Міжнародныя эксперты вызначылі рэчыва, якім атруцілі Скрыпалёў


Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) прыйшла да высновы, што ўлады Вялікай Брытаніі правільна вызначылі рэчыва, якім атруцілі ў Солсбэры экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію.

«Узоры, сабраныя камандай АЗХЗ, пацвярджаюць высновы Брытаніі аб прыродзе таксіну, які выкарыстоўвалі ў Солсбэры», – гаворыцца ў заяве арганізацыі.

У АЗХЗ заявілі, што сабраныя экспертамі арганізацыі ўзоры былі выключна чыстымі і амаль не ўтрымлівалі прымешак, паведамляе карэспандэнт «BBC» па пытаннях бяспекі Фрэнк Гарднер.

Назва «Навічок» у тэксце заявы АЗХЗ не згадваецца, удакладняе Гарднер, у той час як выданне «Sky News» называе рэчыва «Навічком». Таксама ў Арганізацыі па забароне хімічнай зброі не ўказалі на магчымае паходжанне рэчыва, таму што гэта не ўваходзіла ў задачы экспертаў.

АЗХЗ выпусціла яшчэ адзін, засакрэчаны даклад па тэме нападу на Скрыпалёў, які перадала ў распараджэнне ўсіх краін-сябраў арганізацыі. Расея з’яўляецца сябрам АЗХЗ.

«Назва і хімічная структура рэчыва апісаныя ў поўнай – засакрэчанай – версіі дакладу», – дадалі ў арганізацыі. З адкрытай часткай дакладу можна азнаёміцца на сайце АЗХЗ.

Рэакцыя Лондана

Кіраўнік брытанская МЗС Барыс Джонсан удакладніў, што Вялікая Брытанія папрасіла арганізацыю апублікаваць кароткую версію дакладу і падаць яе ў тым ліку і Расеі.

«З меркаванняў празрыстасці, а таксама таму што нам, у адрозненне ад Расеі, няма чаго хаваць, мы папрасілі АЗХЗ апублікаваць кароткую версію дакладу, а поўную – распаўсюдзіць сярод краін-сябраў АЗХЗ, уключаючы Расею», – заявіў Джонсан.

Кіраўнік МЗС адзначыў, што АЗХЗ праводзіла тэставанне «у чатырох незалежных лабараторыях з добрай рэпутацыяй, размешчаных у розных частках свету». Усе яны прыйшлі да адных і тых жа высноваў, адзначыў Джонсан.

«Зараз няма сумневаў у тым, якое рэчыва было выкарыстана. Няма больш і альтэрнатыўных версіяў датычна таго, хто нясе адказнасць – толькі ў Расеі быў матыў, спосаб і гісторыя [падобных дзеянняў]», – дадаў кіраўнік МЗС.

Вялікая Брытанія склікала нараду Выканаўчай рады АЗХЗ, які абмяркуе магчымыя далейшыя крокі арганізацыі. Нарада прызначаная на наступную сераду.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Валерый Мельнікаў/ РИА Новости

Стужка навінаў