Мужчына забраў джып у сяброўкі, пагражаючы ёй нажом. Міліцыя аб'явіла план «Перахоп»


У Менску і вобласці раніцай 14 чэрвеня міліцыянты з аўтаматамі выбарачна спынялі машыны. У Менскай вобласці ўвялі план «Перахоп».

«Праязджала па Нямізе і Багдановіча, міліцыянты з аўтаматамі і ў касках тармозяць некаторыя машыны ў патоку, правяраюць дакументы», – распавяла парталу «Tut.by» Алена з Менску.

Гэткія праверкі адбываюцца і на іншых вуліцах. Міліцыянты шукаюць падазраванага на машыне «Toyota Land Cruiser» чорнага колеру.

«Мужчына адпачываў з сяброўкай на дачы, а затым сабраўся з’ехаць з прыяцелем на машыне. Яго сяброўка адмовілася даць яму машыну. Пасля чаго, з яе словаў, ён пад пагрозай нажа прымусіў напісаць яе распіску аб тым, што ў яе няма прэтэнзіяў, сеў у машыну са сваім таварышам і з’ехаў», – растлумачыў прычыны праверак афіцыйны прадстаўнік Упраўлення ўнутраных справаў Менскага аблвыканкаму Сяргей Басько.

Паводле міліцыі, учынак мужчыны могуць кваліфікаваць як разбой або рабаванне. Канчатковую ацэнку ягоным дзеянням дадуць пасля затрымання і ўсталявання таго, што адбылося.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў