Грамадскія актывісты хочуць прымусіць улады вярнуць крыжы ў Курапаты


Грамадскія актывісты даб’юцца, каб улады вярнулі на месца крыжы, вырваныя з мемарыялу ў Курапатах, – заявілі актывісты пасля супольнай малітвы ля магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Ганна Шапуцька, грамадская актывістка: «Першым крокам стаў зварот да Генеральнага пракурора з мэтай спраўдзіць законнасць дзеянняў супрацоўнікаў спецлясгасу, супрацоўнікаў Менгарвыканкаму, супрацоўнікаў Менаблвыканкаму».

За абарону мемарыялу, які дзесяцігоддзі стваралі і даглядалі неабыякавыя грамадзяне, сёння маліліся каля 150-ці чалавек.

Аліна Агрыніч, настаўніца: «Тут трэба быць, трэба быць усім – незалежна ад таго, хто якой веры прытрымліваецца, хто якіх палітычных поглядаў прытрымліваецца, бо гэтае месца павінна нас усіх прымірыць».

Дыяна Мікульская, грамадская актывістка: «Тое, што адбываецца тут, тое, што робяць улады, – мы не можам не зважаць на гэта! Я лічу, што ўсе павінныя быць тут і бараніць нашае святое месца!»

Некалькімі гадзінамі раней малітоўны сход у абарону Курапатаў прайшоў і каля Свята-Духава кафедральнага сабору ў цэнтры Менску.

Алена Талстая, сустаршыня руху салідарнасці «Разам»: «Гэтая ўлада напалоханая, таму яна руйнуе крыжы, нападае на Курапаты. У гэтым я бачу праяву не сілы, а слабасці».

Айцец Вікенцій, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква: «Крыж – гэта галоўны сімвал хрысціянства, і для нас ён застанецца тым сімвалам, які абараняе хрысціянаў і беларусаў на гэтай зямлі».

Прыйсці да сабору заклікаў Мікалай Статкевіч, але самога лідара «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» амапаўцы затрымалі яшчэ да пачатку малебну.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча: «На просьбу Міколы патлумачыць прычыну затрымання, яму адказалі: »Вы заклікалі да малітвы. Супраць вас вядзецца адміністратыўны працэс».

Акрамя Статкевіча былі затрыманыя грамадскія актывісты Андрэй Шарэнда і Арцём Чарняк – паведаміў іхны паплечнік Яўген Афнагель.

У чацвер рабочыя Бараўлянскага лясгасу пад наглядам міліцыі вырвалі 70 крыжоў, пастаўленых грамадзянамі на межах урочышча Курапаты. Пасля гэтага ўрочышча пачалі абносіць агароджаю.

Ганна Шапуцька, грамадская актывістка: «Збірала на крыжы вялікая колькасць людзей. На іх сабралі пяць з паловай тысяч долараў. Гэта маёмасць вялікай колькасці людзей. Я спадзяюся, мы зробім вялікі калектыўны зварот – больш за 500 чалавек, плюс тыя, якія ставілі гэтыя крыжы. Я спадзяюся, мы выставім агульны пазоў Бараўлянскаму спецлясгасу».

Знішчэнне курапацкіх крыжоў выклікала хвалю крытыкі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Улады сэнсу сваіх дзеянняў пакуль не тлумачаць. Абаронцы Курапатаў заклікаюць прыходзіць ва ўрочышча штодня а 19-й гадзіне – памаліцца за народны мемарыял.

Аляксандр Папко, «Белсат»