Міністэрства ўнутраных спраў афіцыйна пацвердзіла, што на лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага ў ходзе ператрусу была выяўленая сума ў 900 тысяч долараў.
Акрамя таго, паводле МУС, падчас вобшуку знайшлі «радыёстанцыі, фінансава-гаспадарчыя дакументы, пячаці суб’екта гаспадарання, машынку для пераліку грошай».
Апублікаванае аператыўнае відэа. На ім супрацоўнік пытаецца ў жанчыны, чый твар закрыты (імаверна, маці Ціханоўскага):
«Дык гэта вашыя грошы?». Яна адказвае «Мае грошы». Тады ён запытаў: «А дзе вы іх узялі, зарабілі?» Жанчына кажа: «Зарабляю. І сын зарабляў, і я зарабляю».
Раней каардынатар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Берасцейшчыне і адказны за яе сувязі з медыямі Аляксандр Кабанаў паведаміў, што падчас ператрусу на лецішчы Сяргея ў Гомельскім раёне знайшлі 900 тысяч долараў.
Вобшук праводзілі тройчы – тры розныя следчыя групы. Паводле Кабанава, грошы выявілі толькі з трэцяга разу і не ў тайніках, а проста сярод рэчаў у двух розных месцах у доме.
Святлана Ціханоўская адмовілася пракаментаваць сітуацыю «Белсату».
КА belsat.eu