліць увагу сямʼі. Дапамагае і мая свякроў Любоў Міхайлаўна. Яна зараз на самаізаляцыі, таму ёй сумна сядзець без справы. Яшчэ пагадзілася дапамагаць санітарка з нашай аптэкі, якая зараз у адпачынку. Вось такая мая невялікая каманда.

Валянціна Крачкоўская

Валянціна забірае тканіну для пашыву ў валанцёраў і пасля аддае ім гатовыя вырабы. Але можна рабіць бахілы і з любой моцнай пасцельнай бялізны, якая ёсць дома. Для пашыву камбінезонаў выкарыстоўваецца спанбонд, яго папярэдне крояць і раскладаюць іншыя валанцёры. Але сшыць касцюм цяжэй. Валянціна кажа, што асіліла толькі 5 штук і вярнулася да бахілаў.

– Я сама працую ў Лаўсанаўскай больніцы, якая зараз ператворана ў асноўны інфекцыйны шпіталь. Маё аддзяленне знаходзіцца ў так званай чыстай зоне і прывычнай працы няма. І мне сорамна адседжвацца ў чыстым кабінеціку, пакуль людзі працуюць на стрэсе і ў цяжкіх умовах. Прычым гэта ў асноўным медсёстры і санітаркі. Лекараў гэта якраз менш датычыцца. Таму шкада, калі славяць толькі іх, несправядліва. А прыемна, што ў нас таксама ёсць людзі, гатовыя ахвяраваць свой час на рэальную дапамогу, – дзеліцца Валянціна.

Любоў Міхайлаўна

Дзеці бачаць, што іх мама не застаецца абыякавай

Рамесніца і шматдзетная маці Вольга Лёгкая таксама не змагла застацца ў баку і пачала адшываць бахілы для лекараў.

– Тэхналагічна гэта не складаны працэс, усяго некалькі простых аперацый. Выкарыстоўваю непатрэбныя баваўняныя прасціны і адрэзы тканіны. Апрацоўваю зрэзы, стачваю дэталі, настрочваю завязкі. На пару бахілаў сыходзіць каля 40 хвілін, – кажа Вольга.

Вольга Лёгкая

Вольга ў свой час захаплялася канструяваннем і пашывам адзення, таму цяжкасцяў з бахіламі, вядома, не адчула. Маўляў, з гэтым справіцца любы чалавек, здольны пракласці роўны радок. Цяжкасці ў шматдзетнай мамы толькі з вольным часам, бо трэба даглядаць дзяцей.

– Дарэчы, дзеці з цікавасцю і разуменнем ставяцца да майго занятку. Яны ўсведамляюць, што сітуацыя з вірусам у свеце, краіне і нашым горадзе вельмі сурʼёзная. Дзеці бачаць, што іх мама не застаецца абыякавай, а стараецца аказаць пасільную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу. Для мяне гэта важна. Падзеі складваюцца так, што ў любы момант кожны з нас ці нашых родных і блізкіх людзей можа папоўніць каронавірусную статыстыку, таму цяпер не час адседжвацца ў баку з думкай «мая хата з краю». Свой сціплы занятак разглядаю, як яшчэ адзін спосаб абараніць тых, хто мне дарагі, – кажа Вольга.

Дачка Вольгі дапамагае з пашывам

– Лекары вельмі ўдзячныя ўсім людзям, якія дапамагаюць. Многія з іх былі здзіўлены, што такая валанцёрская дапамога ўвогуле існуе. Ад лекараў нам паступаюць і незвычайныя замовы – напрыклад, адшыць для чатырох чалавек камбінезоны вялікага памеру (70-72). І мы гэта ўжо робім, – кажа каардынатарка валанцёраў Ірына.

Магілёўская каманда валанцёраў запрашае далучацца ўсіх ахвочых, бо зараз медыкам вельмі неабходная дапамога. Праца знойдзецца для ўсіх, але перад усім неабходны швачкі і людзі з машынкамі. Калі няма магчымасці штосьці рабіць, але ёсць жаданне дапамагчы, то можна пералічыць грошы на дабрачынны рахунак – усе грошы пойдуць на набыццё матэрыялаў для стварэння сродкаў індывідуальнай абароны медыкам.

Дастаўка сродкаў індывідуальнай абароны ў больніцы

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў