У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі заяўляюць, што Бараўлянскі спецлясгас гатовы вярнуць уласніку дэмантаваныя ў Курапатах крыжы, калі будуць прадстаўленыя дакументы, якія сведчаць аб праве ўласнасці на іх. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала прэсавы сакратар Мінлясгасу Анастасія Дакучаева.
«У размове з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай першы намеснік міністра Валянцін Шатраўка дакладна абазначыў, што Бараўлянскі спецлясгас гатовы вярнуць крыжы ўласнікам. Адпаведна, трэба звярнуцца ў спецлясгас, прадставіць дакументы, што гэта іх уласнасць, і крыжы будуць вернутыя», – сказала Анастасія Дакучаева.
Дзе цяпер захоўваюцца крыжы, знесеныя ў Курапатах 4 красавіка, Анастасія Дакучаева не паведаміла, бо «не валодае такой інфармацыяй».
Пасля гэтай размовы карэспандэнт Свабоды звярнуўся да дырэктара Бараўлянскага спецлясгасу Аляксандра Мірановіча і спытаў, ці гатовыя яны вярнуць курапацкія крыжы ўласнікам.
«Так, як вам сказалі ў Мінлясгасе, гэтак і будзе», – сказаў Аляксандр Мірановіч.
Пры гэтым Мірановіч таксама не сказаў, дзе цяпер знаходзяцца крыжы, вывезеныя з Курапатаў.
СК belsat.eu