Міністр абароны Літвы заклікаў ЕЗ прызнаць Расею краінай-агрэсарам


Краіны-чальцы Еўрапейскага Звязу павінны прызнаць Расейскую Федэрацыю краінай-агрэсарам, а НАТО мусіць развіваць сілы стрымлівання і абароны. Пра гэта заявіў у панядзелак міністр нацыянальнай абароны Літвы Юозас Олякас у Кіеве падчас адкрыцця 15-й Міжнароднай тыдня «НАТО пасля Ўэльскага саміту».

«Больш за год Украіна падвяргаецца агрэсіі, і краіна ваюе не толькі за сваю свабоду і незалежнасць, але і за бяспеку ўсёй Еўропы… Я перакананы, што мы павінны змяніць спосаб узаемадзеяння з РФ – трэба ўспрымаць яе як агрэсара. Еўропа павінна стаяць на адзінай пазіцыі, інакш РФ працягне сваю гвалтоўную палітыку», – сказаў Олякас у панядзелак 20 красавіка, інфармуе daily.com.ua.

«Расея ўжывае рэгулярныя часці Узброеных сіл на тэрыторыі чужой краіны… НАТО павінна развіваць сілы стрымлівання і абароны», – заявіў ён, адзначыўшы таксама, што анексія Крыму была «натуральным працягам імперыялістычных паводзін Расеі».

Олякас таксама выказаў меркаванне, што афіцыйная Масква шмат спекулюе на сваёй эканамічнай моцы і ў гэтым кантэксце міністр падкрэсліў важнасць ужывання санкцый у дачыненні да РФ.

Акрамя таго, Паўночнаатлантычны альянс гатовы дапамагчы афіцыйнаму Кіеву ў правядзенні рэформы абароннай сферы, дадаў Олякас.

«НАТО гатова прадставіць Украіне дапамогу ў рэформах. І Літва заўсёды гатова аказаць такое падтрыманне, мы заўсёды дапамагалі ў сферы ваеннай і медычнай падрыхтоўкі, садзейнічалі стварэнню траставага фонду. Літва таксама мае намер кансультаваць Украіну на шляху ваеннай рэформы», – сказаў літоўскі міністр.

Ён адзначыў, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца падчас запланаванай сустрэчы з міністрам абароны Украіны Сцяпанам Палтаракам.

МЯ, паводле daily.com.ua

Стужка навінаў