Мінус Смаргонь. #10YearsChallenge у беларускай эканоміцы. Інфаграфіка


У межах #10YearsChallenge гэтым разам мы параўноўваем не здымкі, а эканоміку Беларусі – на пачатак 2009-га і 2019-га. Як змяняліся топ-7 паказнікаў беларускай эканомікі за апошнія дзесяць гадоў.

Насельніцтва

Адзін з самых важных паказнікаў эканомікі – чалавечы капітал. Паводле апошніх звестак, якія падаюць інфармацыю паводле стану на 1 кастрычніка 2018 года, у Беларусі жыве 9,477 млн чалавек. Разам з тым на пачатак 2009-га ў краіне жыло 9,514 млн чалавек. Гэткім чынам, насельніцтва Беларусі за няпоўныя дзесяць гадоў скарацілася амаль на 37 тыс. чалавек, або на такі горад, як Смаргонь.

Сярэднія заробкі

Апошнія звесткі аб намінальны сярэднім заробку ёсць паводле стану на лістапад 2018 года. Паводле іх, сярэдні беларус зарабляў 994 рублі, або 464,83 долары па курсе на 30 лістапада 2018 года. У лістападзе 2008 года намінальны сярэдні заробак у Беларусі складаў 954 891 рублі, або 442,08 долара па курсе на 30 лістапада.

У рублях заробкі беларусаў з улікам дэнамінацыі 2016 года выраслі ў 10,4 разу, а вось у доларах – толькі на 5,1 %.

Курсы долара

Што да курсу долара, то ён змяніўся з 2200 рублёў станам на 1 студзеня 2009 года да 2,1598 рубля станам на 1 студзеня 2019-га. З улікам дэнамінацыі долар за мінулыя дзесяць гадоў падаражэў у 9,82 разу.

Інфляцыя

А вось з інфляцыяй за мінулыя дзесяць гадоў стала лепш. Калі за 2008 год спажывецкія кошты ў Беларусі выраслі на 13,3 %, дык за 2018-ты – толькі 5,6 %. То бок інфляцыя знізілася больш чым удвая.

Кошт бензіну

Пры гэтым ёсць тавары, якія, хоць і падаражэлі ў рублях, у доларах наадварот патаннелі. Напрыклад, калі на пачатку 2009 года 1 літр дызельнага паліва каштаваў 2020 рублёў (92 цэнты), то на пачатку 2019-га – 1,54 рубля (0,71 цэнта). Літр бензіну АІ-92 змяніўся з 2220 рублёў (1,01 долара) да 1,43 рубля (0,66 долара), АІ-95 – з 2530 рублёў (1,15 долара) да 1,54 рубля (0,71 долара).

І гэта пры тым, што барэль нафты маркі «Brent» у свеце за гэты час падаражэў з 43,85 долара станам на 1 студзеня 2009 года да 53,8 долара станам на 1 студзеня 2019-га (цяпер больш за 62 долары).

Стаўка рэфінансавання

Шчыльна звязаная з інфляцыяй і стаўка рэфінансавання. Калі 8 студзеня 2009 года яна была ўсталяваная Нацбанкам у памеры 14 % гадавых, дык на сённяшні дзень складае толькі 10 %. То бок за 10 гадоў яна знізілася на 4 адсоткавыя пункты.

ВУП

А вось з ростам валавога ўнутранага прадукту праблемы. Калі за 2008 год ВУП Беларусі вырас ажно на 10 %, дык за 2018-ты – толькі на 3 %. То бок рост беларускай эканомікі запаволіўся больш як утрая. А ў найбліжэйшыя гады, паводле прагнозаў экспертаў, рост ВУП стане яшчэ больш марудны.

Hавiны
Мары Лукашэнкі, вага Пуціна і крамлёўскае танга Цімашэнкі: # 10yearschallenge ў палітычных мемах
2019.01.19 12:03

МГ belsat.eu

Стужка навінаў